Увекачанне памяці Шаа (Халакосту)

Лоеў, як і кожнае беларускае, дый наогул ледзь не любое цэнтральнаеўрапейскае мястэчка, калісьці быў пераважна габрэйскім — яшчэ на пачатку ХХ ст. больш за 40 адсотак яго месцічаў былі юдэямі. Так, яшчэ сто гадоў таму тут стаяла пяць сінагог (а цэркваў — усяго дзве). Дый размаўлялі на вуліцах на ідышы часцей, чым на беларускай мове, бо і шмат хто з беларусаў добра разумеў, а то і размаўляў на ім. Нават сёння можна там-сям пачуць ад беларусаў колькі габрэйскіх словаў…
Зараз у Лоеве амаль не засталося слядоў таго штэтлу, якім ён яшчэ не так даўна быў. Амаль усе габрэі, хто не паспелі эвакуявацца, загінулі ў Шаа. Адзінкі, хто выжылі, пакінулі родны штэтл — дужа ж цяжка было хадзіць па вуліцах, дзе яшчэ колькі гадоў таму бегалі іх дзеці, дзе сустракалі бацькоў, сваякоў, сяброў ды проста знаёмых… Астатняя рэшта з’ехала з Беларусі, калі адкрыліся межы ў 2-й палове – канцы ХХ ст.
У памяць пра габрэйскае мінулае мястэчка ў ім засталіся толькі некалькі мураванак ды могілкі. Амаль закінутыя, — старая частка іх ужо без надмагілляў-мацэў, — яны стаяць парослыя хмызняком ля дарогі на выездзе з мястэчка… Побач з гэтымі могілкамі ў 2019 г. Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамад пры садзейнічанні Музея быў усталяваны памятны камень. Трошку далей па гэтай жа дарозе падчас ІІ Сусветнай вайны быў выкапаны супрацьтанкавы роў, у якім 16 жніўня 1942 г. праводзіліся расстрэлы.
Наогул, у Лоеве было тры “асноўныя” акцыі па знішчэнні мясцовых габрэяў: першая — у канцы жніўня 1941 г., калі ў толькі што акупаваным Лоеве на беразе Дняпра пасля здзекаў і катаванняў было расстралянае пяцёра лоеўскім габрэяў. Яшчэ адна — у канцы кастрычніка 1941 г., калі каля 150 лаяўцоў-габрэяў, якія не паспелі эвакуявацца, былі сабраныя ў калону і пад канвоем выведзеныя ў бок Гомеля…
Адзіная дакладна вядомая дата Шаа ў Лоеве — 16 жніўня 1942 г., калі ў супрацьтанкавым рове па Стараказярожскім шляху былі расстраляныя і закапаныя 16 чалавек, у тым ліку жанчыны-беларускі, якія выйшлі замуж за габрэяў, разам са сваімі дзецьмі.
 
Створаная мапа — вынік навукова-даследчай дзейнасці Сівохіна Генадзя (ст. навуковы супрацоўнік, гал. захавальнік музея, 2019-2022) і Сямашка Ксеніі (дырэктара Музея, 2019-2022). Даследаванне і збор матэрыялаў, складанне карты і яе дапаўненне вяліся ў 2019-2022 гадах.  Вывучэнне тэмы і яе апублічванне дазволілі падняць пласт раней недаследаваных матэрыялаў і незафіксаваных месцаў, якія захаваліся ў памяці ў жыхароў Лоева аб трагедыі Шоа. Прадстаўленая карта — гэта першая спроба падобным чынам зафіксаваць гісторыю габрэяў у Лоеве.