СА / 2019 / Андрэй КОЛАС. Супраціў сялян лоеўскага раёна падзеям калектывізацыі

Андрэй КОЛАС

аспірант Інстытута гісторыі

Нацыянальнай акадэміі навук

Беларусі

 

СУПРАЦІЎ СЯЛЯН ЛОЕЎСКАГА РАЁНА ПАДЗЕЯМ КАЛЕКТЫВІЗАЦЫІ*

 

(Колас, А. Супраціў сялян лоеўскага раёна падзеям калектывізацыі [Электронны рэсурс] / Андрэй Колас // Культура & Антрапалогія — 2019. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/48252. — Дата доступу: 17.11.2019)

 

* Першая публікацыя артыкулы: Творчество молодых, 2017 : Сб. научн. работ студентов, магистрантов и аспирантов : в 4 ч. / редкол.: О.М. Демиденко [и др.] ; Министерство образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф.Скорины. — Ч. 3. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2017. — 285 с.

 

Артыкул прысвечаны сялянскаму супраціву падзеям суцэльнай калектывізацыі ў Лоеўскім раёне. У канцы 1920 гадоў на думку савецкай улады каб паскорыць развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці патрэбна было аб’яднаць дробныя сялянскія надзелы ў калектыўныя. У сваю чаргу не ўсе сяляне падтрымлівалі такую палітыку партыі, асабліва заможныя і кулакі. Ужо пачынаючы з 1928 года сяляне Лоеўскага раёна арганізоўвалі розныя формы барацьбы, якія выражаліся ў знішчэнні калгаснай інфраструктуры, забойствах людзей, тэрарыстычных актах. Некаторыя бунты палохалі ўлады і яны вымушаны ісці на ўступкі сялянам. Асноўныя формы супраціву на Лоеўшчыне назіраліся да сярэдзіны 1930 гадоў.

Бальшавіцкі “Дэкрэт аб зямлі” з самага пачатку прадугледжваў перадачу ўсяго зямельнага фонду ва ўладанне ўраду Савецкай дзяржавы. Па планах У. І. Леніна для ліквідацыі базы капіталізму і хутчэйшай пабудовы сацыялістычнага ладу ў сельскай мясцовасці патрэбна было аб’яднаць дробныя сялянскія гаспадаркі ў калектыўныя. Ужо пачынаючы з палітыкі “Ваеннага камунізму”, дзяржава аказвала дапамогу ў стварэнні розных відаў сялянскай кааперацыі (Тозы, камуны, арцелі) [1 c. 176]. Не абмінулі працэсы кааперацыі і тэрыторыю сучаснага Лоеўскага раёна. На Лоеўшчыне ў 1920 годзе з’явіўся першы Тоз, які ў 1923 годзе быў ператвораны ў “Дняпроўскую камуну” [2, c. 129–130]. Аднак у кааператывы ўступалі ў асноўным бедныя сяляне, якія спадзяваліся вырашыць свае зямельныя і фінансавыя праблемы. Як паказала практыка, камуны выявілі сваю нежыццяздольнасць. К канцу 1923 года ў Гомельскай губерні лік камун скараціўся з 123 ў 1919 годзе да 34. Крызіс палітыкі “Ваеннага камунізму” і пераход да НЭПА даў сялянам магчымасць свабоднага выбару форм землекарыстання. Але дзяржава ставіла прыярытэт кааперацыі ў розных формах, працягвала аказваць фінансавую падтрымку [1 c. 178].

Сітуацыя рэзка пачала мяняцца з сярэдзіны 1920-х гадоў. Тэхнічная адсталасць Савецкай краіны і мара аб сусветнай рэвалюцыі вымусілі партыйнае кіраўніцтва ўзяць курс на індустрыялізацыю. Для будаўніцтва вялікай колькасці заводаў патрэбны былі вялікія фінансавыя сродкі. На той момант галоўным сродкам папаўнення бюджэту быў экспарт хлеба за мяжу. Крызіс хлебанарыхтовак 1927–1928 гадоў паскорыў пераход да калектывізацыі. Продаж хлеба па “цвёрдым” цэнам выклікаў нездавальненне ў сялян. У Лоеўскім раёне акцыі пратэсту выбухнулі ў Пярэдзелкоўскім сельскім савеце. У 1928 годзе сяляне-аднаасасобнікі вёскі Пярэдзелка падпалілі ў “Дняпроўскай камуне” свіран са збожжам. Камунары своечасова затушылі пажар, мясцовыя і раённыя ўлады абвінавацілі ў гэтай акцыі кулакоў [3 c. 2].

Гэтыя акцыі пратэсту паказалі незадаволенасць сялян палітыкай камуністаў. Але ж загад партыі па падрыхтоўцы да правядзення калектывізацыі ніхто не мог адмяніць, і ў далейшыя гады Лоеўскі раён зведаў шмат трагічных выпадкаў барацьбы сялян супраць мясцовых улад. Да правядзення калектывізацыі Лоеўскі раён не быў гатовы. Савецкія вучоныя вылічылі, якія калгасы павінны стаць рэнтабельнымі. Памер калгаса быў 400–500 гектараў. Кіраўніком калгаса павінен быў стаць чалавек, які меў дачыненне да сельскай гаспадаркі, пажадана з агранамічнай адукацыяй. Акрамя ўсяго, ён павінен стварыць умовы для хуткага ўкаранення перадавых тэхналогій, наладзіць дакладны ўлік працы, не дапускаць ураўнілаўкі. Вядома, што ў 1929 г. такія ўмовы не маглі быць рэалізаваны [4, c. 535].

У 1929 годзе Лоеўскі раён з’яўляўся адным з найбольш бедных раёнаў БССР. Беднасць тлумачылася прыроднымі умовамі і для вядзення сельскай гаспадаркі раён быў малаэфектыўны. Мясцовыя улады садзейнічалі развіццю меліярацыйных таварыстваў. Аднак мерапрыемствы былі малаэфектыўнымі. Большасць раёна заставалася забалочанай, з-за дрэннай ачысткі рэк адбываліся частыя паводкі, што ў 1933–1934 годзе выклікала голад амаль па ўсім сельсаветам раёна.

Праблемай раёна заставаліся малаўраджайныя пясчаныя глебы. Не толькі прыродныя фактары забяспечвалі нізкія ўраджаі. З-за слабага фінансавання на палі амаль не ўносіліся ўгнаенні, асабліва хімічныя. Забяспечанасць гаспадарак жывёламі была слабай. На пачатку 1929 г. не было паселішчаў з жывёлагадоўчым кірункам, у большасці выкарыстоўваўся двухпольны севазварот. Палова паселішчаў раёна была неземлеўпарадкаваная. Даход з дзесяціны зямлі, дзе выкарыстоўваўся двухпольны севазварот, складаў 25–35 руб. Усе гэтыя праблемы вымусілі ўлады панізіць суму даходнасці па раёну з 54 руб. у 1928 г. да 48 руб. у 1929 г. на адну дзесяціну. Аднак не гледзячы на праблемы, па загаду партыі раённае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да правядзення калектывізацыі [13, л. 59].

16–18.03.1929 г. адбыўся другі з’езд Саветаў Лоеўскага раёна, на якім было прынята рашэнне аб пачатку калектывізацыі сельскай гаспадаркі [5, c. 37]. І ўжо па стане на 01.07.1929 г. было калектывізаванае 182 гаспадаркі, утворанае 12 калгасаў, што складала усяго 2,5 % ад усей колькасці гаспадарак. Да канца снежня было калектывізаванае 19 % ад усіх гаспадарак. А к 01.10.1930 г. у раёне ўтварылася 16 калгасаў. 16.04.1931 года дзейнічала ўжо 60 калгасаў [6, c. 78]. Канешне, большасць сялян не хацела ўступаць у калгасы, бо ўлады аб’ядноўвалі ўсю маёмасць, нажытай цяжкай працай. Пры ўтварэнні калгаса “Палеская Праўда” Уборкаўскага сельскага савета ў сялян забіралі не толькі коней і кароў, а нават гусей і курэй [7]. Прыходзілася абагульваць сваю маёмасць, што вызывала незадавальненне шырокай масы сялян Лоеўшчыны. Першы пратэст сяляне сталі выражаць у забойстве сваёй жывёлы. З жніўня па снежань 1929 г. сяляне у раене забілі 1224 галавы жывёлы. Колькасць галоў за гэты перыяд скарацілася больш чым за ўсе гады грамадзянскай вайны. Для аднаўлення колькасці жывёлы раёну спатрэбіўся 31 год аж да 1959 г. [5, c. 38]. Такі нечаканы паварот падзей вымусілі мясцовыя ўлады тэрмінова распрацаваць комплекс мер па супрацьдзеянню масаваму забою жывёлы. На Пасяджэнні 03.01.1930 г. Лоеўскага РВК быў вызначаны комплекс мер па супрацьдзеянню масаваму забою жывёлы. За 1930 г. планавалася абагульніць хатнюю жывелу ўступіўшых і ўступаючых сялян у калгасы, продаж жывёл поўнасцю выключаўся. Вырабатана сетка мерапрыемстваў па шырокай агітацыі сялян уступаць у калгасы. Усіх кароў і цялят планавалася паставіць на ўлік. Улада павінна была ўлічваць нават прадукты харчавання для кароў [11, л. 1–2].

Для замацавання мерапрыемстваў супраць забою жывёлы з 20.01.1930 па 01.03.1930 г. быў праведзены месячнік жывёлагадоўлі. Сярод сялян праводзілася агітацыя, накіраваная супраць кулакоў. На кожным стэндзе ў хаце-чытальні знаходзілася інфармацыя пра уступленне сялян у калгасы [11, л. 2].

Масавы забой жывёлы — гэта толькі пачатак барацьбы сялян супраць калгаснай сістэмы. У 1929–1930 годзе адзначаны забойствы людзей. У Лоеўскім раёне ахвярамі сялян сталі дзве настаўніцы Ручаёўскага сельсавета, які ў 1929 годзе быў калектывізаваны на 70 % і займаў першае месца па раёну (усяго было ўтворанае 8 калектыўных гаспадарак). Першай забілі настаўніцу Галішэўскую па дарозе з вёскі Крывін ў вёску Нова-Кузнечную, калі яна вярталася са сходу, дзе вырашалася пытанне аб утварэнні калгасу. Годам пазней цяжкі лёс спаткаў іншую настаўніцу — Барышаву. У сваім дакладзе на 1 мая яна выступіла ў падтрыку правядзення калектывізацыі. За гэты выступ па дарозе на кватэру кулакі нанеслі настаўніцы некалькі ўдараў ломам па галаве, ад атрыманых траўм яна памерла [6, c. 80].

Забойствы людзей былі адзначаны не толькі ў Ручаёўскім сельскім савеце. У вёскі Барэц сяляне вялі напады на мясцовых жыхароў і забівалі іх [8]. Сваю агрэсію сяляне выкарыстоўвалі і супраць калгаснай інфраструктуры па прыкладу англійскіх лудзістаў пачатку 19 стагоддзя. На пачатку калектывізацыі у час пасяджэння калгаснай камісіі па хлебанарыхтоўках сяляне спалілі хлеў з хлебам у адным з буйнейшых калгасаў раёна “імя Сталіна” ў Крупейках. У в. Казіміраўка пасля арганізацыі калгаса “Чырвоны партызан” сяляне спалілі калгасны млын. Нярэдка заможнікі рассылалі запіскі з пагрозамі [6, c. 80]. Па ўсім раёне гарэлі скірды з сенам і саломай. Сяляне намагаліся знішчыць сваю маёмасць, толькі б яна не трапіла ў калгас [8].

Сітуацыя нагадвала сапраўдную грамадзянскую вайну, дзе барацьбу вялі сяляне з уладай, якая павінна была пабудаваць для іх светлае будучае. Найбольш выражаны супраціў сялян падзеям калектывізацыі адбыўся ў калгасе “Чырвоная гара” вёскі Аляшкоўка Ручаёўскага сельскага савета. Пасля абмеркавання дакладной запіскі першага сакратара ЦК КПБ(б) К. Гея аб прызнанні БССР рэспублікай усеагульнай калектывізацыі, раённыя і асабліва ўлады сельсаветаў для павышэння паказчыкаў калектывізацыі і пад’ёма па службе сталі перагібаць палку ў справе калектывізацыі, праводзіліся парушэнні ў арганізацыі калгасаў. Раённае кіраўніцтва ў калгасе “Чырвоная гара” у в. Аляшкоўка планавала абагульніць усю сялянскую маёмасць. На калгасным сходзе ў дачыненні да сялян было пастаўленае пытанне аб абагульненні не толькі жывёлы, але і сельскагаспадарчага інвентару, на што калгаснікі адказалі адмовай. Кіраўнік калгаса Сцяпан Кандраценка папрасіў дапамогі ў члена РВК Сцяпана Пінчука і загадчыка Ручаёўскім сельпо Рыгора Роскіна. Быў абвешчаны новы сход, на які прыйшло зусім мала сялян. Праблему кіраўніцтва калгаса паспрабавалі вырашыць сваімі сіламі. З дапамогай вяровак яны пайшлі самі абагульняць жывёл і сельскагаспадарчы інвентар. Да калгасніка Кулікоўскага Антона ўлады прыйшлі дамоў і сталі выкалачваць колы з воза, выводзіць жывёлу з хлява. На дапамогу Антону прыйшлі яго сябры — калгаснікі, на якіх быў напісаны пратакол і праведзены допыт. Прышчэпава Назара, Прышчэпава Рыгора, Гапона Мікалая, Халімончыка Захара, Карпенку Ілью, Карпенку Яну, Каўшуна Антона, Рабчанку Алесю, Коўшуна Паўлюка даставілі ў раённы аддзел міліцыі. Як высветлілася потым, іх абвінавачванне было незаконным. Здавалася, што калгаснікі будуць высланы за межы раёна за сабатаж. Мясцовыя кулакі Павел Каўшун і Іван Карпенка падгаварылі жанчын калгаса брацца за вілы і не ўступаць у калгас. Сялянкі Аляшкоўкі накіравалі ў Лоеўскі райвыканкам скаргу на ўладу сельсавета, каб выратаваць сваіх мужчын [9, л. 3–5].

І. Сталін добра разумеў, што ў выніку такіх дзеянняў з боку ўлады сяляне могуць падняць масавае супраціўленне. З гэтай мэтай у газеце “Праўда” выйшаў артыкул “Галавакружэнне ад поспехаў”, а ў сакавіку 1930 г. ЦК УКП (б) прыняў пастанову “Аб барацьбе са скрыўленнямі партыйнай лініі калгаснага руху”. У пастанове для прыкрыцця быў узгаданы прынцып добраахвотнасці. Жорстка асуджаўся перагіб у пазбаўленні выбарчых правоў пад прыкрыццём уступлення ў калгас. Указвалася поўнае абагульненне сялянскай маёмасці. Быў распрацаваны ўстаў сельскагаспадарчай арцелі. Камуны былі аб’яўлены далёкай перспектывай. У пастанове гаварылася аб тым, што скрыўленне калгаснага руху вядзе да адтоку сялян з калгасаў. Сталінскі артыкул вырашыў праблему сялян вёскі Аляшкоўка. Прэзідыум Лоеўскага райвыканкама на пасяджэнні 24.03.1930 г. рэзка асудзіў дзейнасць кіраўнікоў і членаў брыгады. Гэтая падзея стала вядомай за межамі раёна і ў абласным цэнтры. Справай зацікавілася Гомельская пракуратура. Народным следчым Гомельскай пракуратуры членам брыгады была аб’яўлена строгая вымова, а кіраўніка Ручаёўскага сельскага Савета аддалі пад суд [10, л.1-2]. Канешне, не толькі артыкул Сталіна вырашыў праблему. Бунт сялян быў настолькі моцны, што мясцовыя ўлады вырашылі: лепш прыкрыць справу і знайсці вінаватых. З боку сялян, якім з віламі ў руках прыйшлося адстойваць сваю маёмасць, гэта была часовая перамога.

Пасля гэтай справы барацьба сялян супраць калектывізацыі на Лоеўшчыне працягвалася, але больш скрытна. На гэты раз не было выяўлена новых тэрарыстычных актаў, знішчэння інфраструктуры і г. д. Супраціў у асноўным праяўляўся ў сабатажы, антыкалгаснай агітацыі, самавольным захопе лугоў.

1933 год быў адным з самых цяжкіх пад час калектывізацыі. Моцныя дажджы вымачылі ўраджай, і ў шэрагу раёнах сельсавета пачаўся адзначацца голад, у тым ліку і ў Перадзялкоўскім сельскім савеце. У маі 1933 года ў найбольш буйной гаспадарцы Лоеўшчыны, “Дняпроўскай камуне” адбылася масавая забастоўка трактарыстаў і нявыхад на палі. Пасля такой акцыі 28 мая адбылося пасяджэнне партыйнай ячэйкі праўлення, на якім зачыншчык бунта Івахненкі быў аддадзены пад суд [12, л. 83].

У кастрычніку 1934 года начальнік раённай міліцыі Лінеўскі вёў “ачыстку” калгаса “Герой Працы” (в. Мохаў) ад “варожых элементаў, якія сталі на шлях поўнага развалу калгаса”. У выніку калгаснікі Максіменкі Пятро і Мікола, Ліпскі Аляксандр, Кіслы Змітро і іншыя, абвінавачаныя ў незберажэнні конскага пагалоўя, правядзенні нелегальных сходаў калгаснікаў і агітацыі супраць старшыні калгаса, былі прыцягнуты да судовай адказнасці [6, с. 83].

Літаратура

1 Елизарова, Г. В. Крестьянское землепользование на Гомельшчине в период ста-новления советской власти / Г.В. Елизарова // Гомельшчина в событиях 1917–1945 гг. Материалы научно-практической конференции. — Гомель: Белгут. 2007. — С. 176–181.

2 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Рэчыцкага раёна : у 2 кн. Кн. 1. Рэдакцыйная калегія Э. Н. Гнеўка, Т. І. Літвінава. — Минск : Беларусь, 1998. — 502 с.

3 Ермакоў, І. Лоеўшчына ў часы станаўленя і ўмацаваня савецкай ўлады / І. Ермакоў // Серп і молат. 31 студзеня 1970 г. — С. 2.

4 Протько, Т. С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси 1917–1941 гг. / Т. С. Протько — Минск : Тесей, 2002 г. — 687 с

5 Долатаў, А. С. Дапаможнік па краязнаўству Лоеўшчыны / А. С. Долатаў. — Лоеў “Карані”, 2002 г. — 81 с.

6 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна. Рэдакцыйная калегія Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, В. П. Крупейчанка. — Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2000. — 589 с.

7 Коллективизация в деревни Уборак. Из воспоминаний старожила Казимирова Никиты Андреевича 1883 года рождения. Материал из Уборковской сельской библиотеки.

8 Інфармант Мадажара Галіна Анатольеўна 1923 года нараджэння, вёска Страдубка, апытванне 14.09.2016 года.

9 ДАГВ. — Ф. 509. — Вопіс 1. — Спр. 224. — Л. 3–5.

10 ДАГВ. — Ф. 509. вопіс 1. — Спр. 190. — Л. 1–2. 117.