Музейнае аб'яднанне "Нашчадкі Лоя"

Музейнае аб’яднанне “Нашчадкі Лоя” — гэта клуб энтузіястаў-аматараў, краязнаўцаў, гісторыкаў, навукоўцаў і проста тых, хто любіць сваю малую радзіму. Адкрыццё работы музейнага краязнаўчага аб’яднання “Нашчадкі Лоя” адбылося 8 снежня 2016 г. Мерапрыемства было прымеркаванае да 140-гадовага юбілею выдатнага чалавека, таленавітага хірурга, Героя Савецкага Саюза — Яўгена Уладзіміравіча Клумава.

Музейным аб’яднаннем актыўна праводзіцца работа, накіраваная на вывучэнне гісторыі Лоеўшчыны, захаванне гістарычных і культурных традыцый, прыцягненне маладой генерацыі да захавання і вывучэння спадчыны.

Гісторыя Лоева цесна звязаная з габрэйскім насельніцтвам. Габрэйская грамада ў Лоеве вядомая з XVI ст. , а ў XIX ст. габрэі складалі 46 % насельніцтва мястэчка. Нагадваюць пра гэта і некаторыя помнікі архітэктуры, а таксама габрэйскія могілкі, якое знаходзіцца ў закінутым стане. Актывам музейнага аб’яднання было ініцыяванае правядзенне добраўпарадкавання іх тэрыторыі. У гэтай цяжкай працы прынялі ўдзел школьнікі, студэнты і спагадныя лоеўцы. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні працягваліся некалькі месяцаў і завяршыліся ўсталяваннем інфармацыйнага стэнда, вырабленага актывістам аб’яднання А.П. Грабянком.

Актывам аб’яднання праведзены шэраг краязнаўчых даследаванняў па гісторыі Лоеўскага раёна, матэрыялы якіх апублікаваныя на старонках раённай газеты і сайце “Лоеўскі край”.

Намаганнямі актывістаў аб’яднання “Нашчадкі Лоя” распрацаваныя і праведзеныя культурна-адукацыйныя мерапрыемствы, сярод якіх: гульня-падарожжа “Мікулаў-квэст”, праведзены на фэсце сямейных клубаў у аг. Мікулічы Брагінскага раёна, а таксама першая гарадская гульня-падарожжа “Лоева Гара. Discover”. Чальцы музейнага аб’яднання прынялі ўдзел у конкурсе даследчых работ па гісторыі і культуры Лоеўскага раёна “Лоеўскі раён. Старонкі гісторыі і сучаснасці”. Лепшыя работы былі адабраныя для ўдзелу ў міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытаннях “Дняпроўскі паром”, якія прайшлі ў Лоеўскай бібліятэцы з 6 па 8 жніўня 2017 г. і сталі найзырчэйшай падзеяй у жыцці Лоеўскага раёна.

Маладыя даследчыкі Лоеўшчыны — Філон А., Колас А., Хохун І., Жук А. і іншыя, — мелі магчымасць пагутарыць з гісторыкамі, археолагамі, этнолагамі, музейнымі работнікамі, выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў і краязнаўцамі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Ізраіля. Праграма чытанняў была зыркай і насычанай: удзельнікі наведалі помнік археалогіі Мохаўскі археалагічны комплекс, помнік архітэктуры сядзібна-паркавы комплекс у в. Пярэдзелка, помнік гісторыі — стан Я. Радзівіла і г.д. Матэрыялы чытанняў апублікаваныя ў зборніку “Дняпроўскі паром”.

Атрыманы досвед правядзення чытанняў, новыя навуковыя і міжнародныя кантакты садзейнічалі арганізацыі чарговых чытанняў у Лоеве і ў 2018 г.

Удзельнікі аб’яднання “Нашчадкі Лоя” актыўна прынялі ўдзел у правядзенні акцыі “Наш раён на старых фотаздымках” па зборы фотаздымкаў, звязаных з Лоевам і Лоеўскім раёнам. Фотакалекцыя музейнага аб’яднання “Нашчадкі Лоя” налічвае больш за 500 адзінак. На сабраных фатаграфіях грунтуецца фотавыстава “Гісторыя, напісаная на вадзе”. Прэзентацыя яе мела месца падчас правядзення міжнародных чытанняў “Дняпроўскі паром”.

Збор фотакалекцыі музейнага аб’яднання — гэта архіўныя, сямейныя і аматарскія фатаграфіі. У ім можна ўбачыць здымкі жыхароў Лоеўскага раёна падчас працы, за святочным сталом, падчас урачыстай і знамянальнай падзеі. Невялікая калекцыя адбіла жыхарак Лоеўскага раёна ў традыцыйных строях, этнаграфічныя асаблівасці. Фатаграфія — гэта не толькі дакумент, які зафіксаваў момант ці персону, але і вобраз. Менавіта гэтаму была прысвечаная выстава, падрыхтаваная музейным аб’яднаннем — “Лоеўшчына ў вобразах”. Яна была прэзентаваная ў музейным скверыку 3 ліпеня 2017 г.

У рамках рэалізацыі праекта навучэнцы школ Лоева і педагагічнага каледжа прынялі ўдзел у першым адкрытым турніры юных вынаходнікаў у аг. Краснае Брагінскага раёна. Хлопцам былі прапанаваны задачы, дзякуючы якім яны змаглі паказаць узровень ведаў і вынаходніцкіх здольнасцяў як каманды ў цэлым, так і асобных яе прадстаўнікоў. У якасці заахвочвання па выніках удзелу ў турніры дзве навучэнкі педкаледжа, удзельніцы музейнага аб’яднання “Спадчыннікі Лоя”, правялі тры тыдні ў Швейцарыі ў міжнародным лагеры “Моладзь за зялёную будучыню”.

Музейнае аб’яднанне актыўна прымае ўдзел у краязнаўчым руху, аб’яўленым у рамках рэалізацыі праекта. Знайшла падтрымку ідэя распрацоўкі краязнаўчых маршрутаў, экскурсіі па якіх могуць праводзіцца і для мясцовых жыхароў, і для гасцей з суседніх рэгіёнаў. Іх распрацоўкай актыўна займаюцца навучэнцы педагагічнага каледжа. Складаць іх дапамагаюць актывісты Лоеўскага музейнага аб’яднання “Нашчадкі Лоя”. Гэтаму быў прысвечаны шэраг адукацыйных семінараў.

Дапамагае ўдзельнікам праекта ў падборцы, пошуку і сістэматызацыі матэрыялаў для распрацоўкі краязнаўчых маршрутаў эксперт праекта Андрэй Лебядзеў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Ён даследуе аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, а таксама гісторыю сядзіб і маёнткаў, якія існавалі калісьці на тэрыторыі Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў.

Сумеснымі намаганнямі распрацаваны інфармацыйны буклет “Цікавосткі Лоеўшчыны”, які быў прэзентаваны падчас культурна-пазнавальнага тура па Лоеўскім раёне. Ужо праведзеныя краязнаўчыя сустрэчы і экскурсіі ў некалькіх населеных пунктах Брагінскага і Лоеўскага раёнаў.

Члены музейнага аб’яднання з азнаямленчымі экскурсіямі наведалі Веткаўскі музей стараверніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Г.Шклярава і горад Рэчыцу. Экскурсія па Рэчыцкім музеі насіла незвычайны характар. Экскурсавод, знаёмячы з экспазіцыяй музея, рабіла акцэнты на прадметы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі і асобамі Лоеўскага раёна.

Праца музейнага аб’яднання нацэленая на адраджэнне традыцыйнай культуры. З лістапада 2017 г. стартаваў цыкл заняткаў па навучанні традыцыйным танцах. Майстар-класы праводзіць удзельніца музейнага аб’яднання “Нашчадкі Лоя” Алена Івахненка. З жывой цікавасцю танцам навучаюцца школьнікі Мікуліцкай і Іалчанскай школ Брагінскага раёна, да працы падключыліся студэнты УА “Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж”.

Музейнае аб’яднанне сабрала актыўных, ініцыятыўных і спагадлівых людзей. Ва ўдзельнікаў музейнага аб’яднання шмат цікавых ідэй і задум, ключавым у іх рэалізацыі з’яўляецца падтрымка мясцовых жыхароў. Музейнае аб’яднанне “Нашчадкі Лоя” выказвае падзяку ўсім удзельнікам рэалізацыі мерапрыемстваў праекта і спадзяецца на далейшую плённую працу па прасоўванні ініцыятыў.