CA / 2020 / Чорны ўваход у музей — для этнаграфіі. З гісторыі “няпрофільнай” музейнаэтнаграфічнай работы лоеўскага Музея бітвы за Днепр

Ізноўку 17 чэрвеня —
ізноўку дзень народзінаў
Міколы Міклухі-Маклая…
 
Чорны ўваход у музей — для этнаграфіі.
З гісторыі “няпрофільнай” музейнаэтнаграфічнай работы лоеўскага Музея бітвы за Днепр
 
Генадзь Сівохін
 
(Сівохін, Г.А. Чорны ўваход у музей — для этнаграфіі. З гісторыі “няпрофільнай” музейнаэтнаграфічнай работы лоеўскага Музея бітвы за Днепр / Г.А. Сівохін [Электронны рэсурс] // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/51129. — Дата доступу: 14.07.2020 )
 

Падставай да напісання артыкула стала экспанаванне ўлетку 2020 года цэнтрам дакументацыі культурнай спадчыны лоеўскага Музея бітвы за Днепр навукова-даследчага выставачнага праекта “Этнаграфія /не толькі/ ў лічбе. Смартфон: нататнік, дыктафон, камера…” да Міжнароднага дня этнографа,  падрыхтаванага па матэрыялах палявых экспедыцый музея.

Аналізуючы і адбіраючы сабраныя падчас музейных экспедыцый матэрыял — часцей за ўсё гэта былі аднадзённыя мініэкспедыцыі, —стала зразумела, што палявая работа сённяшняга этнографа даволі моцна адрозніваецца ад тэй, якую рабілі яго/яе калегі з каляжанкамі яшчэ не так даўна.

Сёння не трэба цягаць з сабой вялізны магнітафон з камплектам запасных акумулятараў — каб не “прыкладна” запісваць у чарговы зашмальцаваны ў падарожжах нататнік аповеды мілых бабулек і дзядулек-інфармантаў, а ўжо пазней камеральна спакойна і няспешна транскрыбаваць увесь аповед слова-ў-слова. Сёння варта мець самы просты смартфон з сабой у кішэні, каб пасля зняць “перакінуты” на камп’ютар аўдыёзапіс. Хаця паўарбанк ўсё-такі лепш мець у кішэні…   

Сёння не трэба марыць завесці сяброўства з кіношнікамі-дакументалістамі і заахвоціць іх зняць стужку менавіта пра герояў тваіх экспедыцый. Мець у CV запіс пра стужку студыі “Летапіс”, знятую па слядох тваіх акадэмічных вандровак — што магло быць большай асалодай для ўласнага ego яшчэ гадкоў дваццаць таму… І тут на дапамогу таксама прыходзіць той самы просты смартфон, на які апрача аўдыё можна ж запісаць і відэа з інтэрв’ю. А пасля — самому змантаваць фільм на сваім старэнькім лаптопе…

І вялізны фотаапарат “Зенит–ЕТ” са зменнымі аб’ектывамі, кучай пушачак са стужкамі “Свема–64” і бліскавіцай з батарэйкамі да яе — у чорным скураным рундуку, які важыць больш, чым сама апаратура, таксама не трэба цягаць. Што можа быць прасцей за фотаздымкі, зробленыя на смартфоне…

Купіў/-ла новы смартфон — самы час заняцца візуальнай антрапалогіяй! Цяпер кожны/-ая сам/-а — без дапамогі верных санчаў-пансаў можа здзейсніць поўны цыкл палявых і камеральных даследаванняў. Праўда, удвох усё адно зручней весці размову… Таму пішпара дагэтуль застаецца асноўнай баявой адзінкай палявых этнографаў. Так і лепш, і прасцей, і больш правільна, і больш лоўка, хаця ў наш дыгітальны век ужо зусім і не абавязкова.

Больш за тое, цяпер смартфон — гэта і мапа, і план, і трэкінг ўсяго палявога маршруту, і дакладныя маркі з часам-датай і  джыпіэсамі для аўдыё‑відэа‑фота файлаў, а, значыцца, і для саміх бабуляк-дзядуляк, якіх этнографы знаходзяць на сваім палявым паляванні.

Але ж заўжды застаецца і тая недыгітальная частка работы, якую ніводны самы прасунуты смартфон не дапаможа зрабіць. Гэта сама камунікацыя этнографаў-даследчыкаў з інфармантамі — стасункі чалавека з чалавекам.

Дый татальная дыгіталізацыі не можа замяніць класічнай музейнай этнаграфіі, калі з вандровак мы прыцягваем не толькі ўспаміны пра цудоўных людзей, у якіх бралі інтэрв’ю, але і нейкія артэфакты, якія тыя людзі нам аддалі. І, галоўнае, памяць пра тых людзёў…

Менавіта таму гэты выставачны праект да 17 чэрвеня — Міжнароднага дня этнографа, — і атрымаў назву “Этнаграфія /не толькі/ ў лічбе. Смартфон: нататнік, дыктафон, камера…”.

Справа ў тым, што сёння беларускія музеі знаходзяцца ў стане татальнага заняпаду і навуковы складнік іх — у тым ліку і этнаграфічных даследаванняў, — работы актыўна вымяшчаецца. Большасць музеяў нават фармальна пазбаўлены статуса навукова-даследчых устаноў, а асноўныя кірункі іх дзейнасці як квазі-навуковых арганізацый накіраваныя выключна на фізічнае захаванне культурных артэфактаў.

Аднак музейная дзейнасць не ўяўляецца магчымай без навуковай работы. Яна мае грунтавацца на прынцыпах навуковага даследавання, а яе асноўная функцыя мае вызначацца выкарыстаннем навуковага метаду. Даследчык/-ца падчас не можа проста фармальна зафіксаваць пэўны элемент культурнай спадчыны, — пры тым як матэрыяльнай, гэтак і нематэрыяльнай, — не падвергнуўшы яго адмысловай інтэрпрэтацыі, бо складнік гэтага элемента належыць да ліку “дыяганальных” тэрмінаў, якія скрыжоўваюць розныя дысцыплінарныя палі, у выніку чаго неабходнай і нават непазбежнай становіцца музеефікацыя інтэлектуальнай гісторыі. Такім чынам інтэрпрэтацыйнае асэнсаванне навуковага складніку культурнай спадчыны становіцца больш, чым проста важным, бо яно супраціўляецца гістарычнаму/антрапалагічнаму асэнсаванню.

Вярнуць ці ўвесці навуковы складнік работы ў музейны дыскурс мажліва не толькі праз фармальнае вывучэнне і інтэрпрэтацыю артэфактаў, што падаецца ўжо традыцыйным тропам да навуковай работы ў музеі. Працэдуру інкарпарацыі навуковасці ў музейны дыскурс мажліва зрабіць самымі разнастайнымі сродкамі.

Так, да музейнай этнаграфіі/антрапалогіі гістарычна сфарміраваўся падыход выключна як да сродку рэ-/прэзентацыі традыцыйнай руральнай культуры, у прыкладзе з Беларуссю — перад усім гэта экспанаванне здабыткаў традыцыйнай матэрыяльнай культуры канца ХІХ – пачатку альбо, максімум, сярэдзіны ХХ ст.

І гэта не гледзячы на тое, што сярод іншага менавіта праз прагу да калекцыянавання этнаграфічнага матэрыялу — здабыткаў, прывезеных з вандровак і экспедыцый да культурна і/альбо геаграфічна далёкіх тубыльцаў, — і іх далейшай музеефікацыі і паўстала сучасная сацыяльная і культурная антрапалогія як самастойная галіна навукі: “Сувязь антрапалогіі з музеямі паўплывала на яе ўласнае развіццё ў канцы XIX – пачатку XX ст. … Музеі паўплывалі на культурную антрапалогію ў двух аспектах. Паколькі ў музеях выстаўляюцца толькі матэрыяльныя экспанаты, роля матэрыяльнай культуры ў развіцці чалавецтва прасочваецца больш выразна. 3 іншага боку, арыентацыя на музеі падштурхоўвала антраполагаў класіфікаваць свае матэрыялы паводле канонаў прыродазнаўчай гісторыі (як камяні ці матылёў) і менш займацца дынамічнымі аспектамі культуры” [3, с. 32].

Што праўда, не магчыма і не адзначыць негатыўны бок уплыву музеальнага падыходу на саму антрапалогію як на акадэмічную дысцыпліну. У выніку такой музеефікацыі яе чалавечае жыццё ва ўсёй сваёй разнастайнасці стала разглядацца больш як статычны аб’ект для назірання і даследавання, і далейшай яго рэпрэзентацыі праз набор канкрэтных артэфактаў.

Лоеўскі Музей ад самага пачатку задумваўся як цэнтра дакументацыі культурнай спадчыны і адначасова як цэнтр палявой этнаграфічнай работы. Нават калі такіх словаў у тыя часы і не выкарыстоўвалі, па сутнасці менавіта на гэтай рабоце грунтавалася ва ўжо далёкія 1950–70‑я гады дзейнасць купкі рамантычных ідэалістаў — Міхася Шарэпы, Івана Ярмакова, Алеся Кукары і інш., — якія арганізавалі і ўзначалілі мясцовы краязнаўчы рух і стварылі школьны музейны пакой, а пасля на яго базе —  пошукавы клуб “Патірыёт”. Яны ж сабралі і вялікую цікавую калекцыю артэфактаў, якая лягла ў аснову спачатку грамадскага музея цяперашняй Лоеўскай сярэдняй школы № 2, вакол якога і сабраліся энтузіясты, а пасля — і Музея бітвы за Днепр [1; 5]: краязнаўцы сабралі калекцыю школьнага музея, якой бы маглі пазайздросціць шмат якія дзяржаўныя прафесійныя музеі. Тут былі не толькі сведчанні Другой сусветнай вайны і Бітвы за Днепр ў 1943 годзе, але і гісторыі роднага краю — маўклівыя артэфакты красамоўна распавядалі пра вайсковыя падзеі казацкай вайны XVII стагоддзя, калі ў Бітве пад Лоевам войскі Рэчы Паспалітай баранілі места ад агрэсіі войскаў Багдана Хмяльніцкага. Расказвалі тыя артэфакты і пра старажытнейшыя старонкі нашай гісторыі праз археалагічныя экспанаты, і пра больш блізкія да нас часы, дэманструючы побыт простых месцічаў і сялян Лоеўшчыны. Значную частку работы па зборы краязнаўчага матэрыялу для стварэння школьнага музею балы праведзеная ў рамках дзейнасці клуба “Патрыёт”, арганізаванага ў 1966–67-х гадах [1].

А ўжо ў 1983 г. у будынку, дзе цяпер размешчаны Музей бітвы за Днепр, на грамадскіх пачатках адкрыўся музей “Гісторыя бітвы за Днепр” са статусам пакоя баявой і працоўнай славы пры раённым доме культуры [7, арк. 6; 8, арк. 12]. Музейны пакой пры доме культуры хаця і адсылаў сваёй назвай да падзей 1943 года, аднак у экспазіцыі максімальна прэзентаваў гісторыю Лоеўшчыны: тут дэманстраваліся і археалагічныя артэфакты, і зброя часоў казацкага паўстання сярэдзіны XVII ст., прэзентавалася і больш блізкая гісторыя — і ХІХ, і ХХ стст. Шмат рэчаў было сабранае кіраўнікамі музея – лоеўскімі педагогамі разам са школьнікамі і вучнямі лоеўскай педвучэльні ў экспедыцыях па раёне.

Для развіцця музейнай справы неабходна было надаць установе іншы — больш “высокі” статус. І намаганнямі Івана Ярмакова тады ж, 17 кастрычніка 1983 года, ЦК КПБ прыняло рашэнне аб утварэнні на базе музейнага пакоя “сапраўднага” музея. У наступным годзе загадам Міністэрства культуры БССР ад 7 жніўня 1984 года № 141 у рамках падрыхтоўкі да азнаменавання 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне было прынятае рашэнне, а 9 мая 1985 года у г.п. Лоеве быў адкрыты філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — Музей бітвы за Днепр [14].

Аднак, як ні дзіўна, наданне афіцыйнага статусу не вельмі паспрыяла развіццю музейнай даследчай этнаграфічнай работы. Музейная этнаграфія больш не была ў прыярытэтах [25].

Архіўная даследчая работа па вывучэнню гісторыі Лоева працягвалася, але збор артэфактаў быў “замаруднены”. А сама краязнаўчая тэма ў экспазіцыі музею не была прадстаўленая наогул. Больш за тое, у экспазіцыі нават не быў адбіты побыт лаяўцоў часоў Другой сусветнай вайны, не паказанае, як і чым яны жылі, як выжывалі, як адраджалі жыццё роднай старонкі ў паваенны час. У вітрынах і на стэлажах прысутнічаў толькі пампезны наратыў пра веліч і мужнасць савецкіх ваяроў, перад усім “герояў і генералаў”…

Хаця, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што краязнаўчая этнаграфічная работа, хаця і не музейнага профілю, прысутнічала ў рабоце ўстановы як мінімум з пачатку 1990-х — у працоўных планах пастаянна стаяў пункт па правядзенню кансультавання навучэнцаў і школьнікаў Лоеўскага раёна пры напісанні тымі рэфератаў па тэме гісторыі і этнаграфіі Лоеўскага края [20].

Аднак толькі ў сярэдзіне — другой палове 1990-х гадоў пытанне пра стварэнне на базе лоеўскага вайскова-гістарычнага музея новага краязнаўчага музея стала на парадак дня: “У перспектыве бачыцца стварэнне ў раёне цэнтра па захаванню і вывучэнню багатай духоўнай спадчыны культуры рэгіёна, г.зн. [краязнаўчага — Г.С.] музея. Першым этапам у гэтым кірунку было б стварэнне выставачнай залы для дэманстрацыі ўзораў народнай творчасці, якая паслужыць пачаткам адраджэння духоўнай спадчыны краю” [10]. Аднак, як адзначалася ў тагачаснай канцэпцыі развіцця Музея, дадзеная работа, звязаная з закупкай прадметаў этнаграфіі і правядзеннем палявых экспедыцый, сур’ёзна абмежаваная адсутнасцю фінансавання [10].

Нельга не адзначыць і таго факту, што адзін з кірункаў палявой этнаграфічнай работы ў Музеі ніколі не закідваўся, а нават наадварот — атрымаў новы імпульс для свайго развіцця з атрыманнем музеем у 1985 г. афіцыйнага статусу: былі праведзеныя дзясяткі і сотні інтэрв’ю з удзельнікамі Бітвы за Днепр, сабраныя іх успаміны, прынятыя ў фонды іх асабісты рэчы. Так, згодна з канцэпцыяй развіцця Музея прыярытэтнымі напрамкамі навукова-даследчай дзейнасці ўстановы апрача навуковых тэм па даследаванню фарсіравання Дняпра ў 1943 годзе альбо партызанскага і падпольнага руху былі вызначаныя таксама і кірункі палявой навукова-даследчай работы музея па зборы ўспамінаў ураджэнцаў Лоеўскага краю, якія бралі ўдзел у Другой сусветнай вайне, а таксама лаяўцоў, вывезеных на прымусовыя работы ў Нямеччыну [10]. Таксама ў рабоце музейнай установы з’явіліся і гістарычныя тэмы па асвятленню падзей часоў паўстання Багдана Хмяльніцкага, напр., Бітвы па Лоевам (1649 г.), альбо рэвалюцыйных падзей на тэрыторыі Лоеўскага раёна, збору інфармацыі пра выбітных ураджэнцаў раёну, гісторыі населеных пунктаў Лоеўшчыны і г.д.

Спробы ж работы з “няпрофільным” матэрыялам і экспанавання на выставах этнаграфічных матэрыялаў, атрыманых у тым ліку і ў выніку правядзення экспедыцый, у Музеі працяглы час разглядалася непажаданымі: “Адкрыццё новых [няпрофільных — Г.С.] аддзелаў парушыла б цэласнасць музея. Да таго ж экспазіцыйная плошча невялікая. … У бліжэйшыя гады замена экспазіцыі таксама не запланаваная. … Адмысловага выставачнага памяшкання музей не мае. Выставы адкрываюцца ў вестыбюлі музея, дзе закрываецца частка стацыянарнай экспазіцыі” [10]. Як адзначала яшчэ ў 2000-м годзе тагачасная дырэктарка Музея Вольга Краўцова, спробы работы з няпрофільнымі, у тым ліку краязнаўчымі і этнаграфічнымі тэмамі, у 1990-я гг. не быў станоўчым: “Былі спробы праводзіць у музеі выставы народнай творчасці, бо вытокі нацыянальных традыцый з’яўляюцца таксама складовай часткай патрыятызму. Пазней мы адмовіліся ад гэтай ідэі не гледзячы на тое, што стацыянарная выстава мае шэраг пераваг у сэнсе мастацкага вырашэння, усё ж у музеі абсалютна адсутнічае поле гледжання. Да таго ж, прыходзілася закрываць частку дзеючай экспазіцыі. Да таго ж, гэтая работа праводзіцца ў раёне, для нас яна не профільная” [4]. Пры гэтым, як адзначала дырэктарка музея, у кіруемай ёй установе праводзіцца навуковая работа па даследаванню і вывучэнню роднага краю, а музейныя матэрыялы служаць у тым ліку і базай для творчых работ навучэнцаў школ Лоева і Лоеўскай педагагічнай вучэльні (цяпер — Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж).

Аднак у дзейнасці Музея ўсё ж такі можна абазначыць этнаграфічны паварот, які меў месца напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў. Так, у плане работы на 2000–2003 гады з’явіўся пункт аб пачатку распрацоўкі ў 2002 г. дырэктаркай Вольгай Краўцовай і галоўнай захавальніцай Верай Анісавец навуковай тэмы вывучэння гісторыі культуры і народных промыслаў Лоеўшчыны канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя [16; 23]. Яго з’яўленне абумоўленае было прыняццем рашэння аб стварэнні ў Лоеве краязнаўчага музея як структурнай адзінкі Музея бітвы за Днепр [12] альбо нават ператварэння самога Музея і стварэння на яго базе музея краязнаўчага [21]. Для арганізацыі філіяла ў штатны расклад установы ў 2002 г. была нават уведзеная дадатковая стаўка навуковага супрацоўніка [12], але сам музей так і не адкрылі не гледзячы на прынятую Міністэрствам культуры праграму развіцця музейнай справы на 2005 год і на перыяд да 2010 года [21; 10].

Праводзіліся экспедыцыі, выяўляліся каштоўныя артэфакты, складаліся спісы для іх закупкі ў мясцовага насельніцтва — з лістапада 2001 года да канца 2005 года было сабранае 400 прадметаў музейнага значэння [13]. На жаль, праз адсутнасць фінансавання планы не былі рэалізаваныя, хаця калекцыя атрыманых у дар прадметаў музейнай этнаграфіі і была сабраная.

Пры тым этнаграфічная работа ў Музеі ў азначаны перыяд актыўна працягвалася не толькі па класічных “сяляназнаўчых” кірунках. Апрача заяўленай у плане работы тэмы сялянскай этнаграфіі, былі пазначаныя і сучасныя культурантрапалагічныя тэмы, напрыклад, працягваліся вышуканні па зборы матэрыялаў і ўспамінаў землякоў, вывезеных на прымусовыя работы ў Нямеччыну ў гады акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, а таксама ўспаміны вязняў канцлагераў і г.д. [16; 23]. На жаль, сабраныя палявыя матэрыялы нават не планавалася выкарыстоўваць у музейнай экспазіцыйна-выставачнай рабоце. Свой адбітак яны знайшлі перад усім у лекцыйнай музейна-педагагічнай рабоце [12]. Але для гэтага было натуральнае вытлумачэнне: вузкапрофільная скіраванасць установы, адсутнасць экспазіцыйных плошчаў, брак фінансавання і г.д.

Аднак і пасля праведзенага ў 2005 г. капітальнага рамонту і рээкспазіцыі Музея канцэпцыя вырашэння экспазіцыйнай прасторы не змянілася, а работа па зборы этнаграфічных прадметаў музейнага значэння праводзілася з улікам перспектывы адкрыцця краязнаўчага музея пры поўным адсутнасці фінансавання на гэтую дзейнасць, у тым ліку і па закупцы артэфактаў. Не гледзячы на гэта супрацоўнікамі Музея, як ужо было адзначанае вышэй, было сабранае 400 артэфактаў [11]. Але ў сувязі з правядзеннем капітальнага рамонту і рээкспазіцыі Музея работа па зборы этнаграфічнага матэрыялу была часова прыпыненая [13].

У далейшым, пачынаючы з 2007 года ў сувязі за змяненнем у кіраўніцтве Музея работа па этнаграфічным даследаванні Лоеўшчыны і музейнай этнаграфіі праводзілася спарадычна, асобнымі супрацоўнікамі ўстановы па-за рэчышчам агульнай канцэпцыі развіцця Музея і не ў кантэксце яго работы: калі ў канцэпцыі развіцця Музея яшчэ згадваецца — праўда, больш у фармаце фонавага шуму, — пра неабходнасць утварэння этнаграфічнага музею і правядзенне этнаграфічнай работы [6; 10], то ў праграме дзейнасці пра гэта ўжо не ідзе гаворкі [22].

З другой паловы 2010-х гадоў паступова пачаў адраджацца этнаграфічны вектар у рабоце Музея, хаця яшчэ працяглы час ён і насіў спарадычны і несістэмны характар. Толькі з 2019 года — з чарговай зменай кіраўніцтва ўстановы, — прыйшло разуменне неабходнасці правядзення палявой этнаграфічнай работы. Пры тым не толькі “класічнай” сяляназнаўчай этнаграфіі, але і сучасных кірункаў культурнай антрапалогіі і музейнай этнаграфіі. Пры гэтым, вядома, і “сялянскі” складнік музейнаэтнаграфічнай работы атрымаў новы імпульс для развіцця.

Так, у планах работы музейнай установы з’явіліся такія тэмы — гэтым разам са свядомай акадэмічнай этнаграфічнай канцэптуалізацыяй у сваім навукова-даследчым вызначэнні, — як “Лоеў: Мемарыялізацыя культуры памяці пра вайну” і “Музеефікацыя дадзеных мікрагістарычных даследаванняў па тэме Другой сусветнай вайны” (падтэмы “Жыхары Лоеўскага краю, вывезеныя на прымусовыя работы ў Нямеччыну” і “Музейныя прадметы і прадметы музейнага значэння у зборы Музея, звязаныя з мірнымі грамадзянамі Лоеўскага раёна, вывезенымі на прымусовыя работы ў Нямеччыну”), а таксама стварэнне і вядзенне адпаведных баз дадзеных і музейных каталогаў [18; 19]. Не гледзячы на напрацоўкі папярэднікаў, дадзены кірунак застаўся актуальным, бо значная частка напрацовак па дадзенай тэме канца 1990-х і пачатку 2000-х гг. была папросту страчаная.

Таксама ў планы работы быў вернуты пункт пра ўдзел супрацоўнікаў Музея ў палявых этнаграфічных экспедыцыях [18; 19]. Дадзеныя, сабраныя падчас музейных экспедыцый, знайшлі свой адбітак ў дакладах супрацоўнікаў музеяў на канферэнцыях, у навуковых публікацыях, арганізацыі і правядзенні шэрагу выстаў, акцый і мерапрыемстваў у рамках экспазіцыйнай-выставачнай і культурна-адукацыйнай работы Музея [24]. Вынікі палявой даследчай работы сярод іншага знайшлі сваю рэалізацыю і пры стварэнні баз дадзеных, напрыклад, “Жыхары Лоеўскага краю, вывезеныя на прымусовыя работы ў Нямеччыну”, альбо пры стварэнні публічных інтэрактыўных мап гістарычнай і культурнай спадчыны краю, габрэйскай культурнай спадчыны Лоева і трагедыі Шаа ў Лоеўскім раёне і г.д., размешчаных на сайце Музея [24].

Асаблівая ўвага ў рабоце Музея накіраваная на захаванне нематэрыяльнай спадчыны і вуснай гістарычнай памяці. Згодна з планам работы ўстановы даследчая праца накіраваная на пашырэнне поля даследаванняў па тэме музеефікацыі дадзеных мікрагістарычных даследаванняў у кантэксце гісторыі Лоеўскага краю, у тым ліку не толькі па тэме Другой сусветнай вайны. Вядзецца збор палявой навуковай інфармацыі (інтэрв’ю і ўспаміны, фотаздымкі і дакументы (копіі) з прыватных архіваў) [24]. 

У мэтах музеефікацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны населеных пунктаў — хутароў і вёсак Лоеўскага раёна, — якія зараз знікаюць альбо руйнуюцца і нішчацца, Музеем рэалізуецца праект па камемаратыўнай фотафіксацыі аб’ектаў гістарычнай памяці і практык гістарычнай мемаратыўнай палітыкі [24].

Супрацоўнікамі музея не адзін год праводзіцца праца па праекце “Гісторыя Лоеўшчыны на старых фотаздымках”, у рамках рэалізацыі якога сабраныя больш за 1 500 электронных копій фатаграфій, якія захавалі вобразы мясцовых жыхароў і відарысы населеных пунктаў раёна. Дадзеная праца дазваляе працаваць з гістарычным матэрыялам па вывучэнні традыцый і культуры раёна.

Таксама супрацоўнікі Музея бралі ўдзел не толькі ва ўласных мікраэкспедыцыях па Лоеўскім раёне. Бралі ўдзел яны і ў шэрагу тэматычных этнаграфічных экспедыцый, арганізаваных партнёрамі ўстановы, напр., у 2018–2019 гг. — сумесных экспедыцый праектаў “Гістарычная майстэрня” пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Рау і “Беларускі архіў вуснай гісторыі” пры МГА “Гісторыка” па тэме даследавання гісторыі мінскага гета і ахвяр Другой сусветнай вайны [24].

Апрача збору інтэрв’ю падчас палявых экспедыцый — а было сабранае некалькі дзясяткаў гадзін інтэрв’ю, — важна адзначыць і музейнаэтнаграфічную работу па зборы артэфактаў. Сярод найбольш цікавых прадметаў музейнага значэння варта адзначыць дзіцячую хадуху першай паловы – сярэдзіны ХХ ст. (2019) і арыгінальную лоеўскую маляванку сярэдзіны ХХ ст. (2020) .

Цікавымі, таксама, можа стаць і кейс выяўлення паасобных аркушаў з розных кніг, напісаных габрэйскім квадратным пісьмом. Калісьці, яшчэ ў 1990-я гг, у Музей прыйшоў чалавек і прынёс скрутак паўабпаленых, месцамі спарахнелых друкаваных ідышам і іўрытам старонак, якія ён знайшоў у сябе на гарышчы.

Пры дапамозе спецыяліста па гісторыі габрэяў Беларусі старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра дыяспары Тэль-Авіўскага ўніверсітэта Леаніда Смілавіцкага, Ph.D. у галіне гісторыі, атрымалася “выйсці на сувязь” з дырэктарам Цэнтра габрэйскага мастацтва Габрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме доктарам Уладзімірам Левіным. Дзякуючы яму і яго калезе Кацярыне Аляшкевіч атрымалася атрыбутаваць старонкі з прынесенага ў Музей скрутка. Гэта былі сідур і Танах на іўрыце і пісьмоўнік — на ідышы.

Пісьмоўнік быў выдадзены Ааронам Давідам Бэрштэйнам у Варшаве ў 1912 годзе ў выдавецтве “Шымін”. Сідур — штодзённы малітоўнік, — і Танах, старонкі якіх былі знойдзеныя ў скрутку, былі выдадзеныя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

Таксама ў гэтым жа скрутку былі знойдзеныя і старонкі з выдання басняў Івана Крылова ў перакладзе на ідыш Мардэхая Рыверсмана (1868–1924), выдадзеныя ў Санкт-Пецярбурзе ў 1919 годзе Камісарыятам па габрэйскіх справах.

Гэта — тое нешматлікае і амаль адзінае, што на сёння засталося ў Лоеве ад калісьці багатай і дужай лоеўскай габрэйскай грамады. Яшчэ толькі некалькі камяніц ды могілкі нагадваюць пра колішні штэтл, які квітней да сярэдзіны ХХ стагоддзя на берагах Дняпра ды Сажы. 

Важна адзначыць, што дагэтуль застаецца невызначаным статус прадметаў музейнага значэння, якія пачынаючы з канца 1990-х былі сабраныя падчас музейных палявых этнаграфічных экспедыцый. У канцэпцыі развіцця Музея тэма краязнаўчага вектару дагэтуль застаецца неапрацаванай лакунай, а асобных калекцый ці падкалекцый этнаграфічна-краяўзнаўчага кшталту ў Музеі не прадугледжанае. Для іх уліку і захоўвання адмыслова створаны часовы фонд карыстання, але ж, відавочна, гэта не можа прынцыпова вырашыць сітуацыю.

Магчымым выйсцем магло б быць утварэнне ў Лоеве краязнаўчага музея альбо экспазіцыі са статусам філіяла Музея, у кароткай жа перспектыве — абгрунтаванне ў канцэпцыі развіцця Музея краязнаўчага складніку работы ўстановы і папаўнення фондаў адпаведнымі артэфактамі.

 
 
Бібліяграфічны спіс
 
  1. Алесь Кукара. Выкладчык рускай мовы і паэт, які піша па‑беларуску... [Электронны рэсурс] / Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/49431. — Дата доступу: 13.03.2020.
  2. Беларускі архіў вуснай гісторыі [Электронны рэсурс] — Рэжым доступу: http://www.nashapamiac.org/. — Дата доступу: 24.06.2020.
  3. Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія / М. Говард ; навук. рэд. П. Церашковіч. — Мн. : Тэхналогія, 1995. — 478 с.
  4. Кравцова, О.И. О роли музеев в патриотическом воспитании молодежи и школьников на героических традициях истории своего края [Электронны рэсурс] : дакл., 2000 / О.И. Кравцова  // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 5 Воп. 1. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (5,38 Мб).
  5. Об организации в г.п. Лоеве Гомельской области филиала Белорусского государственного музея истории Великой Отечественной войны [Электронны рэсурс] : Загад МК БССР ад 07.08.1984 № 141 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 6 — 1 дак. у эл. выгл. (4,36 Мб) Гістарычная майстэрня [Электронны рэсурс] — Рэжым доступу: http://www.gwminsk.com/. — Дата доступу: 24.06.2020.
  6. Информация о Музее битвы за Днепр [Электронны рэсурс] : 2003 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 2. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (1,89 Мб).
  7. Концепция развития государственного учреждения культуры «Музей битвы за Днепр» [Электронны рэсурс] : перспективный план развития музея на 2018–2020 гг.// Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 6. Спр. 4 — 1 дак. у эл. выгл. (674 Кб).
  8. Культура : информация и справки о работе отдела за 1983–1984 гг. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы (ЗДАР). — Ф. 252 Воп. 1 Спр. 116 Арк. 6.
  9. Мероприятия районного отдела культуры по подготовке и празднованию 40-летия Победы советского народа в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы (ЗДАР). — Ф. 252 Воп. 1 Спр. 123 Арк. 11–12.
  10. Научная концепция развития лоевского Музея битвы за Днепр [Электронны рэсурс] : 1997–2000 гг. // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 4 — 1 дак. у эл. выгл. (2,41 Мб).
  11. Научная концепция развития музея битвы за Днепр Лоев  [Электронны рэсурс] : 2011 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 3. Спр. 4 — 1 дак. у эл. выгл. (707 Кб).
  12. О состоянии материально-технической базы лоевского Музея битвы за Днепр [Электронны рэсурс] : справка // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 2. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (847 Кб).
  13. О состоянии работы музейного дела в Лоевском районе согласно «Закона о музеях Республики Беларусь» [Электронны рэсурс] : справка ; 2003 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 2. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (2,33 Мб).
  14. О состоянии работы Музея битвы за Днепр по сохранности и пополнению фондов музея и сбору экспонатов для краеведсеского центра истории и культуры Лоевщины [Электронны рэсурс] : справка ; 2005 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 2. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (9,94 Мб).
  15. Перспективный план работы музея на 2000–2003 гг. [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (1,5 Мб).
  16. Пилипенко, М.Ф. Возникновение Белоруссии : Новая концепция / М.Ф. Пилипенко. — Минск : Беларусь, 1991. — 142 с.
  17. План работы ГУК “Музей битвы за Днепр” на 2019 г. [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 7. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (401 Кб).
  18. План работы ГУК “Музей битвы за Днепр” на 2020 г. [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 7. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (414 Кб).
  19. План работы Музея битвы за Днепр на 1993 г. [Электронны рэсурс]  // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (916 Кб).
  20. Праграма развіцця музейнай справы Рэспублікі Беларусь на 2005 год і на перыяд да 2010 года / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. — Мінск : [б. в.], 2005. — 51 с.
  21. Программа деятельности лоевского Музея битвы за Днепр на 2011–2013 годы [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 3. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (183 Кб).
  22. Программа лоевского Музея битвы за Днепр по патриотическому воспитанию молодежи и школьников на 2000–2003 гг. [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (3,22 Мб).
  23. Текстовый анализ работы ГУК “Музей битвы за Днепр” за 2019 г. [Электронны рэсурс] // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 7. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (446 Кб).
  24. Тематическая структура экспозиции Музея битвы за Днепр в г.п. Лоеве Гомельской области – филиале Белгосмузея истори Великой Отечественной войны [Электронны рэсурс] : копія // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 1. Спр. 4 — 1 эл. дак. (9,94 Мб) — Эл. копія. Арыгінал : БДМГВАВ.