Лоеўская батлейка

Традыцыйны лялечны тэатр “Батлейка” вядомы на тэрыторыі Беларусі з даўніх часоў. Сваю назву гэты тэатр атрымаў ад горада Віфлеем (у Беларусі дагэтуль можна пачуць Бэтлеем). Традыцыйна спектакль у гэтым тэатры паказвалі напярэдадні Раства. Акцёры разыгрывалі сюжэт пра нараджэнне Ісуса, цара Ірада, чорта і анёла.

Вашай увазе прапануецца не Калядны спектакль, а інтэрмедыя, якая паказвалася падчас правядзення кірмашоў і святаў на плошчах. 

 

ІНТЭРМЕДЫЯ “ЖАЎНЕР ДЫ ЧОРТ”

 

Дзеючыя асобы

Жаўнер

Анёл

Чорт

Жабрачка

Ліхвяр

 

Ой шлі–прайшлі да тры янгалы

І вялі яны душу — душу грэшную

Вой, чаго жа ты, душа,

Міма раю прайшла?

Ды чым жа ты, душа, правінілася?

 

Анёл:

Дбайце, людзі, аб вашай душы

Несмяротнай і Божай ласцы,

Бо адказ яе будзе не ў земстве —

Прыме свой яна жрэбій ад Бога

У прасветлым Нябесным царстве.

Ці ў пекле бяздонным, горкім…

 

Вайна скончаная. Жаўнер вяртаецца дадому ў думках пра сваю душу. Змагаўся адважна і забіваў на вайне, вось ён і бядуе, не ведаючы, як жыць далей з такім грахом на душы.

 

Не ў тваёй волі ведаць, што будзе,

Але ў волі тваёй, чалавеча,

Свет пакінуць, дабро сатварыўшы!

Тады твоей душы шлях праляжа

Да цянёў кіпарысавых, райскіх…” — супакойвае жаўнера Анёл

 

На змену Анёлу да жаўнера выходзіць чорт. Робячы выгляд адданага сябра і таварыша, ён прапаноўвае жаўнеру аддаць душу, а наўзамен абяцае радасць, весялосць і нядбаласць. Каючыся ў сваіх грахах, жаўнер прымае ўгоду, толькі пасля таго, як пабудзе на радзіме, каб развітацца з роднымі.

Толькі Анёл памятае, што чалавек на вайне не забываў Бога, гатовы быў ахвяраваць сабой за сябра. Душа яго чыстая.

Па дарозе дахаты жаўнер сустракае жабрачку, якая ходзіць па міласці і просіць дапамогі ў мінакоў. Чым жа можа дапамагчы ёй жаўнер, што ахвяраваць? У кайстры толькі люлька і капшук з тытунем, у левай кішэні пуста, а ў правай — хлебных дробак трохі. Аддаў ён астатняе жабрачцы, грахі свае пакрываючы добрымі справамі.

Рушыў жаўнер далей. Сустракае на дарозе разгубленага ліхвяра. Падманулі яго прыяцелі, пакінулі без грошай, ды яшчэ і ў чужым невядомым краі. Просіць ліхвяр выратавання ў жаўнера, дапамогі выбрацца з чужой краіны, дабрацца дахаты. Праводзіў жаўнер ліхвяра ў Лоеў, выратаваў ашуканага.

Жабрачцы дапамог — астатняе аддаў, ліхвяра выратаваў — дахаты скіраваў. І гэта ад чыстага сэрца без якойсь выгоды. Добрымі ўчынкамі выратаваў жаўнер сваю душу, ачысціў яе перад Богам — не змог узяць яе чорт. Прагнаў анёл чорта назад у пекла.

 

Ступай і не грашы, Спасіцель табе спрыяе

Ды помні, што кожнай душэ пакаянія чын нужэн!” — сказаў анёл наўздагон жаўнеру.

 

Ой, шлі–прайшлі да тры Ангелы

І вялі яны душу, душу грэшную!

А у нашым у раю Жыць весела,

жыць весела.

Толькі некаму…

 

 

Тэкст інтэрмедыі запісаны ў Карэліцкім раёне. Захоўваючы традыцыю, інтэрмедыя выкананая без музычнага суправаджэння, акапэльна прагучаў фрагмент з беларускіх духоўных вершаў.