ЛОЕЎСКІ ІЗКОР. Дакументальная выстава «Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць»


ЛОЕЎСКІ ІЗКОР.

ЧАЛАВЕЧАЯ ГОДНАСЦЬ, РОЎНАСЦЬ І СПРАВЯДЛІВАСЦЬ

Дакументальная выстава

 

Ты не кажы, што гэта дзень апошні твой,

Хоць хмары шэрыя вісяць над галавой.

Яшчэ ён прыйдзе, наш даўно чаканы час,

І кожны крок — зарок, што ўжо

не знішчаць нас...

(Гірш ГЛІК“Марш габрэйскіх партызанаў”)

 

У рамках чарады мерапрыемстваў да 35-годдзя з адкрыцця ў г.п. Лоеве Музея бітвы за Днепр, тады яшчэ філіяла Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наш музей ладзіць чарговы дакументальны экспазіцыйны праект — “Лоеўскі ізкор

Нездарма назва выставы “Лоеўскі ізкор” (ізкор — габрэйская памінальная малітва) дапоўненая слоганам “Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць”, бо сам праект прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяр Шаа (Халакосту), які штогод адзначаецца 27 студзеня па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як даніна павагі трагедыі габрэйскага народа ў Другой сусветнай вайне. І нездарма было прынятае рашэнне ў нашым ваенным музеі — насамрэч, антываенным музеі з ваеннай экспазіцыяй, — правесці выставу, якае мае асвятліць старонкі колішняга мультыэтнічнага жыцця Лоева.

Вайна — гэта перад усім не бравурныя парады і бліскучыя ордэны на лацканах генеральскіх мундзіраў, а боль і роспач простых людзей, якіх накрыла гэтая навала. Просты жаўнер у траншэі, які не хоча ні тых ордэнаў, ні прайсціся маршам па галоўным пляцы “варожай” сталіцы, а больш за ўсё на свеце ён хоча вярнуцца да дому, да сваіх родных… Ён — сапраўдны галоўны герой у нашых музейных расповядах…

Але ж на вайне былі і тыя, хто чакалі жаўнера дадому. Часта яны былі з “другога” боку ліні фронту, з таго боку, які быў заняты непрыяцелем. На акупаваных тэрыторыях любой вайны заўжды губляліся чалавечыя законы… У астатнюю ж — бадай, адну з самых жорсткіх Другую сусветную вайну, — бязлюддзе і ліхалецце адолелі землі Беларусі, накрыўшы іх чорнай хмарай. Бязмежным было гора ўсіх, хто пацярпеў… І ў гэтым горы немагчыма ўжо было б адзначыць, хто пацярпеў больш за ўсіх — не было ўжо ні Эліна, ні Юдэя

Але немагчыма і не вылучыць у навале вайны трагедыю габрэяў — народу, які злачынны нацысцкі рэжым абраў на пагібель, вызначыўшы за “канчатковае вырашэнне габрэйскага пытання” яго поўнае знішчэнне…

Лоеў, як і кожнае іншае беларускае, дый наогул ледзь не любое цэнтральнаеўрапейскае мястэчка, калісьці быў пераважна габрэйскім — больш за 40 адсотак яго месцічаў былі юдэямі. Яшчэ на пачатку стагоддзя тут стаялі чатыры сінагогі (а цэркваў — усяго дзве), процьма габрэйскіх лавак і крамак. Дый гаворылі на вуліцах на ідышы часцей, чым на беларускай мове, бо і шмат хто з беларусаў добра разумеў, а то і размаўляў на мамэ-лёшн. Дый нават сяння можна ад беларусаў там-сям пачуць колькі габрэйскіх словаў…

Зараз у Лоеве амаль не засталося слядоў таго штэтлу — габрэйскага мястэчка, — якім ён яшчэ не так даўна быў. Амаль усе габрэі, хто не паспелі эвакуявацца, загінулі ў Шаа — у Катастрофе. Адзінкі, хто выжылі, пакінулі родны штэтл — дужа ж цяжка было хадзіць па вуліцах, дзе яшчэ колькі гадоў таму бегалі іх дзеці, дзе сустракалі бацькоў, сваякоў, сяброў ды проста знаёмых… Астатняя рэшта з’ехала з Беларусі, калі адкрыліся межы — зараз на ўсю краіну засталося некалькі тысяч — трошку больш за дзесяць, — габрэяў, а ў Лоеве — дык і наогул некалькі чалавек.

Затое засталося колькі дамоў-мураванак — камяніц, якія калісь належылі габрэям і ў якіх яны жылі, гандлявалі, маліліся… Тая ж раённая бібліятэка з аддзелам культуры Лоеўскага раёна размясціліся ў доме Навума Доўгіна — знанага лоеўскага купца. У іншых камяніцах — рэдакцыя раённай газеты, прадстаўніцтва Белдзяржстраху…

Засталіся і старыя габрэйскія могілкі на выездзе з нашага мястэчка. Амаль закінутыя, — старая частка яго ўжо без надмагілляў-мацэў стаіць, — яны стаяць парослыя хмызняком ля дарогі… Няма каму даглядаць. Таму і ладзіць тут музейнае аб’яднанне “Нашчадкі Лоя” талаку. Але ж аб’яднанне малое, а работы зашмат…

Яшчэ далей па стараказярожскай дарозе у вайну быў выкапаны супрацьтанкавы роў. У ім і былі пахаваныя — зваленыя ў кучу і прысыпаныя зямлёй, — забітыя нацыстамі лаяўцы… І беларусы, і габрэі.

І там — паміж могілкамі і ровам — летась пры садзейнічанні нашага музея Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамад быў усталяваны памятны камень. Сюды цяпер можна прыйсці, узгадаць, памянуць…

 

Вось гэтую гісторыю нашага Лоева, яго габрэйскія старонкі і яго трагедыю, мы і паспрабуем паказаць на нашай выставе. Для яе мы сабралі дакументы з фондаў музея — дакументы габрэяў-франтавікоў і партызанаў, якія мужна змагаліся за родную краіну. Пакажам мы і дакументы (лічбавыя копіі) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна, якія былі запісаныя і сабраныя ў некалькі тамоў адразу па вызваленні раёна ў 1944 годзе.

Таксама можна будзе паслухаць успаміны саміх лаяўцоў пра ваеннае і даваеннае жыццё, пра адраджэнне роднага краю пасля вайны і пра габрэйскі Лоеў, запісаныя супрацоўнікамі музея ў экспедыцыях па Лоеве і Лоеўскім раёне.

А на адкрыцці выставы можна будзе паглядзець фільм “Штэфан Цвайг” (2016) (яшчэ вядомы як “Да світання. Штэфан Цвайг у Амерыцы” ці “Штэфан Цвайг. Развітанне з Еўропай”). Кінастужка прысвечаная выбітнаму пісьменніку мінулага стагоддзя, які праз сваё габрэйскае паходжанне і прынцыповую паціфісцкую пазіцыю вымушаны быў эміграваць з роднай Аўстрыі, акупаванай у той час нацысцкай Нямеччынай.

 

Выстава экспануецца ў рамках рэалізацыі праекта Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны і працягне сваю работу да канца лютага.

 

(Лоеўскі ізкор. Дакументальная выстава “Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць” : Навуковая канцэпцыя [Электронны рэсурс] // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/48764. — Дата доступу: 11.02.2020 )

 

 

 
741