СА / 2020 / Рэпрэзентацыя канцэпта “Дом” у новай экспазіцыі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”

Рэпрэзентацыя канцэпта “Дом” у новай экспазіцыі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”

Стрыбульская Наталля,

намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

 

(Стрыбульская, Н. Рэпрэзентацыя канцэпта “Дом” у новай экспазіцыі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы” [Электронны рэсурс] / Н. Стрыбульская // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/48779. — Дата доступу: 16.01.2020 )

 

Мемарыяльная культура або культура ўшанавання ўключае ў сябе, нароўні з формамі, што склаліся гістарычна, і музеефікацыю, якая ажыццяўляецца праз рэтрансляцыю жыццёва важных каштоўнасцей з мінулага ў сучаснасць і будучыню.

У 2019 створана новая экспазіцыя ў адным з чатырох філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які называецца «Акопы». У фальварку Акопы з 1909 па 1926 жылі мама і сёстры Янкі Купалы, да якіх ён прыязджаў з Вільні, Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга на працягу 16 гадоў. Наваколлі сядзібы сталі для Купалы месцам літаратурных і сяброўскіх сустрэч, дыскусій, спасціжэння народных традыцый. Акопах беларуская літаратура абавязана сваімі самымі яркімі старонкамі. Больш за восемдзесят твораў, напісаных там, ахопліваюць увесь ідэйна-тэматычны дыяпазон лірыкі паэта – грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай, інтымнай. Менавіта там заквітнеў геній Янкі Купалы: у Акопах ён нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выбітны драматург.

Бянігна Іванаўна Луцэвіч, маці Янкі Купалы, арандавала сядзібу, а пасля рэвалюцыі яна перайшла ў яе ўласнасць. Той факт, што ў канцы 1920-х гадоў сям’я паэта трапіла пад раскулачванне, на працягу дзесяцігоддзяў быў істотнай перашкодай для мемарыялізацыі Акопаў.

Асноўнай мэтай пры мадэляванні экспазіцыйнай прасторы стала раскрыццё вобразу Дома, які ператварыўся ў “алтар” Творчасці для Паэта – выразніка духу свайго народа, стваральніка паэтычнага партрэта Айчыны ў эпоху духоўнага адраджэння беларускай нацыі.

Канцэпт “Дом” выдатна раскрываецца ў творах Янкі Купалы і трактуецца ім вельмі шырока. Дом агульны, “родны край” - уся Беларусь. Дом лакальны - блізкае атачэнне як каталізатар культурнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Дом асабісты - месца, дзе яго чакаюць крэўныя.

Ідэйнае ўвасабленне экспазіцыі дае магчымасць прадставіць сілу сямейнага ачага як прасторы, звязанай з радаснымі імгненнямі творчасці, дзе пачынаецца дыялог Паэта з новым пакаленнем у фармаце “актыўнага музея”.

Для нас важна аднаўленне багатай духоўнай паліфаніі места, якое звязана з Янкам Купалам і людзьмі, што аказалі на яго вялікі ўплыў, сябрамі і паплечнікамі, роднымі. Візуалізацыя на экспазіцыйным аб’екце ў выглядзе карты зніклых сядзіб і хутароў, мясцовай прыроды з яе разнастайнымі рэсурсамі акрэслівае жыццёвае асяроддзе, якое арганічна ўваходзіла ў паўсядзённы побыт паэта і ўплывала на творчыя сродкі выражэння, свядомасць і, у рэшце, вырашала лёс.

Дарога эквівалентна філасофскага паняццю “шлях” – міфалагеме руху, прасторава-часовай арыентацыі, універсалу пазнання і культурнай творчасці. На гэтым шляху прыпынкі, звязаныя не толькі з месцамі, пазначанымі на карце, але, што галоўнае, з асобамі, якія стварылі блізкі круг Купалы – феномен лакальнага Дома паэта, экспазіцыйная рэканструкцыя якога ажыццяўляецца праз персаналіі сяброў і паплечнікаў. Гэта братэрства, кола аднадумцаў, якія адчуваюць абвостранасць сацыяльных канфліктаў у краіне, ўсведамляюць важнасць сваёй місіі як народных заступнікаў, аб'яднаных агульнай ідэяй нацыянальнага адраджэння беларусаў.

Новым экспазіцыйнага аб'ектам стала змадэляваная літаратурная гасцёўня дома дробнамаянтковай шляхты, дзе збіраюцца прадстаўнікі блізкага кола Купалы. Яна дзеліцца на дзве ўмоўныя часткі – аўтэнтыкі і актыўнасці. Атмасферу ўтульнасці і сямейнасці паласы аўтэнтыкі створаць мэбля і аксэсуары пачатку ХХ ст. Прадметы паласы актыўнасці вылучаюцца агрэсіўным белым колерам і становяцца аб’ектамі інтэрактыўнай інсталяцыі «пошук забароненай літаратуры і ўлётак».

У прастору наступнай залы мы ўводзім тры экспазіцыйна-мастацкіх вобраза – Дом, Жанчына, Мужчына.

Сітуацыя крызісу, якая існавала ў краіне, спараджала цікавасць да архетыпаў народнай культуры. Паняцце “сям’я” ёсць магчымасць трактаваць і ў метафарычным сэнсе, дзе пад сям’ёй разумеюцца не толькі сваякі, а ўвесь беларускі народ, рэтранслятарам культуры якога выступаў Янка Купала.

Цэнтральнае месца экспазіцыйна-мастацкага комплексу «Дом», займае вобраз маці, як захавальніцы роду. Мастацкія сродкі дапамогуць звязаць гэты вобраз з духоўнай народнай культурай, у самых старажытных традыцыях якой шматгранным сімвалам сям’і былі пчолы. Пчаліная матка ўвасабляла мудрасць, урадлівасць, працавітасць, эканомнасць, парадак. Усе гэтыя рысы непасрэдна адносяцца да маці Купалы - Бянігна Іванаўна, да таго ўладкавання жыцця і побыту, якое існавала ў Акопах, дзякуючы ёй.

Вобраз «Жанчына» раскрываецца праз верш «Жняя», дзе фігура жняі ўздымаецца ў сімвалічным абагульненні да постаці Беларусі і непасрэдна звязана з сонцам як з каронай для яе. Жаночая прырода Сонца лёгка прасочваецца і ў вусна-паэтычнай народнай творчасці.

Аб’яднае экспазіцыйную прастору скразны мастацкі вобраз аналага Сусветнага дрэва – Дуба. У першых залах ён з’яўляецца сімвалам свабоды і высакароднасці, мужчынскага пачатку, у апошнім трансфармуецца ў высушаны касцяк дрэва і Дома, які зноў адраджаецца, дзякуючы музеефікацыі. Купальскі вянок з дуба – вянок Мужчыны – падтрымае ідэю галоўнага мастацкага вобраза.

Натуральнай з’яўляецца сувязь Жанчыны і Мужчыны (вада + агонь) са старажытным рытуалам пакланення Богу летняга сонца – Купалу. Янка Купала нарадзіўся ў містычнае час актывізацыі ўсіх сіл прыроды, у дзень летняга сонцастаяння. Малады Ян Луцэвіч бярэ псеўданім Янка Купала і, такім чынам, злучае сябе назаўсёды з асаблівай міфалагічнай сістэмай. Зыходзячы з гэтага пасылу, натуральным становіцца стварэнне інтэрактыўнай інсталяцыі «Купалле», усярэдзіне якой наведвальнік суаўтарствуе з архаічнай культурай, праводзячы своеасаблівую дынамічную рэканструкцыю элементаў абраду.

Асабістым Домам для Купалы становіцца прастора творчасці, якую мы ўяўляем праз сукупнасць экспанатаў, арганізаваных па сістэме галерэі партрэтаў у якасці візуальна зафіксаванай інфармацыі пра паэта ў рэтраспектыве, і выданняў яго кніг, якія выйшлі ў свет у гады яго знаходжання ў Акопах з 1908 па 1926 – своеасаблівай галерэі дасягненняў. Лаўровы вянок Янкі Купалы над працоўным месцам паэта.

Закончыць экспазіцыйнае мадэляванне раздзел “Па Бацькаўшчыну!”. Галоўная задача – аб’яднаць прадстаўленне гістарычнага лёсу Акопаў як сімвала лёсу Беларусі ў 1910–1930-я гады, з драматургічнай спадчынай Янкі Купалы – творамі актуальнай грамадска-палітычнай праблематыкі. Крах ідэі прагрэсу гісторыі ў выніку катастроф, перажытых чалавецтвам ў пачатку ХХ стагоддзя, з’явіўся той асновай, на якой узніклі і павышаны інтарэс да архетыпаў у гісторыі культуры, і пастаноўка ўсяго комплексу праблем гэтага трагічнага часу.

Тэма Дома, Роднай зямлі раскрываецца праз драму «Раскіданае гняздо», на ідэйнай аснове якой ствараецца экспазіцыйная мадэль зруйнаванай культуры як беларускага народа, так і сям’і Купалы. Аснову складзе комплекс раней невядомых дакументаў канца 20-х – пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, звязаных з раскулачваннем, пазбаўленнем выбарчых правоў і вопісам маёмасці родных Янкі Купалы, якія пражывалі ў сядзібе Акопы і Лагойскім рэгіёне. Акопы сталі такім жа раскіданым гняздом, як і Дом герояў драмы.

Сумежны інфармацыйнае-мастацкі комплекс “Вялікія страты” паказвае як знішчаліся агульны, лакальны і асабісты Дамы Янкі Купалы. Падчас раскулачвання пацярпелі маці і сястры паэта, зяць расстраляны ў 1937. Бліжэйшы паплечнік Антон Грыневіч арыштаваны ў 1933, памёр у лагеры ў 1937. Любы сябар Антон Лявіцкі, які пісаў пад псеўданімам Ядвігін Ш, памёр у галечы ў 1922. Духоўны бацька Яна Луцэвіча ксёндз Аляксандр Астрамовіч пасля прыходу савецкай улады пераследваўся за нацыянальна-рэлігійную дзейнасць, памёр у 1921. У 1926 г. выйшла забарона на пастаноўку п’есы Купалы «Тутейшыя», напісаную ў Акопах. Пачалося згортванне палітыкі беларусізацыі.

Але любая дэструкцыя значыць не проста хаос, а рух, падчас якога ўжо непрыкметна пачынаецца перагрупоўка фрагментаў. Грамадская сістэма пры выхадзе з дэструктыўнага стану перабудоўваецца часцей за ўсё не ў жаданым або чаканым кірунку, а ствараецца нешта прынцыпова новае. Акцэнтным у экспазіцыйным комплексе «Паўстань» стаў маналог гераіні «Раскіданага гнязда» Зоські, якая адхіляе пакору, абвяшчаючы сябе ўсеўладнай каралевай зямлі гэтай, заклікаючы ісці «па бацькаўшчыну».

Актуалізацыя музейнымі сродкамі знакавых месцаў, дзе жыў і тварыў геній беларускай літаратуры Янка Купала, важная ўмова захавання нацыі, бо менавіта гістарычная памяць і ўнікальныя скарбы духоўнай культуры вызначаюць своеасаблівасць народа і краіны ў свеце. Экспазіцыйнае апавяданне пра канкрэтную асобу выліваецца ў аповяд аб знакавых падзеях, становіцца важнай кропкай адліку нацыянальнай гісторыі і рэсурсам актуальнай рэгіянальнай культуры. Трансфармацыя поглядаў ўносіць свае карэктывы і ў інтэрпрэтацыю спадчыны, якая набывае відавочна антрапацэнтрычна характар.