Алесь Кукара. Выкладчык рускай мовы і паэт, які піша па-беларуску…

ВЫКЛАДЧЫК РУСКАЙ МОВЫ І ПАЭТ, ЯКІ ПІША ПА-БЕЛАРУСКУ…

 

(Алесь Кукара. Выкладчык рускай мовы і паэт, які піша па-беларуску... / Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр [Электронны рэсурс] // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/49431. — Дата доступу: 13.03.2020 )

 
22 лютага да дня роднай мовы, які згодна з рашэннем UNESCO штогод адзначаецца 21 лютага, у лоеўскім Музеі бітвы за Днепр прайшло не зусім звычайнае для гэтай установы мерапрыемства. Прысвечанае яно было не бравурным салдацкім маршам, чаго б і можна было чакаць ад музея з ваенным профілем напярэдадні 23 лютага. Гэта была ціхая і ўтульная вечарына, якая прайшла пад знакам паэзіі і любові да роднай Лоеўшчыны.
 
Насамрэч, зусім не дзіўна, што ў “ваенным” лоеўскім музеі праходзяць мірныя акцыі і імпрэзы — той даўно ўжо ператварыўся з проста мемарыяльнай ваенна-гістарычнай галерэі ў сапраўдны культурны асяродак краю. У апошні час такі стан рэчаў нават знайшоў адбітак у канцэпцыі развіцця яго — цяпер гэта не проста антываенны музей з ваеннай экспазіцыяй, а яшчэ і цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны рэгіёну.
Дый назва вечарыны — “Вечнымі сцежкамі жыцця”, — была абраная таксама не проста так. Гэта — радкі з верша вядомага лоеўскага паэта Алеся Кукары. Менавіта з ім і прайшла творчая сустрэча ў мурах музея.
Алесь Кукара не проста паэт. Ён — асоба шматгранная, адораная мноствам талентаў. Спадар Алесь — вядомы краязнаўца і педагог, які шмат год выкладаў рускую мову і літаратуру ў Лоеўскай педагагічнай вучэльні (зараз гэта ўжо не проста вучэльня, а каледж — таксама дзякуючы намаганням сп. Кукары). А яшчэ паэт не толькі піша вершы — не гледзячы на сваю педагагічную спецыялізацыю, вершы піша ён па-беларуску, — а нават і “кіруе” ўсім паэтычным жыццём Лоеўшчыны. Алесь Кукара — старшыня раённага клуба аматараў паэзіі “Гучальнае слова”.
Распачаў жа свой паэтычны шлях тады яшчэ зусім малады хлопец — выпускнік мінскага Педінстытуту імя М. Горкага і настаўнік-пачатковец, — з публікацыі ў зэльвенскай раёнцы:
— Зэльвенская зямля — зямля багатая на паэтычныя таленты, — адзначыў сп. Алесь, — з моцнымі літаратурнымі традыцыямі. Пасля заканчэння педінстытуту я тут працаваў па размеркаванню. І мяне заўважылі, а маю “паэму” — накіравалі ў Гродна, дзе яна і пабачыла свет. Дакладней, не ўся паэма, а толькі ейны фрагмент… У гэтым вельмі мне паспрыяў знакаміты беларускі літаратар Міхась Васілёк, які тады працаваў у гродзенскай абласной газеце. — падзяліўся ўспамінамі паэт.
— Шлях да Лоева быў няпростым, — узгадвае Аляксандр Уладзіміравіч (а такое яго “пашпартнае” імя), — нарадзіўся я ў в. Горваль суседняга Рэчыцкага раёна, але ўжо 55 год жыву і працую ў менавіта ў Лоеве. Тут я спаткаў у сваім жыцці шмат каго з выбітных людзей, асабліва часта зводзіў лёс з героямі вайны, якія нярэдка прыязджалі на берагі Дняпра памянуць сваіх баявых таварышаў. Гэта моцна паўплывала на маю творчасць, адбілася ў вершах… — прызнаецца паэт.
Паўплывала гэта і на ўсё жыццё паэта-краязнаўцы — у гады брэжнеўскага застою спадар Кукара быў адным са стваральнікаў студэнцкага пошукавага клуба “Патрыёт”, чым нёс подых свежага нефармальнага паветра ў даволі афіцыёзную палітыку памяці таго часу. Пад яго кіраўніцтвам будучыя педагогі навучаліся па-сапраўднаму разумець і цаніць гісторыю, якую ім Аляксандр Уладзіміравіч паказваў без прыкрас:
— Перш за ўсё я быў настаўнікам! І спрабаваў навучаць дзяцей, працаваў з імі шчыра.
На вечарыне прагучалі ўспаміны паэта пра яго жыццё, творчасць, прагучала і мноства пытанняў ад тых, хто прыйшоў на сустрэчу і не змог застацца абыякавым да пачутых словаў. А гэта былі і зусім юныя студэнты, і служачыя Лоеўскай пагранкамендатуры, і маладыя людзі, і аднагодкі самога сп. Кукары — разам яны ўзгадалі вусціш ваеннага дзяцінства, новае жыццё адроджанага пасля вайны гораду і свае маладыя гады, разважалі і пра сённяшнія дні…
— Быў у нас у Лоеве адзін цудоўны чалавек — Шарэпа Павел Міхайлавіч, першы дырэктар педвучэльні. Ён быў і адным з першых, а можа, і самым першым чалавекам у паваенны час, хто сур’ёзна займаўся вывучэннем гісторыі Лоеўскага краю. Спачатку ён працаваў завучам у школе імя М. Калініна — цяпер гэта Лоеўская гімназія, — і займаўся далёкай мінуўшчыны Лоеўшчыны, удзельнічаў у археалагічных раскопках курганоў і гарадзішчаў пад Сутковам, Чапліным, Шчытцамі. Вывучаў ён і казацка-сялянскую вайну XVII стагоддзя, пісаў артыкулы і выступаў з дакладамі па “савецкай” гісторыі Лоева. — распавёў краязнаўца.
— І вось, разам з Іванам Рыгоравічам Ярмаковым, дырэктарам школы, яны стварылі школьны музей. І калі сп. Шарэпа стаў дырэктарам вучэльні, у яго ўжо бракавала часу займацца тым музеем. — працягвае свой аповед спадар Кукара, — Прыходзілася мне “падмяняць” музейнае кіраўніцтва — былі ў мяне ключы і я быў нефармальным дырэктарам музея. Тады мяне, маладога выкладчыка, а было гэта годзе ў 1966 – 1967, і запрасіў да сябе ў кабінет Павел Міхайлавіч і прапанаваў арганізаваць са студэнтамі краязнаўчую работу — так з’явіўся клуб “Патрыёт”.
Найбольш жа прысутных на вечарыне ўразілі вершы паэта. Пры тым вершы, якія самі па сабе кранаюць душу і сэрца, у аўтарскім выкананні падхоплівалі і ўносілі кожнага і кожную ў вырай, напоўнены мроямі і летуценнямі…
…па маленству не  жалкуй ты:
Што яшчэ з яго ты ўспомніш?
Яно — вечар, змрочны вечар.
Па мінулым не пакутуй:
Дзень твой сёння ў сонца промнях,
Заўтра — у зары ярчэйшай.
Дарэчы, на базе клуба “Патрыёт” калісьці пачаў працаваць і музейны пакой “Спадчына”, у якім студэнты педвучэльні маглі не проста пачуць, але і непасрэдна дакрануцца да летапісных старонак гісторыі старадаўняга Лоева. Пазней у тым ліку і з гэтага “музейчыка” вырас лоеўскі Музей бітвы за Днепр, 35 гадавіну адкрыцця якога будуць адзначаць у дняпроўскім мястэчку ўжо ў траўні гэтага года. Сам жа спадар Алесь даўгі час быў валанцёрам — хаця і па-заштатным, але вельмі дзейным і плённым навуковым супрацоўнікам музею, якім ён застаецца і дагэтуль. Дый сама імпрэза, — як і шэраг іншых імпрэз, што ўжо адбыліся ці яшчэ толькі запланаваныя, — прайшла менавіта ў рамках святкавання музейнага юбілею.