СА / 2021 / Работа з гісторыка-культурнай спадчынай праз прызму ўвекавечання памяці пра загінулых як форма не/музейнага віду дзейнасці

Генадзь Сівохін1, Ксенія Сямашка2

РАБОТА З ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНАЙ ПРАЗ ПРЫЗМУ ЎВЕКАВЕЧАННЯ ПАМЯЦІ ПРА ЗАГІНУЛЫХ ЯК ФОРМА НЕ/МУЗЕЙНАГА ВІДУ ДЗЕЙНАСЦІ* **

 

(Сівохін, Г., Сямашка К. Работа з гісторыка-культурнай спадчынай праз прызму ўвекавечання памяці пра загінулых як форма не/музейнага віду дзейнасці [Электронны рэсурс] / Г. Сівохін, К. Сямашка // Культура & Антрапалогія — 2021. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/53669. — Дата доступу: 02.02.2021)

 

*Артыкул грунтуецца на выніках даследавання, агучаных ў дакладзе Праблематызацыя работы з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь у сучасным беларускім музеі праз прызму камемарацыйных практык па ўвекавечанню памяці пра загінулых як формы не/музейнага віда дзейнасці падчас навукова-практычнай канферэнцыі “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: выклікі і рашэнні, арганізаванай Беларускім камітэтам ICOMOS (г. Мінск, 19–20 чэрвеня 2020)

**Першая публікацыя: Сівохін, Г., Сямашка К. Работа з гісторыка-культурнай спадчынай праз прызму ўвекавечання памяці пра загінулых як форма не/музейнага віду дзейнасці / Г. Сівохін, К. Сямашка // “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей : выклікі і рашэнні. Зб. арт. ; [нав. рэд. С.А. Стурэйка]. — Гродна, 2021. — С. 155–164.

 

У сучасным беларускім музеі ад музея класічнага — навукова-даследчай установы, якая інтэрпрэтуе і прэзентуе пэўныя артэфакты — сёння застаецца ўсё менш і менш. Заўважныя масавыя тэндэнцыі да мімікрыі пад забаўляльныя ўстановы, якія ў сваёй дзейнасці наогул не грунтуюцца на музейным артэфакце. Разам з тым, прысутнічае і тэндэнцыя да ўтварэння на базе музеяў цэнтраў дакументацыі, калі асноўным аб’ектам вышуку, збору, даследавання і інтэрпрэтацыі музейнымі сродкамі, у тым ліку і публічнай прэзентацыі, становіцца не сам музейны прадмет — артэфакт, а пэўны дакумент, які да яго адсылае альбо які сведчыць пра яго.

З аднаго боку, мы назіраем татальныя трансфармацыі шляхоў развіцця музеяў у бок іх дыгіталізацыі. З другога боку, пытанне поўнай адсутнасці фінансавання ў большасці беларускіх музеяў на закупку музейных прадметаў для папаўнення ўласных фондаў дагэтуль не вырашанае і наўрад ці будзе вырашанае ў бліжэйшым часе. З трэцяга (гэта актуальна перадусім для краязнаўчых і этнаграфічных музеяў, якія спецыялізуюцца на зборы прадметаў “традыцыйнай” этнаграфіі, але не толькі для іх) можна канстатаваць фактычнае знікненне крыніц папаўнення музейных фондаў арыгінальнымі артэфактамі. У святле вышэй сказанага, актуальным становіцца пытанне пра стварэнне на базе класічных прадметных музеяў цэнтраў дакументацыі культурнай спадчыны — у першую чаргу на аснове лічбавых крыніц. Такі падыход сёння мог бы стаць адным з найбольш перспектыўных шляхоў развіцця музеяў. Натуральна, пры выбары шляху развіцця ў бок дыгіталізацыі нельга адмаўляцца і забывацца пра асноўны музейны від работы — работу з артэфактамі.

Да таго ж, шэраг музеяў, перадусім мемарыяльных і манаграфічных, ад самага пачатку ў значнай ступені ў сваім развіцці грунтаваліся менавіта на мадэлі цэнтраў дакументацыі. У тым ліку па такім шляху развіцця пайшоў і лоеўскі Музей бітвы за Днепр (далей — Музей), які сёлета адзначае 35-я ўгодкі з моманту адкрыцця ў 1985 г.

Ведучы работу не столькі па зборы артэфактаў — сведчанняў падзей на берагах Дняпра ў 1943 г., колькі па дакументацыі гісторыі часоў Другой сусветнай вайны, Музей арганічна прыйшоў да стварэння ў 2019 г. на сваёй базе навукова-даследчага і адукацыйнага праекта “Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны” [1]. Тым больш, што музей фактычна ад пачатку займаўся падобай работай: апрача ўжо згаданай закладзенай ад моманту яго стварэння мадэлі цэнтра дакументацыі, на яго, як і на шэраг іншых музеяў Беларусі, з пачатку 2000-х гг. былі “навешаныя” абавязкі па вядзенню работы па навукова-метадычным суправаджэнні дзейнасці райвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і па ўвекавечанню памяці пра загінулых пры абароне Бацькаўшчыны і ахвяр войнаў. У 2003 г. на Музей былі ўскладзеныя абавязкі па вядзенню ўліку помнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна [8]. Прыкладна тады ж ускладзеныя абавязкі па вядзенню работы па ўвекавечанню. Апрача гэтага цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея займаецца ўвекавечаннем памяці ахвяр Халакосту на тэрыторыі Лоева і Лоеўскага раёна, а таксама даследаваннямі тэмы прымусовых работ ваеннага часу [17].

Можна доўга спрачацца, наколькі эфектыўна і мэтазгодна (больш за тое, адэкватна) абцяжарваць музейныя ўстановы Беларусі дадатковымі абавязкамі па вядзенню немузейнай работы. Тым больш, музеі не маюць на гэта прававых паўнамоцтваў, чалавечых рэсурсаў і папросту кваліфікаваных кадраў. Пры тым абцяжарванне музеяў робіцца без вызвалення ад асноўнай “музейнай” работы, і ў выніку ўскладзеныя на музеі аддзеламі культуры райвыканкамаў новыя функцыі не могуць быць рэалізаваныя ў поўнай меры.

Але факт застаецца фактам — работа па ахове спадчыны цяпер ускладзеная амаль выключна на музеі. Напрыклад, са 137 спецыялістаў гар- і райвыканкамаў па краіне, якія адказваюць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, 78 з’яўляюцца супрацоўнікамі музеяў, 39 — метадычных цэнтраў і 2 — бібліятэк [10]. Работа па ўвекавечанню разам з дзейнасцю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны становіцца не толькі галоўным відам немузейнай дзейнасці беларускіх музеяў, а часта і наогул ледзь не асноўным відам дзейнасці асобных музеяў, асабліва ў ключы актывізаванай апошнім часам увагі наглядных органаў.

 

Іл. 1. …са 137 спецыялістаў гар- і райвыканкамаў па краіне, якія адказваюць за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, 78 з’яўляюцца супрацоўнікамі музеяў, 39 — метадычных цэнтраў і 2 — бібліятэк (ліст МК ад 05.12.2019 № 04-09/6614)

 

Лоеўскі раён — не выключэнне. Ён, напэўна, хаця і не самы багаты на аб’екты з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (далей — Спіс) раён Беларусі, але ж і не самы бедны. Згодна са Спісам, у якім налічваецца 54 адзінкі на тэрыторыі раёна, усе “лоеўскія” гісторыка-культурныя каштоўнасці — матэрыяльныя. І ўсе — нерухомыя. Спісачных элементаў нематэрыяльнай спадчыны ў Лоеўскім раёне не прадстаўлена зусім.

З уключаных у Спіс аб’ектаў катэгорыі “0” — аніводнай адзінкі, катэгорыі “1” — адна адзінка: гэта мемарыяльны камень, усталяваны на т.зв. месцы фарсіравання Дняпра ў 1943 г. Гісторыка-культурная каштоўнасць так і называецца — “Месца фарсіравання р. Днепр” (1943 год, шыфр 311Д000879, месца знаходжання: за 1,5 км ад в. Крупейкі).

Каштоўнасцяў катэгорыі “2”, уключаных у Спіс, таксама толькі адна адзінка: “Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, флігель, парк”, п.п. ХІХ ст. (шыфр 312Г000489, месца знаходжання: а.г. Пярэдзелка).

 

Іл. 2. 54 аб’екты культурнай і гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Лоеўскага раёна ўключаныя ў Дзяржаўны спіс: кат. “0” — 0 адз., кат. “1” — 1 адз., кат. “2” — 1 адз., кат. “3” — 52 адз.

 

Усе астатнія 52 адзінкі маюць катэгорыю “3” — гэта помнікі гісторыі і помнікі археалогіі, якіх налічваецца 27 і 22 адпаведна. Помнікаў архітэктуры ў Спісе 5 адзінак. Запаведных жа мясцін і помнікаў горадабудаўніцтва, як і помнікаў мастацтва, у Спісе няма.

Толькі на адзін аб’ект са Спісу, размешчаны на тэрыторыі Лоеўскага раёна, распрацаваны і зацверджаны праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны [8; 15]. Гэта — згаданы вышэй “Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, флігель, парк”.

 

Іл. 3. Пераважная большасць аб’ектаў культурнай спадчыны, якія ўключаныя ў Дзяржаўны спіс — помнікі гісторыі і помнікі археалогіі, якіх налічваецца 27 і 22 адзінкі адпаведна. Помнікаў архітэктуры ў Дзяржаўны спіс уключанае 5 адзінак. Запаведных мясцін і помнікаў горадабудаўніцтва Лоеўскага раёна, як і  помнікаў мастацтва, у Дзяржаўным спісе няма

 

Апрача таго, можна прывесці наступныя фармальныя звесткі пра стан гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Лоеўскага раёна [8; 15]: так, згодна з ведамаснай справаздачнасцю, на ўсіх 54 аб’ектах са Спісу ўсталяваныя ахоўныя дошкі, на ўсе аб’екты складзеныя пашпарты і падпісаныя ахоўныя абавязацельствы. У дзяржаўнай форме ўласнасці знаходзіцца 47 аб’ектаў (у рэспубліканскай — 6, камунальнай — 41), у прыватнай — 7, усе ва ўласнасці юрыдычных асоб.

Апрача таго, на тэрыторыі раёна размешчанае некалькі дзясяткаў аб’ектаў культурнай спадчыны, якія згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў Спіс, але па тых ці іншых прычынах у яго не ўключаныя [16].

Згодна з ведамаснай справаздачнасцю, пераважная большасць аб’ектаў культурнай спадчыны знаходзяцца ў здавальняючым або добрым стане захаванасці. Толькі два аб’екты з 54 знаходзяцца ў нездавальняючым стане [15]. Гэта — помнік гісторыі “Брацкая магіла”, 1943 г. (шыфр 312Г000475, катэгорыя “3”, размешчаны ў в. Дзяражычы, Бывалькаўскі с/с), і помнік археалогіі “Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку”, І т. да н.э. (шыфр 313В000479, катэгорыя “3”, размешчаны ва ўрочышчы “Клецішча” непадалёк ад былой в. Лісуны).

Пры гэтым на помніку гісторыі “Брацкая магіла”, в. Дзяражычы, на дадзены момант ідуць рамонтныя работы. Тэрыторыя ж помніка гісторыі “Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку” ва ўрочышчы “Клецішча” непадалёк ад былой в. Лісуны размешчана пасярод поля і ўзараная, таму, відавочна, аб’ект у значнай ступені страчаны. Але адназначна ступень страчанасці або яго захаванасці нам магло б паказаць толькі адмысловае даследаванне.

Такім чынам, з фармальнага пункту гледжання справы з аховай гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Лоеўскага раёна, магчыма, знаходзяцца і не на самым лепшым узроўні, але ж відавочна і не ў катастрафічным стане.

Як бачна з папярэдняга аналізу культурнай спадчыны рэгіёну, большая яе частка — гэта “лакальныя” помнікі гісторыі і культуры. Роўна 50 % іх складаюць помнікі гісторыі. З помнікаў гісторыі ўсе аб’екты, за выключэннем згаданага вышэй мемарыяла на месцы фарсіравання Дняпра, уяўляюць воінскія пахаванні: 19 брацкіх магіл, 4 магілы ахвяр войнаў і 3 індывідуальныя воінскія пахаванні. Усе без выключэння — перыяду Другой сусветнай вайны.

 

Іл. 4. Самы буйны блок ГКК — роўна 50 %, — складаюць помнікі гісторыі, з якіх усе аб’екты, за выключэннем мемарыяла на месцы фарсіравання Дняпра ў 1943 г., уяўляюць воінскія пахаванні. Перад усім гэта брацкія магілы і пахаванні ахвяр войнаў перыяду Другой сусветнай вайны : 19 брацкіх магіл, 4 магілы ахвяр войнаў, 3 індывідуальныя воінскія пахаванні

 

Як бачна, пераважная большасць аб’ектаў увекавечання трапіла ў Спіс версіі 2007 г. — перацякла — з ранейшых яго версій: значная частка аб’ектаў разглядалася ў якасці гісторыка-культурнай спадчыны яшчэ за часамі СССР [6]. Аднак і пасля зацвярджэння Спіса версіі 2007 г. “работа” па яго напаўненні брацкімі і індывідуальнымі пахаваннямі воінаў Чырвонай арміі, партызан і мірных грамадзян — ахвяр войнаў не перапынялася, пра што сведчаць далейшыя яго папаўненні менавіта аб’ектамі ўвекавечання. Верагодна, пры наяўнасці ідэалагічнай устаноўкі на папаўненне Спіса, работу па ўключэнню ў яго аб’ектаў увекавечання прадстаўлялася “адказным асобам” найбольш простай, асабліва, калі ўяўляць пануючы ў сённяшняй Беларусі афіцыйны камемарацыйны дыскурс і дзяржаўную палітыку памяці.

 

Іл. 5. Апрача таго, на тэрыторыі раёна размешчаны шэраг не ўключаных у Дзяржаўны спіс аб’ектаў увекавечання, у тым ліку пахаванняў: 6 шэсць брацкіх магіл (агулам — 25), 1 магіла ахвяр войнаў (агулам — 5), 3 пахаванні савецкіх воінаў-інтэрнацыяналістаў. Усе 36 пахаванняў, у тым ліку ўключаныя ў Дзяржаўны спіс, стаяць на ўліку ва ўпраўленні па ўвекавечанні памяці абаронцаў Бацькаўшчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

 

Пераважная частка дадзенай работы зараз ускладзеная на музеі. Пры гэтым супрацоўнікі Музея не з’яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі і не валодаюць дзяржаўна-ўладнымі паўнамоцтвамі, фармальна імі можа ажыццяўляцца толькі навукова-метадычнае суправаджэнне працы аддзела ў галіне ўвекавечання.

Дзейнасць лоеўскага Музея па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны арганізавана ў адпаведнасці са штогадовымі планамі работы па ўвекавечанні, распрацаванымі на аснове раённага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы на 2015–2020 гады [13]. Таксама ў раёне створаная камісія па правядзенні інвентарызацыі воінскіх пахаванняў.

У выніку навуковай і палявой работы, якая праводзіцца супрацоўнікамі Музея, рэгулярна высвятляюцца імёны загінулых, пахаваных у брацкіх магілах. У адпаведнасці з Палажэннем Музеем арганізаваная праца па першасным уліку пахаванняў загінулых падчас войнаў і рэгістрацыі пахаванняў замежных вайскоўцаў. У рамках гэтай дзейнасці пашпартызаваныя 36 пахаванняў. Пашпарты сістэматызаваныя па тэрытарыяльным прынцыпе і захоўваюцца ў Музеі. У сувязі са змяненнямі ва ўліковых дадзеных воінскіх пахаванняў на бягучы момант праводзіцца праца па складанні новых пашпартоў [11; 12; 14].

Музеем таксама арганізаваная работа па вядзенні раённага аўтаматызаванага банка даных “Книга памяти”. У хадзе правядзення архіўна-даследчых работ праз аддалены доступ да архіўных устаноў (агульнадаступныя базы дадзеных “Мемарыял”, “Памяць Народа”, “Подзвіг Народа”, Arolsen Archives) за перыяд 2015-2020 гг. вызначаныя 1 135 раней невядомых прозвішчаў загінулых на тэрыторыі Лоеўскага раёна савецкіх жаўнераў. У больш чым 2 000 загінулых скарэктаваныя і верыфікаваныя ўліковыя дадзеныя (асабістыя дадзеныя, дата нараджэння, месца нараджэння, месца прызыву, прычына і месца выбыцця, дадзеныя сваякоў загінулага). На працягу 2019 г. Музеем устаноўлены 141 раней невядомая прозвішча пахаваных салдат, звесткі аб іх унесеныя ва ўліковыя дадзеныя воінскіх пахаванняў. Па стане на красавік 2020 г. колькасць пахаваных у воінскіх пахаваннях і пахаваннях ахвяр войнаў — 11 858 пахаваных, у тым ліку дадзеныя якіх устаноўлены — 11 657 пахаваных, невядомых — 201 пахаваных [11; 12; 14].

Па выніках архіўнай працы ў 2019 г. Музеем прадстаўленая інфармацыя па 44 зваротах па пытанню высвятлення месца гібелі, нанясення прозвішчаў на мемарыяльныя пліты, высвятлення лёсу. За першы квартал 2020 г. — ужо па 23 зваротах [11; 13; 15].

У адпаведнасці з Палажэннем арганізаванае і правядзенне пахавання парэштак байцоў Чырвонай арміі, выяўленых пры правядзенні палявых пошукавых работ. Парэшткі савецкіх вайскоўцаў, выяўленыя 52-м асобным спецыялізаваным батальёнам, у 2018 г. былі перапахаваныя згодна з рашэннем Лоеўскага райвыканкама ў брацкую магілу ў н.п. Ручаёўка (уліковы нумар 2021) [9], якая пры гэтым з’яўляецца і гісторыка-культурнай каштоўнасцю, уключанай у Спіс.

Як бачна з прыведзенага вышэй аналізу, на аб’ектах увекавечання — брацкіх і індывідуальных пахаваннях пастаянна вядзецца работа. Пачынаючы з канца 1940-х гг. рэгулярна, не менш чым раз на дзесяцігоддзе выходзілі пастановы Ураду БССР па персанальным уліку, прывядзенні ў адпаведны санітарны стан, перапахаванні і ўзбуйненні месцаў пахавання, іх даглядзе і добраўпарадкаванні, таксама выдаваўся і шэраг лакальных нарматыўна-прававых актаў [18]. Дагэтуль у выніку даследчай і пошукавай работы наносяцца новыя імёны на пайменныя пліты і г.д., што часта не проста прынцыпова, а незваротна зменьвае аблічча аб’ектаў ўвекавечання.

 

      

      

Іл. 7–11. Гісторыка-культурная каштоўнасць “Магіла невядомага лётчыка”, 1943, шыфр 313Д000842, катэгорыя “3”. Месцазнаходжанне: каля п. Майск / Воінскае пахаванне “Індывідуальная магіла”, 1943. Уліковы нумар 6151

 

Сёння работы па ўвекавечанню, якія арганізоўваюцца перадусім пад эгідай Міністэрства абароны, актыўна працягваюцца: праводзяцца пошукавыя работы, раскопкі, перапахаванні і нанясенні выяўленых імёнаў на пахаваннях. Работы, уключаючы і ўлік воінскіх пахаванняў, нанясенне імёнаў, падзахаванні, добраўпарадкаванне, рамонтна-рэстаўрацыйныя работы і г.д., — праводзяцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам аб увекавечанні, якое пры гэтым уступае ў пярэчанне з заканадаўствам у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, бо падчас іх правядзення аказваецца значнае ўздзеянне на матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якое прыводзіць да іх змянення. І дадзеныя работы як правіла праводзяцца без навуковага ці якогась іншага абгрунтавання, як таго вымагае заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Такім чынам, апрача падвоенага ўліку воінскіх пахаванняў — і Міністэрствам абароны, і Міністэрствам культуры, — назіраецца сітуацыя, калі дзеля выканання заканадаўства па ўвекавечанню пры правядзенні работ на аб’ектах часта мае месца ігнараванне норм заканадаўства па ахове спадчыны як з боку ўласнікаў, так і адпаведных дзяржаўных органаў.

 

      

Іл. 12–14. Гісторыка-культурная каштоўнасць “Брацкая магіла”, 1943, шыфр 313Д000481, катэгорыя “3”. Месцазнаходжанне: в. Міхалёўка / Воінскае пахаванне “Брацкая магіла”, 1943. Уліковы нумар 2018
“Народны мемарыял”: навукова неабгрунтаванае парушэнне рэжыму захавання ГКК vs жывыя “нізавыя” практыкі гістарычнай памяці

 

Выкананне ж заканадаўства па ахове спадчыны часта не толькі не магчымае, але і, будзем чэсныя, немэтазгоднае. Справа не ў тым, што вырабленыя за савецкімі часамі манументы, помнікі з бетону не толькі тыповыя і быццам не ўяўляюць асаблівай каштоўнасці і вырабленыя з недаўгавечных матэрыялаў. Насамрэч, яны з’яўляюцца сведчаннем эпохі і адбіваюць цэлы пласт у эстэтычным развіцці, а таму натуральна, уяўляюць і гістарычную, і мастацкую каштоўнасць. Нават у параўнанні з першапачатковымі задумай і выкананнем ужо кардынальна змененыя на сённяшні час, шмат якія з іх застаюцца помнікамі сваёй эпохі.

 

      

   

Іл. 15–19. Гісторыка-культурная каштоўнасць “Брацкая магіла”, 1943, шыфр 312Г000475, катэгорыя “3”. Месцазнаходжанне: в. Дзяражычы / Воінскае пахаванне “Брацкая магіла”, 1943. Уліковы нумар 2012

 

Але для іх захавання неабходна прымаць кардынальныя/радыкальныя меры па правядзенні выратавальных рамонтных работ. І часта — вельмі аператыўна. А патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” вельмі стрымліваюць і не спрыяюць правядзенню такіх рамонтна-рэстаўрацыйных работ.

 

   

   

Іл. 20–23. Гісторыка-культурныя каштоўнасці “Брацкая магіла”, 1943, шыфр 312Г000853, катэгорыя “3”. Месцазнаходжанне: каля былой в. Вазон / Воінскае пахаванне: “Брацкая магіла”, 1943. Уліковы нумар 2013.
“Рамонтныя работы”

 

Трэба прызнаць, што насамрэч, “вайсковы” ўлік аб’ектаў увекавечання — больш дзейная мера па іх захаванні ў параўнанні з унясеннем тых у Спіс. Больш за тое, як паказвае практыка, не гледзячы ні на якія кодэксы змяненні былі, ёсць і будуць… І кодэксы не абараняюць, наадварот, часта спрыяюць разбурэнню аб’ектаў, стрымліваючы развіццё сучасных практык камемарыцыі і ўяўленняў пра “недзяржаўныя” практыкі палітыкі памяці / гістарычнай памяці. Тыя ж народныя “нізавыя/наіўныя” мемарыялы, якія мы можам назіраць на шэрагу брацкіх пахаванняў [2; 3; 4; 5], пры правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” руйнуюцца. Такім чынам, уключэнне ў Спіс не столькі спрыяе захаванню аб’ектаў, а стварае сітуацыю ўмоўнай “кансервацыі”, якая ў выніку прыводзіць да разбурэння.

 

    

   

Іл. 24–27. Гісторыка-культурныя каштоўнасці “Брацкая магіла”, 1943, шыфр 312Г000476, катэгорыя “3”. Месцазнаходжанне: каля былой в. Каязрогі / Воінскае пахаванне: “Брацкая магіла”, 1943. Уліковы нумар 2015.
“Рамонтныя работы”

 

Таксама, пры ўсёй спрэчнасці ідэалагічнага кантэнту савецкай і постсавецкай беларускай палітыкі памяці, знаходжанне брацкіх магіл у Спісе фармалізуе практыкі камемарацыі і пярэчыць “жывым” натуральным камемаратыўным практыкам, іх трансляцыі, перадачы да новых генерацыяў і натуральнаму аўтахтоннаму развіццю, надаючы аб’ектам увекавечання дадатковы ідэалагічны і фармалізавальны флёр.

Натуральным выйсцем з дадзенай сітуацыі было б выключэнне аб’ектаў увекавечання са Спісу (магчыма, апрача найбольш значных і важных з гістарычнага ці мастацкага пункту гледжання) і пакіданне іх выключна ў сферы дзеяння заканадаўства па ўвекавечанню памяці аб загінулых пры абароне Бацькаўшчыны і ахвяр войнаў.

 

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС

Аб культурна-адукацыйнай і выставачнай рабоце [Электронны рэсурс]: загад дырэктара музея па асноўнай дзейнасці ад 18 снежня 2019 г. № 29 // МБЗД. — Ф. 2. Воп. 7. Спр. 8. — 1 дак. у эл. выгл. (78,5 Кб).

Акт обследования состояния братских захоронений и памятников, расположенных на территории Лоевского района рабочей группой по проведению мониторинга воинских захоронений, могил жертв фашизма и памятников воинской славы Лоевского районного исполнительного комитета от 23 апреля 2020 г. [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 7. Спр. 7. — 1 дак. у эл. выгл. (33 Кб).

Акт обследования состояния братских захоронений и памятников, расположенных на территории Лоевского района рабочей группой по проведению мониторинга воинских захоронений, могил жертв фашизма и памятников воинской славы Лоевского районного исполнительного комитета от 27 февраля 2020 г. [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 7. Спр. 7. — 1 дак. у эл. выгл. (32 Кб).

Акты правядзення маніторынгу (праверкі стану захаванасці і выкарыстання) аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны (нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў) і ўвекавечання памяці аб загінулых за 2019 г. [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 6. Спр. 1. — 32 дак. у эл. выгл. (1,23 Гб).

Акты правядзення маніторынгу (праверкі стану захаванасці і выкарыстання) аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны (нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў) і ўвекавечання памяці аб загінулых за І кв. 2020 г. [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 7. Спр. 1. — 19 дак. у эл. выгл. (399 Мб).

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. — Мінск: БелСЭ, 1985. — 383 с.

Звесткі аб гісторыка-культурных каштоўнасцях [Электронны рэсурс]: справаздача за І квартал 2020 г. // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 7. Спр. 4. — 1 дак. у эл. выгл. (35 Кб).

Информация о Музее битвы за Днепр [Электронны рэсурс]: 2003 // Навуковы архіў Музея бітвы за Днепр (МБЗД). — Ф. 2 Воп. 2. Спр. 1 — 1 дак. у эл. выгл. (1,89 Мб)

О проведении захоронения военнослужащих, погибших в годы Великой Отечественной войны [Электронны рэсурс]: утв. решением Лоевского районного исполнительного комитета от 17.12.2018 № 967 // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 5. Спр. 8. — 1 дак. у эл. выгл. (28 Кб).

О создании районной вертикали системы государственного управления в сфере охраны историко-культурного наследия [Электронны рэсурс]: письмо Министерства культуры от 05.12.2019 № 04-09/6614 // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 6. Спр. 5. — 1 дак. у эл. выгл. (6,05 Мб).

О ходе выполнения в 2019 году регионального комплекса мероприятий по реализации государственной программы на 2015–2020 годы по увековечению погибших при защите Отечества и сохранению памяти о жертвах войн на 2016–2020 годы [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 6. Спр. 6. — 1 дак. у эл. выгл. (27 Кб).

Отчет отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи Лоевского районного исполнительного комитета об организации работы по увековечению памяти защитников Отечества и сохранении памяти о жертвах войн на территории Лоевского района [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 7. Спр. 6. — 1 дак. у эл. выгл. (35,3 Кб).

Районный комплекс мероприятий по реализации Государственной программы на 2015–2020 годы по увековечению погибших при защите Отечества и сохранению памяти о жертвах войн на 2016–2020 годы [Электронны рэсурс]: утв. решением Лоевского районного Совета депутатов от 21.04.2017 г. № 120 (с внесенными изменениями решениями Лоевского районного Совета депутатов от 07.02.2019 г. № 62 и от 25.09.2019 г. № 96) // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 6. Спр. 8. — 1 дак. у эл. выгл. (29 Кб).

Сведения о выполнении показателей Государственной программы по увековечению погибших при защите Отечества и сохранению памяти о жертвах войн в 2019 году [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 3. Воп. 6. Спр. 6. — 1 дак. у эл. выгл. (22 Кб).

Сведения о ходе реализации мер по охране историко-культурного наследия Республики Беларусь [Электронны рэсурс]: Ведомственная отчетность за 2019 год // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 6. Спр. 4. — 1 дак. у эл. выгл. (69 Кб).

Список объектов наследия Лоевского района [Электронны рэсурс] // МБЗД. — Ф. 4. Воп. 7. Спр. 4. — 1 дак. у эл. выгл. (519 Кб).

Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр [Электронны рэсурс] / Музей бітвы за Днепр. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/48570. — Дата доступу: 04.05.2020.

Увековечение памяти защитников Отечества и жертв войн в Беларуси 1941–2008 гг.: док. и материалы / сост. : В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: НАРБ, 2008. — 304 с.

 

 

1 Генадзь Аляксандравіч Сівохін — кіраўнік Цэнтра дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр (Лоеў). Этнограф, сацыяльны антраполаг. Поле навуковых інтарэсаў палягае ў даследаваннях па музейнай этнаграфіі, палітыцы памяці і камемаратыўных практыках, постпамяці пра Шаа на Беларусі.

2 Ксенія Ўладзіміраўна Сямашка — дырэктарка Музея бітвы за Днепр (Лоеў). Этнографка, музеезнаўка. Поле навуковых інтарэсаў палягае ў даследаваннях па традыцыйнай культуры і лакальнай гісторыі Лоеўшчыны, яе інтэрпрэтацыі і прэзентацыі музейнымі сродкамі.