Адна з самых трагічных старонак у гісторыі Лоеўшчыны часоў Другой сусветнай вайны — гэта прымусовыя работы ў Нямеччыне, куды былі выгнаныя больш за тысячу жыхароў Лоеўскага краю.
Трагедыя — гэта не проста выгнанне з роднага краю і жыццё ў жудасных умовах рабства. Насамрэч, шмат каму магло пашчасціць трапіць жыць у “баўэра” у даволі добрых умовах. Але так шчасціла далёка не ўсім.
Дый вяртанне на радзіму часта было горшым за вусціш выгнання — чысткі, праверкі, кляймо здрадніка паламіла жыццёвыя лёсы безлічы беларусаў…
Створаная база — вынік навукова-даследчай дзейнасці Сямашкі Ксеніі (дырэктарка Музея, 2019-2022). Даследаванне тэмы, збор матэрыялаў, складанне спісаў, усталяванне лёсаў, пошук сваякоў, стварэнне мультымедыйных праектаў вяліся з 2019 па 2022 гады. Вывучэнне тэмы і яе апублічанне дазволілі падняць пласт раней недаследаваных матэрыялаў і незафіксаваных успамінаў людзей, якія сталі сведкамі, удзельнікамі і відавочцамі падзей 1941-1945 гадоў.