CA / 2021 / Яўрэі ў Лоеве

 

ЯЎРЭІ Ў ЛОЕВЕ*

(Анісавец, М. Яўрэі ў Лоеве / Мікалай Анісавец [Электронны рэсурс] // Культура & Антрапалогія — 2021. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/58083. — Дата доступу: 20.10.2021)

 

* Публікацыя другая, дапоўненая і дапрацаваная. Першая публікацыя: Анісавец М. Яўрэі ў Лоеве / Мікалай Анісавец // Лоеўскі край. — 2017. — №№ 32, 33, 35–38, 40, 43, 44.

 

Райцэнтр Лоеў Гомельскай вобласці размяшчаецца ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі на самым памежжы з Украінай. На пачатку ХХІ ст. тут пражывае няшмат яўрэяў, бадай што іх можна пералічыць на пальцах адной рукі. Але ў мінулым ён быў беларуска-яўрэйскім мястэчкам, у якім яўрэі складалі значную колькасць, аб чым ускосна сведчаць яўрэйскія могілкі, якія месцяцца на плошчы да 2 га на паўночнай ускраіне Лоева. Да таго ж, ёсць сведчанні, што ў мікрараёне Лоева “каля Буслянкі” некалі існавалі яшчэ і больш старыя яўрэйскія могілкі, якія зараз знаходзяцца пад прыватнай забудовай. Яўрэі (“гібры” — на іўрыце) — гэта саманазва, а таксама сучасная беларуская і руская назва народа, які ўтварыўся ў выніку зыходу старажытнаяўрэйскіх плямён са Старажытнага Егіпта і заваявання імі Палесціны каля ХІІІ ст. да н.э. Пасля захопу ў І ст. н.э. “Зямлі абяцанай” Рымам, большасць яўрэяў была вымушана пакінуць тэрыторыю Палесціны і рассяліцца на пачатку пераважна ў Міжземнамор’і і ў Заходняй Еўропе, а потым і па ўсяму свету. Калі ж і адкуль яўрэі з’явіліся ў Лоеве? Як яны тут жылі, чым займаліся, якое ставішча займалі?

 

У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

Згодна з вынікамі археалагічных прац на тэрыторыі Лоеўскага гарадзішча, умацаванае гандлёвае паселішча на Лоевай гары на беразе Дняпра ўзнікла не пазней за X ст. Першае ж летапіснае згадванне пра пранікненне яўрэяў на беларускія землі адносіцца да 997 г. Але як аселае насельніцтва яўрэі на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца недзе з часоў утварэння ВКЛ. Дакладна вядома, што ў канцы ХІV ст. вялікі князь Вітаўт перасяліў у ВКЛ з Крыма разам з палоннымі татарамі частку крымскіх яўрэяў і блізкіх да іх па мове і рэлігіі караімаў. Пасля таго, як у 1388–1389 гг. Вітаўт даў яўрэйскаму насельніцтву прывілеі, якія гарантавалі ім свабоду веравызнання, абарону жыцця, маёмасці і права на заняткі гандлем і рамесніцтвам, яўрэі сталі паўнавартаснымі членамі грамадства ў ВКЛ, што ў Сярэдневякоў’і стварыла тут ўнікальныя ўмовы для іх паспяховага нацыянальна-культурнага развіцця. Яўрэі на беларускіх землях апынуліся ў лепшым прававым становішчы, чым мясцовае беларускае, пераважна сялянскае насельніцтва, якое было ў стане прыгоннай залежнасці. Такое становішча садзейнічала перасяленню яўрэяў-ашкеназаў з Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі сур’ёзную дыскрымінацыю, у ВКЛ. (Ашкеназы-яўрэі — выхадцы з Заходняй Еўропы (акрамя Іспаніі, Паўднёвай Францыі і Італіі), іх нашчадкі зараз складаюць большую частку яўрэяў Еўропы і Амерыкі, каля паловы яўрэяў Ізраіля.) У ХV ст. пры вялікім князю Казіміру ІІ Ягелончыку распачалася масавая іміграцыя яўрэяў у ВКЛ і каланізацыя імі беларускіх зямель. З часам тыя аказаліся тут самай большай пасля беларусаў нацыянальнай групай, якая насяліла галоўным чынам гарады і мястэчкі. Тады на беларускай зямлі сустрэліся і сталі суіснаваць дапаўняючы адзін аднаго два этнасы з адрознай ментальнасцю: талерантныя і працалюбівыя, выхаваныя ва ўмовах прасторавага прыроднага асяроддзя да пастаянства і адмовы ад рэзкіх змен жыццёвых абставін беларусы, і таксама талерантныя, але мабільныя і вынаходлівыя, выхаваныя ва ўмовах жорсткага этнічнага супрацьстаяння і канкурэнцыі, рызыкі і прадпрымальніцтва яўрэі. Тут яўрэі засвойвалі навыкі працы, лад жыцця і норавы карэннага насельніцтва, аднак з-за адасобленасці свайго абшчыннага і рэлігійнага жыцця не змешваліся з ім і захоўвалі сваю нацыянальную своеасаблівасць. У паўсядзённым жыцці яны размаўлялі на ідыш — яўрэйскай мове германскай групы, а сваю старажытную мову — іўрыт — выкарыстоўвалі ў богаслужэнні і духоўнай творчасці. З цягам часу яўрэйскія купцы і рамеснікі, лекары і адвакаты, прадпрымальнікі і пасярэднікі, шынкары і вазніцы, кавалі і рыбакі сталі неад’емнай часткай насельніцтва ВКЛ. Перавагі яўрэяў у камунікацыі заўважылі вялікія літоўскія князі і эліта ВКЛ, якія карысталіся іх паслугамі для сваіх мэт, заключалі з імі шматлікія арэндныя дагаворы, перадавалі вядзенне важных камерцыйных і фінансавых аперацый у рукі яўрэйскіх адкупшчыкаў, у тым ліку знешні гандаль, збор падаткаў, мытных збораў і інш. Паступова значная частка яўрэяў станавілася пасрэднікам у зносінах ліцвінскай феадальнай эліты і беларускіх сялян, што фарміравала ўяўленне аб яўрэях як пасобніках эксплуатацыі і ліхвярах і, здаралася, выклікала праявы побытавага антысемітызму ў беларусаў.

Хаця дакументальных сведчанняў гэтага не выяўлена, але ёсць падставы сцвярджаць, што пачынаючы з Х ст. яўрэі-гандляры ўжо адкрылі для сябе Лоеў. Зручнае геаграфічнае становішча Лоева — у гістарычных крыніцах уключна да ХVІІ ст. паселішча згадваецца як Лоева Гара, — на гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі” ў сярэднім цячэнні Дняпра, здаўна прываблівала да яго гандляроў і іншых прадпрымальных людзей. Ужо ў Х – ХІІІ стст. каля падножжа Лоевай Гары ўзнік “таржок”, або “торг”, як у тыя даўнія часы называлася месца, дзе вёўся пастаянны гандаль. Па мясцоваму паданню, першым пасяленцам-гандляром тут быў легендарны Лой, які абраў для сталага жыцця свайго роду прывабнае і зручнае для гандлю ўзвышша пры ўпадзенні Сожа ў Дняпро. Аб этнічнай прыналежнасці знакамітага Лоя паданне нічога не распавядае, але сведчыць, што гэта быў чалавек з прадпрымальніцкімі здольнасцямі. Што гэтае паданне мае права на сур’ёзнае ўспрыманне, гаворыць зафіксаванае ў летапісах пад 1351 г. асабовае прозвiшча Ходка Лоевiч, які мог быць нашчадкам легендарнага Лоя — заснавальніка Лоева.

Іл-я 1. Лой — заснавальнік Лоева. Малюнак мастака Сяргея Сінякова (Гомель)

 Але памежнае становішча Лоева не заўсёды спрыяла жыццю яго насельніцтва, заняткам гаспадаркай і гандлем. Працэс развіцця Лоеўскай зямлі-воласці быў у значнай ступені затрыманы ў канцы ХV – першай палове ХVІ ст., калі рэгіён неаднойчы цярпеў разбурэнні падчас маскоўска-літоўскіх войн і ваенных канфліктаў. Падчас маскоўска-літоўскай вайны 1500–1503 гг. Лоеўская зямля-воласць была далучана да Вялікага Княства Маскоўскага, але ў выніку наступнай вайны 1507–1508 гг. — зноў павернутая Вялікаму Княству Літоўскаму. Да таго ж, у гэты час рэгіён не менш чым чатыры разы ў 1505, 1506, 1536 і 1538 гг. патрапляў пад напады крымскіх татараў Перакопскай Арды, у выніку якіх Лоеў і яго замак не аднойчы руйнаваліся.

Пастаянныя напады ворагаў прымушалі вялікіх князёў літоўскіх развіваць сістэму прыкардонных замкаў. Пэўныя захады ў 1538 г. былі зроблены і па ўмацаванню замка ў Лоеве, які ўпершыню згадваецца як мястэчка Любецкага павета Кіеўскага ваяводства. Верагодна, у гэты час завяршылася канчатковае фарміраванне Лоеўскай зямлі-воласці. Мястэчка тады мела замак на Лоевай Гары, умацаваны вакольны Стары Лоеў і неўмацаваны пасад. Асноўнае насельніцтва складалася з рамеснікаў і сялян. Жыхары Лоева выконвалі аброчную павіннасць зернем, мёдам, ільном і пянькой і паступова, з развіццём гандлю і таварна-грашовых адносін, сталі пераводзіцца на чынш — грашовы аброк. Важнае значэнне для развіцця мікрарэгіёну мелі рэформы вялікай княгіні Боны Сфорцы (1518–1556 гг), якая ініцыявала змены ў сістэме падаткаў, якія сталі адпавядаць якасці зямлі, уніфікавала павіннасці. З Германіі, Галандыі і Італіі былі запрошаны купцы, рамеснікі і будаўнікі (у асноўным яўрэі). У 1551 г. шляхта атрымала права бяспошліннага вывазу лясных вырабаў і драўніны, што падштурхнула развіццё ў ВКЛ ляснога промыслу і дрэваапрацоўчая галіна на Палессі стала вядучай.

Люблінская унія 1569 г. прывяла да змен дзяржаўнай прыналежнасці Лоеўскай зямлі-воласці, якая ў складзе Любецкага павета Кіеўскага ваяводства ўвайшла ў склад Каралеўства Польскага, што паскорыла тут працэс юрыдычнага замацавання мясцовай шляхтай саслоўных і маёмасных прывілеяў. Пазней кароль і вялікі князь Стэфан Баторый пацвердзіў і ранейшыя прывілеі яўрэяў. Да таго ж, яўрэйскія грамады-кагалы атрымалі статус аўтаномных адзінак у юрыдычных і падатковых адносінах. На чале кагалаў стаялі старэйшыны-равіны, якія прадстаўлялі іх перад уладамі і адказвалі за збор падаткаў з яўрэйскага насельніцтва. У гэты час з ініцыятывы кіеўскага кашталяна і любецкага старасты Паўла Сапегі быў адноўлены пасля чарговага татарскага руйнавання Лоеўскі замак, Лоеў прывілеям Стэфана Баторыя ад 3 жніўня 1576 г. атрымаў магдэбургскае права, а ў 1585 г. стаў цэнтрам стараства. Усё гэта стварала добрыя перспектывы для ператварэння Лоева ў больш значны рэгіянальны цэнтр. Больш высокі статус Лоевай Гары ў гэты час садзейнічаў хуткаму эканамічнаму развіццю мястэчка. Калі ў 1579 г. у Лоеве налічвалася толькі 20 мяшчанскіх дымоў, то ў 1606 г. было ўжо 186 жылых будынкаў, трэцяя частка якіх належала шляхце, а ў інвентару 1615–1616 гг. ў Лоеве згадваецца 229 мяшчанскіх дымоў. (Дым — жыллё і адзінка падаткаабкладання.)

Падчас правядзення каралеўскай рэвізіі Лоеўскага стараства 1628–1529 гг. люстратары засведчылі, што ў Лоеве мяшчане сплачвалі чынш, а карчму “з горилками” і млыны арандавалі яўрэі за 600 злотых на год. Цікавы факт, у 1646 г. шляхціч Андрэй Арахоўскі звяртаўся ў суд у сувязі з яго пабіццём яўрэямі-арандатарамі ў Лоеве. Нам невядомы абставіны гэтага канфлікту і вынікі яго разгляду ў судзе, але ход канфлікту сведчыць аб тым, што яўрэі мястэчка ўмелі абараніць сябе і сваю маёмасць пры неабходнасці і фізічна.

У далейшым выкарыстаць на поўніцу спрыяльныя магчымасці для развіцця Лоева ў буйны рэгіянальны эканамічны цэнтр перашкодзілі войны і разбурэнні, у якія патрапіў рэгіён у сярэдзіне ХVІІ ст.

Значна пацярпеў Лоеў падчас антыфеадальнай казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гг. на Беларусі. У ходзе гэтай вайны Лоеўская зямля-воласць стала эпіцэнтрам крывавых змаганняў, менавіта на яе тэрыторыі адбыліся лёсавызначальныя для ВКЛ Лоеўскія бітвы 1649 і 1651 гг., перамогі ў якіх ліцвінскага войска дазволілі абараніць паўднёвыя межы і захаваць цэласнасць княства. Падчас гэтай вайны адчувальныя страты панесла і яўрэйскае насельніцтва Лоева, якое неаднаразова патрапляла пад рабаўніцтва і гвалт. Каб выратавацца, яўрэям пры набліжэнні казацкіх загонаў не аднойчы даводзілася пакідаць мястэчка. У ходзе гэтай войны яўрэйскае насельніцтва Лоева скарацілася больш чым на 25 % .  

Вялікія страты панёс рэгіён у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Падчас гэтай вайны ў 1654 г. мястэчка было захоплена і спалена ўкраінскімі казакамі І. Залатарэнкі, а яўрэйскае насельніцтва Лоева падвяргалася вынішчэнню. Лоеў у дакументах пад 1665 г. згадваецца як цалкам спустошаны. Паводле Андрусаўскага міру 1667 г. Лоеўскае стараства ўвайшло ў склад Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства ВКЛ.

У 1676–1677 гг. соймам Рэчы Паспалітай землі Лоеўскага стараства былі перададзены ў прыватную ўласнасць рэчыцкаму харунжаму Міхаілу Станіславу Юдзіцкаму і маршалку ВКЛ Аляксандру Гілярыю Палубінскаму за іх ваенныя паслугі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У другой палове ХVІІІ ст. Юдзіцкія выкупілі землі А. Палубінскага ў яго спадкаемцаў. Такім чынам, Лоеў і Лоеўшчына сталі прыватнай уласнасцю і да адмены прыгоннага права ў 1861 г. былі ва ўласнасці шляхецкага роду Юдзіцкіх.

З гэтага часу мястэчка стала больш прывабным для пражывання яўрэяў, таму што Лоеў доўгі час не патрапляў у зону ваенных дзеянняў і яго насельніцтва мела лепшыя магчымасці для гаспадарчай дзейнасці. Тады яўрэі знаходзіліся пад вялікакняскай апекай, плацілі падаткі і вялі свой традыцыйны вобраз жыцця. Неад’емнай часткай яўрэйскага жыцця ў Лоеве быў каробачны збор — унутраны кагальны падатак, які ўвялі ў ВКЛ у ХVІІ ст. Ім абкладваліся яўрэі, якія ажыццяўлялі рытуальны забой жывёлы і птушкі, вялі продаж кашэрнага мяса, солі, крупы, рыбы, смалы, дроў, сена, здавалі ўнаём маёмасць, мелі іншыя даходы. Звычайна каробачны збор аддаваўся на водкуп на тэрмін да чатырох гадоў, які з публічных таргоў набывалі заможныя яўрэі. Гэтая пошліна выкарыстоўвалася на ўтрыманне духоўных асоб, сінагог, школ, бальніц, дапамогу сіротам і ўдовам, на пахаванне памерлых беднякоў, на грамадскія працы і іншае.

У 1765 г. падчас перапісу яўрэяў-падаткаплацельшчыкаў Лоеўскі кагал налічваў 194, суседнія ж Рэчыцкі — 133, а Холмецкі — 149 яўрэяў. Рэчыца саступала тады Лоеву і па агульнай колькасці насельніцтва. У 1789 г. па новым перапісе насельніцтва ў Лоеве пражывала 288 яўрэяў (22,4 % ад насельніцтва мястэчка), і гэта было больш, чым у павятовых гарадах: у Рэчыцы — 134 (13,3 %) і Бабруйску — 281 (31,6 %). Яўрэі Лоева належалі да літоўска-беларускага яўрэйства, якое называлася літвакі. (Літвакі або літвакес — агульная назва яўрэяў-ашкеназаў у ВКЛ.) Яны выбіралі сабе равіна і суддзю-даяна, свята захоўвалі свае нацыянальныя традыцыі, утрымлівалі малельныя дамы-сінагогі і пачатковыя школы-хедэры, сплачвалі падушны падатак.

 

У часы Расійскай імперыі

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Лоеў патрапіў у склад Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Лоеўшчына тады ў складзе былых зямель Рэчы Паспалітай была ўключаная ў мяжу яўрэйскай аселасці — частку тэрыторыі Расіі, якую яўрэям не дазвалялася пакідаць без урадавага дазволу. Існаванне мяжы яўрэйскай аселасці (адменена толькі ў канцы лютага 1917 г.) было яскравай праявай дзяржаўнага антысемітызму ў Расійскай імперыі.

На пачатку ХІХ ст. мястэчка падзялялася на “верхні” і “ніжні” Лоеў, мела 1 728 жыхароў, з іх 849 мужчын і 879 жанчын, 190 двароў і 8 вуліц: Базарную, Паштовую, Траецкую, Чапегаву, Казярогаву, Сарокаву, Супрунову, Аднабочку і Траецкі завулак. Лоеў быў другім па люднасці мястэчкам у павеце пасля Рэчыцы. Большаю частку яго насельніцтва — 1 091 чалавек — складалі прыгонныя сяляне. Мяшчан-яўрэяў налічвалася 543 чалавекі (212 мужчын і 331 жанчына).

Да гэтага часу яўрэі разам з беларусамі адчувалі сябе карэннымі жыхарамі Лоева. Яны як нацыянальныя супольнасці хаця і выразна адрозніваліся адзін ад другога па знешняму выгляду, рэлігіі і паданнях гісторыі, аднак лёгка знаходзілі агульную мову ў паўсядзённым жыцці. Кожная з іх мела сваю нішу ў гаспадарчым жыцці мястэчка, тым самым дапаўняючы адна адну. Дзелавыя і асабістыя якасці, прадпрымальнасць і мабільнасць рабілі яўрэяў неабходным звяном у гаспадарчым жыцці Лоева і яго ваколіц. Як адзначаў беларускі паэт Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), з суседства яўрэяў і беларусаў нарадзіла такія эканамічныя сувязі, без якіх абедзве нацыі тады не маглі абысціся. Беларусы давяралі яўрэям больш, чым памешчыкам, ад якіх і адны, і другія адчувалі прыгнёт. Хаця паміж імі здараліся і побытавыя канфлікты, аднак яны не мелі вострых формаў і звычайна лёгка вырашаліся пры ўзаемных саступках.

Яўрэйскае насельніцтва Лоева працягвала выплочваць значныя падаткі, у прыватнасці, так называемы “каробачны збор” за права набываць кашэрнае мяса. Вядома, што ў канцы 30-х гадоў ХІХ ст. арэнда на водкуп каробачных збораў ў Лоеве каштавала рэчыцкаму купцу трэцяй гільдыі Залману Фрэнкелю 2 230 рублёў на год, што было на той час значнай сумай.

Мясцовыя жыхары ў пераважнай большасці займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, гандлем, ганчарствам, будаўніцтвам байдакоў, сплавам карабельнага лесу і дравяных плытоў. Нарыхтоўкай лесу і дроў і іх сплавам па Дняпру пераважна займаліся лоеўскія прадпрымальнікі-яўрэі, пры гэтым некаторыя з іх не цураліся выкарыстоўваць у гэтай справе прыгонны стан беларускіх сялян. Вясной 1842 г. 13 хадакоў-сялян вёсак Дзяражычы і Цясны звярнуліся да Мінскага віцэ-губернатара са скаргай на аканома Лоеўскага маёнтка Вольскага праз крайняе збядненне сялянскіх сем’яў, выкліканае празмерным выкарыстаннем сялянскай працы ў карыслівых мэтах на сплаўных і падрадных работах ў летні час. Да таго ж, сялян гэтых вёсак Вольскі прымушаў апрацоўваць зямлю прадпрымальніка Шлёмы Давыдавіча Сакольскага ў вёсцы Абрамаўка, а таксама вазіць у Лоеў для яго, а таксама яго кампаньёнаў Гіршы Шванецкага і Хаіма Рабіновіча дровы, сена, курэй і іншае ўзамен паншчыны, спасылаючыся на заключаны з прадпрымальнікамі падрад. Па сялянскай скарзе было праведзенае дазнанне, якое цалкам пацвердзіла яе абгрунтаванасць. У 1842 г. з мястэчка Лоева, дзе мелася 297 мужчынскіх душ прыгонных сялян, было накіраванае Вольскім на сплаўныя работы 175 чалавек: у вёсцы Крупейкі — 90 чалавек са 124, у Цяснах — 95 са 119, а ў Дзяражычах — 55 з 87. Да таго ж, за сплаўныя работы сяляне не атрымлівалі аніякіх грошай.

У выніку прынятых віцэ-губернатарам мер сяляне былі павернуты са сплаўных работ, а замест Вольскага павераным Лоеўскага маёнтка быў прызначаны дваранін Навіцкі.

У 1847 г. у Лоеве налічвалася ўжо 1 653 жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. Тут у 1857 г. пражывала 4 суднапрамыслоўцы, якія мелі ва ўласнасці 9 суднаў. Вядома, што суднапрамыслоўцы Лоева будавалі штогод 20–35 барак-лайб, якія выкарыстоўваліся толькі для сплаву. Пры прыбыцці ў нізоў’і Дняпра баркі прадаваліся разам з прывезеным лесам.

Ёсць сведчанні, што ўладальнікі Лоева Юдзіцкія мелі прывілей на правядзенне кірмашоў у Лоеве і атрымлівалі значны прыбытак ад здаваемых у арэнду пераважна яўрэям гандлёвых радоў. Кірмашы адыгрывалі важную ролю ў жыцці мястэчка і з’яўляліся паказчыкам яго эканамічнага развіцця і культурнага ўзроўню і па праву лічыліся самай значнай падзеяй года. Можна меркаваць, што іх колькасць і гандлёвы абарот з цягам часу павялічваліся. Лоеўскія кірмашы былі універсальнымі. Тут можна было набыць самыя разнастайныя тавары: прамысловыя і рамесніцкія вырабы, зерне, лён, жывёлу, сена, дровы, дзёгаць, салёную рачную рыбу — “платану”, “макуху” — жмых ад семак сланечніку і льну, што выкарыстоўваўся для корму жывёлы, і іншыя. Вядома, што ў 1861 г. на Лоеўскі Дзесяцінны кірмаш было прывезенае тавараў на суму 2 800 руб., прададзенае — на 1 300 руб. У 1863 г. было прывезенае тавараў на 3 200 рублёў, прададзенае — на 1 550, у 1864 г. — на 3 600 і 2 000 рублёў адпаведна. Ёсць падставы меркаваць, што гадавы абарот усіх лоеўскіх кірмашоў складаў ад 20 000 да 30 000 рублёў, што сведчыць аб іх значнасці.

Звычайна кірмашы (дыялектнае “ярмалкі”) не ўмяшчаліся на Базарнай плошчы (зараз — Цэнтральная плошча), яны займалі таксама значную частку Базарнай вуліцы, аж да грэблі і мастка праз рэчку Вітач. Лоеўскія кірмашы былі сапраўднымі фэстамі, бо яны суправаджаліся набажэнствам у цэрквах, гуляннямі, выступленнямі артыстаў з Украіны і цыганоў у спецыяльным драўляным памяшканні — Лоеўскім “ілюзіёне” — дзіцячымі атракцыёнамі і іншымі забавамі.

Неад’емнай часткай гандлёвага жыцця Лоева з’яўляліся таксама штодзённыя базары, аднак асноўным базарным днём лічылася нядзеля, калі большасць тавараў прадавалі з гандлёвых прылаўкаў або непасрэдна з вазоў на Базарнай плошчы і вакол яе. Асабліва ажыўлены базарны гандаль у мястэчку быў увесну.

Мястэчка з’яўлялася значным цэнтрам транзітнага гандлю, якім тут таксама ў асноўным займаліся яўрэі. Каля прыстані было шмат гандлёвых складоў, у якіх захоўваліся тавары, што сплаўляліся вясной і летам па Дняпры, Бярэзіне і Сажы: соль, збожжа, лён, тлушч і інш. Штогод гэтых грузаў накіроўвалася ўверх па цячэнні Дняпра да 70 тыс. пудоў, уніз — да 160 тыс., а прыбывала знізу да 90 тыс. і зверху да 150 тыс. пудоў. Да таго ж, у 1900 г. перавозка лесу і драўляных вырабаў дасягнула 94,5 % рачнога таваразвароту на Дняпры і ў Лоеве штогодовы таваразварот у гандлі лесам даходзіў да чвэрці мільёна рублёў.

Хуткае развіццё капіталістычных адносін, якое распачалося пасля адмены прыгоннага права, садзейнічала вылучэнню яўрэяў на перадавыя пазіцыі ў краі. Будучы заўсёды асабіста свабоднымі, яны змаглі хутка накапіць першапачатковы капітал і праявіць эканамічную актыўнасць. Большасць цагельных, канатных і смалакурных прадпрыемстваў, млыноў, паромаў праз рэкі ў Лоеве ў ХІХ ст. належалі яўрэям.

Школьнае навучанне яўрэйскіх дзяцей у Лоеве не адрознівалася ад іншых мястэчак Беларусі, для многіх з іх яно пачыналася і заканчвалася ў хедары. Хедар — пачатковая платная яўрэйская школа пераважна для хлопчыкаў, якую ўтрымлівала грамада. Адукацыі дзяўчынак надавалі мала ўвагі. Большасць з іх атрымлівала хатнюю рэлігійную адукацыю і не наведвала хедары таму, што па яўрэйскай традыцыі навучанне дзяўчынак не лічылася галоўным. Увесь свой час яны павінны былі аддаваць сям’і і таму дзяўчынак вызвалялі ад пачатковага навучання, абавязковага для хлопчыкаў з 6 да 13 гадовага ўзросту. Значная частка яўрэйскай моладзі не абмяжоўвалася ведамі набытымі ў хедарах Лоева, а імкнулася вучыцца далей. На працягу 1871–1914 гг. на медычным факультэце Бернскага ўніверсітэта ў Швейцарыі навучаліся ў ліку іншых выхадцаў з Беларусі і студэнты ўраджэнцы Лоева. На жаль, прозвішчы гэтых студэнтаў нам невядомы.

У 1869 г. у Лоеве ў сям’і Якава Аўруніна і Няхамы Бабіцкай нарадзіўся будучы ізраільскі лінгвіст, перакладчык, пісьменнік, філолаг, выкладчык і буйны спецыяліст у галіне граматыкі іўрыту Абрахам Аўрунін (памёр 9 мая 1957 г.).

А праз 9 гадоў у сям’і рабіна яўрэйскай абшчыны Лоева Арона Глускіна нарадзіўся будучы рабін Ленінграда Менахім Мендл (Мендаль) Глускін (1878–1936 гг.). Вядома, што ў сярэдзіне ХІХ ст. цадзікам — духоўным кіраўніком хасідскай грамады ў Лоеве, — быў Менахем Нахум (памёр у 1871 г.), сын чарнобыльскага рабіна Ахарона (1787–1872 гг.). З 1880 г. рабінам у Лоеве быў Ешуа-Зэлік Зак (1840 г.н.), а з 1890 г. — Іцхок-Юсэф Даргінскі (1860 г.н.). На пачатку ХХ ст. рабінам у Лоеве быў Лейба Хаім Глускін, аб чым сведчыць надпіс на іўрыце на мацэве яго дачкі, якая захавалася на яўрэйскіх могілках у Лоеве: “Жанчына важная і сціплая пані Ханіна, дачка равіна Лейба Хаіма Глускіна, якая памерла 23 кіслева 5672 (11 лістапада 1911 г.)”. У канцы ХІХ ст. лоеўская яўрэйская грамада сабрала грашовыя сродкі, замовіла і ўсталявала на Базарнай плошчы ў цэнтры Лоева на высокім камені-валуне конную статую расійскага імператара Аляксандра ІІ — з удзячнасці за тое, што ён дазволіў яўрэям займацца гандлем лесам і спрыяў развіццю іх гандлёвых магчымасцяў. Скульптурную выяву імператара зрабіў вядомы расійскі скульптар Павола Трубяцкі. Гэты помнік непрацяглы час быў візітоўкай Лоева на параходным шляху з Кіева ў Гомель і Магілёў. Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. статуя імператара была знішчана, а камень-пастамент закапаны ў зямлю.

Іл-я 2. Помнік імператару Аляксандру ІІ Вызваліцелю. Скульптар П.П. Трубяцкі (Паола)

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. ў Лоеве найбольш заможнымі яго жыхарамі пачалі ўзводзіцца цагляныя дамы. Да нашага часу захавалася 3 такіх будынкаў, якія належалі яўрэям. Усе яны маюць сваю архітэктурную адметнасць і гістарычную каштоўнасць і сёння ўпрыгожваюць Лоеў.

Самым старым будынкам у Лоеве зараз з’яўляецца купецкі дом па вуліцы Савецкай, 1. Пабудаваны ён у 1874 г. з мясцовай цэглы лоеўскім лесапрамыслоўцам Навумам Доўгіным. Доўгін з сынамі займаўся сплавам лесу на лайбах (баржах) уніз па Дняпру аж да Екацярынаслава і на гэтым разбагацеў. У двухпавярховым доме было каля 20 пакояў (на першым паверсе — 9 пакояў вялікіх памераў, на другім — 9 пакояў з кухняй). Першы паверх выкарыстоўваўся пад гасцініцу. У снежні 1929 г. дом Доўгіных быў муніцыпалізаваны савецкай уладай, у ім размясціўся райвыканкам. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў будынак патрапіла бомба, у выніку дах і міжэтажныя перагародкі былі разбураны, але сцены 1874 г. засталіся. У 50-я гады ХХ ст. будынак адбудавалі і ўключылі ў дзяржаўны рэестр помнікаў архітэктуры ХІХ ст. У ім у розныя часы акрамя райвыканкама, размяшчалася педвучылішча, а зараз — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая бібліятэка. У 1997–2003 гг. будынак раканструяваны.

Іл-я 3. Дом лесапрамыслоўцы Навума Доўгіна па вуліцы Савецкай, 1(былая вуліца Паштовая)

Значную цікавасць выклікае архітэктура купецкага дома па вуліцы Савецкай, 4. Пабудаваны ён у канцы ХІХ ст. з цэглы у стылі эклектыкі з выкарыстаннем элементаў нэакласіцызму. Хто яго пабудаваў і валодаў ім — дакладна невядома, але па меркаванню сясцёр Доўгіных гэты будынак належаў прадпрымальніку стрыечнаму брату Навума Доўгіна.

У 1929 г. дом быў муніцыпалізаваны савецкай уладай. Пасля вайны будынак быў унесены ў дзяржаўны рэестр помнікаў архітэктуры ХІХ ст. Доўгі час у будынку размяшчалася гасцініца, затым раённая бібліятэка, а зараз — аддзяленне Дзяржстраху. У 2005 г будынак рэканструяваны.

Іл-я 4. Купецкі дом па вуліцы Савецкая, 4 (былая вуліца Паштовая)

Ёсць меркаванне, што купецкі дом па вуліцы Леніна, 6 належаў знакамітаму лоеўскаму купцу-яўрэю Гілю. На першым паверсе будынка была крама, на другім — жылыя памяшканні. Пабудаваны будынак з цэглы ў канцы ХІХ ст.

У 1929 г. дом быў муніцыпалізаваны савецкай уладай. Да 1957 г. у ім размяшчаўся Лоеўскі райкам КПБ, зараз рэдакцыя раённай газеты “Лоеўскі край”. На пачатку ХХІ ст. ён унесены ў дзяржаўны рэестр помнікаў архітэктуры ХІХ ст. У 2009 г будынак быў рэканструяваны.

Іл-5. Купецкі дом па вуліцы Леніна, 6 (былая вуліца Базарная)

У 1895 г. у мястэчку ўспыхнуў вялікі пажар, які знішчыў лепшыя драўляныя пабудовы Лоева, сярод іншых будынкаў згарэлі і 4 сінагогі.

Паводле перапісу насельніцтва ў 1897 г. у Лоеве налічвалася 4667 жыхароў (2150 з іх яўрэі — 46 %), 251 жылая пабудова, 9 млыноў, 24 крамы і гандлёвыя конторы, паштовая станцыя, валасное праўленне і мяшчанская ўправа, 2 царквы, касцёл і сінагога, штодзённа працаваў мясцовы базар.

На рубяжы ХІХ і ХХ стст. эканамічнае становішча асноўнай масы беларускага і яўрэйскага насельніцтва ў Расійскай Імперыі было надзвычай цяжкім. Царскі ўрад не прызнаваў нацыянальных правоў беларускага насельніцтва, разглядаў беларусаў як частку рускага народа — заходнерусаў, — сапсаваных польскім уплывам. Яўрэі таксама адчувалі на сабе моцны дыскрымінацыйны ўціск: існавала мяжа яўрэйскай аселасці, ім забаранялася набываць зямлю ва ўласнасць і пражываць у вёсцы, дзейнічалі забароны для яўрэяў на заняткі дзяржаўных пасад і г.д. Значная частка яўрэяў знаходзілася ў бядняцкім стане — у 1897 г. каля паловы яўрэяў мяжы аселасці не мелі працы. У гэтым становішчы найбольш актыўныя прадстаўнікі гэтага народа імкнуліся пакінуць межы Расіі і эмігрыраваць на “Зямлю абетаваную” ў Палесціну або на Амерыканскі кантынент. Эміграцыя вяла да паступовага змяншэння колькасці яўрэйскага насельніцтва ў Расіі, у тым ліку і на Лоеўшчыне. У 1881–1914 гг. толькі ў ЗША эмігрыравала з Расіі 1 557 000 чалавек.

Другая частка актыўнага яўрэйскага насельніцтва пачынае шукаць шляхі паляпшэння свайго становішча праз сацыяльную рэвалюцыю, звяржэння манархічнага ладу ў Расіі і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Менавіта ў гэты час ствараюцца партыі радыкальнага кірунку дзейнасці, у якія ў значнай колькасці ўліваецца яўрэйская моладзь. Ужо на пачатку 1900-х гадоў у Лоеве ўзнікаюць суполкі яўрэйскай рабочай партыі Бунд, партыі РСДРП, эсэраў і Беларускай сацыялістычнай Грамады. На пачатку 1905 г. рэха “крывавай нядзелі” з Санкт-Пецярбурга хутка дакацілася і да Лоеўшчыны, што значна накаліла і радыкалізавала адносіны ў рэгіёне.

Тады рэвалюцыйныя арганізацыі значна актывізавалі сваю дзейнасць у Лоеве і навакольных вёсках. Каб раскалоць рабочы рух, які на Лоеўшчыне ў пераважнай ступені абапіраўся на яўрэйскіх рабочых, мясцовыя ўлады і правыя суполкі імкнуліся супрацьпаставіць рэвалюцыянераў “яўрэяў” абаронцам хрысціянскай веры і самадзяржаў’я “праваслаўным”. Яны не цураліся і метадаў тэрарыстычнага ўздзеяння на яўрэйскае насельніцтва, у тым ліку і ў форме пагромаў.

Каб збіць напал рэвалюцыйнай барацьбы і распаліць нацыянальную варожасць у воласці, мясцовая ўлада 24 кастрычніка 1905 г. справакавала ў Лоеве яўрэйскі пагром. У гэты дзень пасля ўрачыстага малебну ў цэрквах мясцовыя манархісты арганізавалі шэсце на Базарную плошчу да помніка Аляксандра ІІ. У шэсці прынялі ўдзел і пасажыры цеплахода, які прыбыў з Кіева, дзе 18–20 кастрычніка адбыліся яўрэйскія пагромы. Згодна з паліцэйскімі паведамленнямі, да пагрому ўдзельнікаў шэсця ў Лоеве падштурхнулі чуткі, быццам бы ў Кіеве яўрэямі быў знішчаны партрэт Мікалая ІІ і забіты на кірмашы селянін. Пагром стаўся “помстай” за знявагу імператару. Ён ахапіў Базарную плошчу, дзе былі разбіты 3 і разрабаваны 9 крам яўрэйскіх гандляроў і нанесены страты прадпрымальнікам на суму каля 20 тысяч рублёў. Пагром удалося спыніць сіламі мясцовай самаабароны, якая налічвала да 40 чалавек з ліку беларускай і яўрэйскай моладзі. У яе складзе былі Уладзімір Козел, Меер-Юда Валынскі, Фёдар Козел, Дзмітрый Козел, Сяргей Старажок, Хаім Чарняк, Эля Барухман, Беня Долін, Мікалай Церамок, Хаім Марголін і іншыя.

Першая расійская рэвалюцыя 1905–1907 гг. не знішчыла расійскае самадзяржаўе, але дамаглася царскага маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г. аб дараванні некаторых дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, што ў далейшым садзейнічала росту сацыяльнай актыўнасці щ тым ліку і яўрэйскага насельніцтва. У 1908 г. у Лоеве было створанае “Таварыства дапамогі бедным яўрэйскім рамеснікам”. У 1910 г. адчынілася жаночае прыватнае яўрэйскае вучылішча, з 1912 г. пачалі дзейнічаць 2 крэдытна-ашчадныя таварыствы, а з 1913 г. — таварыства “Бікур хайлім”, талмуд-тора, яўрэйская бібліятэка. У мястэчку працавала кніжная крама, якая належала М.Р. Бабіцкаму і яго жонцы Нахеме.

З медычных устаноў у мястэчку існавала прыватная аптэка Шмуйловіча Герша Венцыянавіча, у якой правізарам працаваў Е.Г. Хейфец, і земская бальніца. Памяшканне бальніцы было невялікім, тут працавалі лекар, два фельчары і чатыры акушэркі. Існаваў зубалячэбны кабінет, у якім стаматолагам працаваў Гаспарэн Фейгенберген.

Вядома, што земскім лекарам Лоеўскай бальніцы з 20 мая 1914 г. быў Яўген Уладзіміравіч Клумаў, які прыехаў на працу на Лоеўшчыну з Масквы. Ён быў рускім па пашпарце, але меў у сваім складаным радаводзе і яскравыя яўрэйскія карані. За 9 гадоў працы на Лоеўшчыне Клумаў Я.У. набыў вялікі аўтарытэт і павагу жыхароў рэгіёна. У далейшым Клумаў доўгі час працаваў у Мінску, стаў доктарам медычных навук, прафесарам, зоркай беларускай медыцыны першай велічыні ў галіне гінекалогіі. Падчас фашысцкай акупацыі Беларусі ён уключыўся ў барацьбу з ворагам у Мінскім антыфашысцкім падполлі (меў падпольны псеўданім Самарын), але быў выкрыты і схоплены гестапа, вытрымаў усе допыты і катаванні. 13 лютага 1944 г. фашысты атруцілі прафесара разам з жонкай у душагубцы лагера смерці Трасцянец. У 1965 г. Яўгену Уладзіміравічу Клумаву было пасмяротна прысвоенае званне Героя Савецкага Саюза.

28 снежня 1912 г. у Лоеве нарадзілася будучая вядомая савецкая патафізіёлаг, доктар медычных навук, прафесар Браніслава Маркаўна Курцар, якая доўгі час працавала загадчыцай кафедры паталагічнай фізіялогіі Кішынёўскага медычнага інстытута і зрабіла значны ўклад у медычную навуку і практыку.

Не гледзячы на тое, што галоўнай формай гандлю ў ХХ ст. становіцца стацыянарны магазінна-лавачны гандаль, працягваюць дзейнічаць Лоеўскія кірмашы. Гістарычныя крыніцы даюць пэўнае ўяўленне пра колькасць кірмашоў у мястэчку, а таксама іх працягласць. У Лоеве на пачатку ХХ ст. штогод праводзілася дзесяць кірмашоў: пяць аднадзённых, чатыры двухдзённыя, адзін трохдзённы. Акрамя гэтага, кожны год на “дзясятуху” (у пятніцу і суботу на дзясяты тыдзень пасля Вялікадня), наладжваўся двухдзённы кірмаш каля капліцы са святой вадой — на адлегласці 7 км ад Лоева за вёскай Крупейкі.

Галоўным органам кіравання ў мястэчку была мяшчанская ўправа. Вядома, што на пачатку ХХ ст. кіраўніком управы, або старостам-старшынёй, быў спачатку Нота Шмуйловіч, а затым Яфім Барысавіч Загрэцкі. Мяшчанская ўправа кіравала гаспадарчым жыццём Лоева, адказвала за арганізацыю збору дзяржаўных і земскіх падаткаў з мяшчан.

Станоўчыя працэсы ў гаспадарчым і сацыяльным жыцці Лоеўшчыны былі перарваны Першай сусветнай вайной, якая значна пагоршыла эканамічнае становішча насельніцтва. Ужо ў жніўні 1914 г. кошты на прадукты харчавання ў Лоеве ўзраслі на 25 %, а да канца 1915 г. падскочылі на 150–300 %. Бедствы і жахі вайны, цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва сталі штуршком да новага рэвалюцыйнага ўздыму сярод рабочых, сялян і салдат, што ў рэшце рэшт прывяло да Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі 1917 г., падзенню манархічнага і ўсталяванню дэмакратычнага ладу. Паўсюдна пачалі стварацца Саветы. У сакавіку 1917 г. ў Лоеве быў створаны валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў, у якім пераважалі эсэры, меншавікі і бундаўцы, а ўжо ў жніўні 1917 г. у мястэчку ствараецца суполка бальшавікоў. Тады людзей прываблівалі ідэі бальшавікоў: пабудаваць грамадства дасканалых людзей, стварыць эканоміку без прыватнай уласнасці, без эксплуатацыі чалавека чалавекам.

Першая сусветная і грамадзянская войны, рэвалюцыі, адмена мяжы аселасці аказалі значны ўплыў на ўклад жыцця яўрэяў і садзейнічалі іх перасяленню з Лоева ў буйныя гарады і ўнутраныя раёны Расіі, а таксама за межы Расійскай Імперыі. Прычым Лоеў пакідала не толькі яўрэйская бедната, але і яго заможныя жыхары. Да прыкладу, у сям’і лесапрамыслоўцы Навума Доўгіна было 6 сыноў і 2 дачкі. Пасля смерці галавы сям’і яго сямёра дзяцей выехалі з Лоева. У вялікім цагляным доме засталіся жыць толькі жонка Навума Доўгіна Зіся з сям’ёй сына Рыгора, які ажаніўся на яўрэйцы — дачцы каваля з суседняй украінскай вёскі Задзярэеўка.

 

У часы СССР

 Першыя гады савецкай улады былі надзвычай цяжкімі для жыхароў Лоева, у тым ліку і яўрэйскага насельніцтва. Цярпелі ад палітыкі “ваеннага камунізму”, надзвычай імклівай інфляцыя, росту кошту на тавары першай неабходнасці, разгулу бандытызму, нестабільнасці мясцовай улады.

Ужо ў канцы лютага 1917 г. лоеўскія эсэры і меншавікі пад кіраўніцтвам эсэра Бенкера зрабілі спробу ўзброеным шляхам адабраць уладу ў воласці ў бальшавіцкага рэўкама, але пацярпелі паражэнне. З сакавіка 1918 г. Лоеўшчына была акупаваная германскімі войскамі. Хаця немцы ў 1918 г. ставіліся да яўрэяў лепш, чым у 1941 г., але і тады не абышлося без вайсковых канфіскацый і ўціску. 6 снежня 1918 г. да ўлады ў Лоеве зноў вярнуліся бальшавікі. 25 мая 1919 г. на Лоеў напаў атрад былога палкоўніка Струка, які дзейнічаў у Чарнобыльскім павеце Кіеўскай губерні. Напад суправаджаўся рабаўніцтвам і пагромамі. Толькі калі на дапамогу прыйшлі рэчыцкія бальшавікі, струкаўцы змушаныя былі адступіць на Украіну. А амаль праз год, 14 мая, Лоеў занялі польскія войскі. Былі яны тут толькі да 20 чэрвеня 1920 г., але таксама не ўстрымаліся ад рэпрэсій і марадзёрства. Яшчэ больш лаяўцы цярпелі ад банды Івана Галакі (сапраўдная прозвішча Васільчыкаў), якая ўтварылася ў 1920 г. на тэрыторыі суседняга Гараднянскага павета Чарнігаўскай губерні, але на працягу больш чым двух гадоў лютавала на Лоеўшчыне. Паступова банда павялічыла сваю колькасць да 300 чалавек. У яе склад падаліся некалькі маладых сялян з лоеўскіх вёсак Крывін, Казярогі, Мохаў, Пярэдзелка, незадаволеных савецкай уладай і схільных да разбою і рабаўніцтва. Адным з кіраўнікоў банды быў былы жандарскі палкоўнік Ходзька, які паходзіў з Лоева і меў мянушку “Добры вечар”. Сам Галака перакладваў на яўрэяў усю віну за ўзнікненне бальшавізму ў Расіі і быў апантаным антысемітам. Яго банда займалася разбоем, рабаваннем і забойствам людзей, у першую чаргу бальшавікоў і яўрэяў. У кастрычніку 1920 г. на Ручаёўку здзейсніла напад банда Галакі. У жывых засталося толькі двое малых яўрэйскіх дзяцей, астатнія 45 яўрэяў былі забітыя. Напрыканцы 1920 г. Галака базіраваўся ў Лоеве, таму лаяльна паставіўся да яго жыхароў. У лютым 1921 г. галакаўцы захапілі суседнія з Лоевам украінскія мястэчкі Рэпкі і Любеч, дзе ўчынілі крывавую разню актывістаў савецкай улады і яўрэяў, а вясной каля мястэчка Радуль захапілі параход і ўтапілі ў Дняпры 60 пасажыраў. У пачатку красавіка 1921 г. бандыты здзейснілі яўрэйскі пагром у суседнім з Лоевам беларускім мястэчку Холмеч, дзе забілі 23 яўрэі, а затым 16 красавіка захапілі чыгуначную станцыю Васілевічы каля Рэчыцы, дзе забілі 13 чалавек і зрабілі няўдалую спробу захапіць пасажырскі цягнік. Толькі калі 3 ліпеня 1921 г. чэкіст Ф. Ганчароў адсек спячаму І. Галаку галаву, з яго бандай было пакончана і савецкія актывісты і яўрэі на Лоеўшчыне і суседніх месцах змаглі адчуць палёгку. Умацаванне савецкай улады, удасканаленне дзейнасці спецслужбаў дазволілі паступова ліквідаваць бандытызм у краіне.

Значная колькасць насельніцтва Лоева, у тым ліку і значная частка яўрэйскай моладзі, падтрымала бальшавікоў і сталі прыхільнікамі ідэі камуністычнага пераўладкавання грамадства. Лёс некаторых з іх, найбольш актыўных, быў трагічны.

Выхадзец з сям’і дробнага рамесніка, Меер-Юда Валынскі ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гг, ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны, быў у германскім палоне. Пасля вяртання на Радзіму ўзначаліў суполку бальшавікоў у Лоеве, быў забіты бандай Галакі ў верасні 1921 г. і ўрачыста пахаваны ў Лоеве. Яго імя было прысвоенае мясцоваму Дому культуры. Падчас фашысцкай акупацыі фашыстамі быў знішчаны Дом культуры і помнік на магіле М.-Ю. Валынскага. Пасля вайны пра яго забыліся.

Відным дзеячам партыі бальшавікоў стаў Марголін (Цыганоў) Натан Веньямінавіч, які нарадзіўся ў 1895 г. у Лоеве. У РСДРП(б) ён уступіў ужо ў 1914 г. У 1921–1922 гг. узначальваў інфармацыйны і адміністрацыйны аддзелы Кіеўскай ЧК. У 1931 г. скончыў Прамысловую Акадэмію імя Сталіна. З 1931 па люты 1937 г. займаў пасады адказнага сакратара Баўманскага, затым 1-га сакратара Сталінскага райкамаў УКП(б) г. Масквы, 2-га сакратара Маскоўскага абласнога камітэта УКП(б). У сакавіку 1937 г. быў накіраваны на працу ва Украіну, дзе стаў першым сакратаром Днепрапятроўскага абкама КП(б)У і быў абраны членам ЦК КП(б)У, членам Палітбюро ЦК КП(б) Украіны. У лістападзе 1937 г. яго арыштавалі карныя органы, абвінавацілі ў варожай да савецкай улады дзейнасці і 10 лютага 1938 г. растралялі. У маі 1955 г. ён быў рэабілітаваны.

Больш шчаслівы лёс напаткаў лаяца Фінкельберга Ілью Восіпавіча. У 1920 г. ён стаў членам Лоеўскага валрэўкама, затым працаваў сакратаром Лоеўскага сельсавета, займаў іншыя дзяржаўныя і гаспадарчыя пасады на Лоеўшчыне. Падчас нямецкай акупацыі ваяваў з фашыстамі ў Лоеўскім партызанскім атрадзе “За Радзіму”, пасля вайны працаваў намеснікам начальніка Лоеўскага рачнога парта. Быў узнагароджаны ардэнамі і медалямі.

Ва ўмовах палітычнай нестабільнасці і эканамічнай разрухі савецкая ўлада тым не менш не спыняла сваёй барацьбы з рэлігіяй і “нацыянальнай адасобленасцю”. Яўрэям не дазвалялася спраўляць рэлігійныя абрады, пастаянна звужаліся іх магчымасці атрымаць адукацыю на ўласнай мове. 15 чэрвеня 1923 г. была закрыта сінагога ў Лоеве, размешчаная на наберажнай Дняпра. Яна была пераабсталявана пад рачны вакзал. Акрамя гэтай сінагогі у мястэчку засталіся толькі два малельных дамы, не здольных змясціць усіх веруючых, якія пражывалі ў Лоеве. Скаргі цэнтральным уладам на злоўжыванні мясцовых начальнікаў не дапамагалі і яўрэі, асабліва маладзейшыя, працягвалі пакідаць Лоеў. Не выпадкова таму ў 1923 г. колькасць яўрэяў у Лоеве зменшылася да 1 170 чалавек.

Як і паўсюдна ў СССР, улады ў мястэчку імкнуліся насаджаць камуністычную ідэалогію У 1924 г. у Лоеве ў добрым памяшканні ў канцы Троіцкага завулка яны адкрылі яўрэйскую савецкую школу І ступені (1–4 класы) на ідышы. Загадчыкам школы быў прызначаны З.Ш. Дворкін. У ёй навучалася 115 яўрэйскіх дзяцей пераважна з сямей рамеснікаў-саматужнікаў і працавала 6 настаўнікаў. У школе былі створаны драматычны і газетны гурткі, гурток натуралістаў. Існавала чытальня, пераплётная майстэрня, дзіцячая пляцоўка разлічаная на 30 дзяцей. Разам з тым, уладу турбавала тое, што каля 15 вучняў яўрэйскай школы 7–8 гадовага ўзросту паралельна наведвалі нелегальную яўрэйскую рэлігійную школу-хедар. У 1927 г. у раёне працавала 7-гадовая школа ў Лоеве (318 вучняў), 38 школ І ступені, 8 хат-чытальняў, 17 чырвоных куткоў, стацыянарная кінаўстаноўка і кінаперасоўка ў Лоеве, 5 радыёкропак. Навучанне ў школах вялося на беларускай, рускай мовах. Яўрэйскія дзеці ў Лоеве, якія заканчвалі яўрэйскую школу І ступені на ідышы, мелі магчымасць наведваць сямігодку, дзе навучанне вялося па выбару на беларускай або рускай мовах.

Падчас правядзення новай эканамічнай палітыкі (НЭПу) улады пачалі здаваць у арэнду грамадзянам дробныя прадпрыемствы, рыбныя ўгоддзі, гандлёвыя лаўкі і інш. Так, 12 красавіка 1924 г. жыхару Лоева Б. Судакову была здадзеная ў арэнду бойня, а інжынер Эпштэйн арандаваў завод “Фарбаколер”. Ствараліся спажывецкія і кааператыўныя таварыствы ў гандлі, якіх у 1924 г. у воласці налічвалася 6. Аднак яны не вытрымлівалі канкурэнцыю з боку прыватнага гандлю. На 6 сакавіка 1924 г. у воласці было зарэгістравана 24 вытворчых кааператываў. Сярод іх таварыствы і арцелі па вытворчасці сельгаспрадукцыі, цэглы, апрацоўцы драўніны і інш. Апрача гэтага, было шмат дробных прыватных рамесніцкіх прадпрыемстваў: 37 млыноў, 80 кузняў, 57 гандлёвых лавак, працавалі таксама крупадзёркі, ваўначоскі, маслабойні і інш. З сярэдзіны 1920-х гг. улады намагаліся ўключыць рамеснікаў-саматужнікаў у сетку кааперацыі і таварыстваў саматужнікаў. У Лоеве было створанае таварыства рамеснікаў, у якое ўвайшлі 63 рамеснікі-саматужнікі, а таксама пазыка-ашчаднае таварыства, у склад якога ўваходзілі 169 пайшчыкаў, большасць з якіх былі яўрэямі.

Адной з самых важных задач савецкай нацыянальнай палітыкі ў дачыненні да яўрэяў быў перавод часткі яўрэйскага насельніцтва з традыцыйных сектараў эканомікі (гандаль, саматужныя промыслы, рамяство) у сферу сельскай гаспадаркі. У Беларусі гэтая праца распачалася са стварэння ў 1923 г. пры Народным камісарыяце земляробства Беларускага камітэту па землеўпарадкаванню працоўных яўрэяў (Белкамзет). Комплекс мерапрыемстваў улад, скіраваны на дасягненне гэтай мэты, больш вядомы як “палітыка землеўпарадкавання”. Складаўся ён з двух кірункаў: землеўпарадкаванне яўрэяў на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі (у Крыме, Бірабіджане). У Лоеве і воласці яўрэйскія сельскагаспадарчыя калектывы не былі створаны з-за адсутнасці тут свабодных зямель. Тады з 1924 г. улады сталі заахвочваць яўрэяў перасяляцца ў Крым, для гэтых мэт у Лоеве было створанае “Таварыства па перасяленню ў Крым”, аднак яно хутка распалася. Толькі ў 1926 г. выхадцы з Лоева заснавалі ў Джанкойскім раёне Крыма яўрэйскае земляробчае таварыства “Наперад”, якое налічвала 43 чалавекі. Сярод перасяленцаў больш за 50 % былі рамеснікамі і гандлярамі, а рабочыя і служачыя складалі толькі нязначную колькасць. Перасяленцы ў Крыму сутыкнуліся са шматлікімі цяжкасцямі: недахопам матэрыяльных сродкаў, неўраджаямі, якія дапаўняліся бюракратызмам і бяздушнасцю мясцовых улад. У выніку амаль 40 % перасяленцаў да вясны 1928 г. павярнуліся ў Беларусь.

Умацаванне савецкай улады ў краіне праяўлялася ва ўдасканаленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэгіёну, у стварэнні партыйных арганізацый і ўмацаванні мясцовых савецкіх органаў кіравання. Да пачатку 1924 г. у склад Лоеўскай воласці для яе ўзбуйнення ўвайшлі Дзяражыцкая і Ручаёўская воласці, а затым адміністрацыйны падзел на воласці быў скасаваны і 8 снежня 1926 г. быў створаны Лоеўскі раён у складзе Рэчыцкай акругі. У канцы 1926 г. у раённай партыйнай арганізацыі КП(б)Б быў створаны спецыяльны орган — Яўбюро, перад якім стаяла задача ўзначаліць сацыялістычныя пераўтварэнні ў асяроддзі яўрэйскага насельніцтва. Яўбюро складалася з 5 чалавек: 3 камуністы і 2 камсамольцы. Толькі за першыя шэсць месяцаў пасля ўтварэння Яўбюро правяло 38 пасяджэнняў, на якіх разглядаліся пытанні: аб стане таварыства саматужнікаў, аб яўрэйскай школе, аб працы з беднатой, аб барацьбе з клерыкалізмам і хедарам, аб кааперацыі і іншыя. У склад лоеўскай партыйнай арганізацыі КП(б)Б ўваходзіла 4 яўрэі. У прэзідыум лоеўскага сельсавета былі абраны 2 яўрэі, адзін з якіх займаў пасаду намесніка старшыні сельсавету.

Звесткі аб колькасці насельніцтва Лоеўшчыны ўтрымліваюць матэрыялы Ўсесаюзнага Перапісу насельніцтва 1926 г. Агульная колькасць насельніцтва раёна склала 28 202 чалавекі, з іх у мястэчку налічвалася 4 193. У Лоеве пражывала 1 064 (25,2 %) яўрэяў, з іх 505 мужчын і 559 жанчын. Ідыш у якасці сваёй роднай мовы назвалі 997 чалавек, што сведчыць аб яўрэйскай нацыянальнасці як дамінуючым этнакультурным крытэрыі іх асабістай ідэнтычнасці. Усяго ў Лоеўскім раёне пражывала 1 135 яўрэяў або 4,4 % ад усяго насельніцтва раёна, у той час як у БССР — 8,2 %. Насельніцтва Лоева традыцыйна падзялялася на беларускае і яўрэйскае. Яўрэі засялялі пераважна цэнтр Лоева: вуліцы Базарную (зараз Леніна), Паштовую ( Савецкая), а таксама прылягаючыя да цэнтра вуліцы, а беларусы — ускраіны мястэчка.

У канцы 20-ых гадоў ўлады пачалі згортваць палітыку НЭПа, разлічанага на пабудову рынкавага сацыялізму, і пераходзіць да палітыкі жорсткага адміністрацыйнага кіравання гаспадаркай. У гэты час бальшавіцкія ўлады распачалі палітыку масавага раскулачвання заможнага сялянства і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У Лоеве гэтай палітыцы папярэднічала так званая “муніцыпалізацыя дамоў буржуазных элементаў”. Для яе ажыццяўлення райвыканкамам была створаная адмысловая камісія, якая згодна з пастановай Гомельскага акружнога выканкама ад 10 снежня 1929 г. муніцыпалізавала (бязвыплатна адабрала ў фонд дзяржавы) у Лоеве 23 дамы, што належалі ў асноўным заможным яўрэйскім сем’ям. У выніку дзясяткі людзей, у тым ліку і дзеці, былі пазбаўлены жылля і апынуліся на вуліцы. Вось як успаміналі наступствы выгнання сваёй сям’і з уласнага дому сёстры Дощгіны: “Бабуля Зіся пайшла на прыватную кватэру да Коганаў, там і памерла. Наша сям’я таксама перасялілася на кватэру да Тураўскіх. У доме Доўгіных размясціўся райвыканкам. Усіх дарослых членаў нашай сям’і пазбавілі выбарчага права, занеслі ў так званыя “чорныя спісы” — групу “лішэнцаў”.

План бальшавіцкай калектывізацыі на вёсцы грунтаваўся на тэзісе аб неабходнасці для будаўніцтва “камуністычнага раю” ліквідацыі заможнага сялянства як класа. Таму раскулачванне стала галоўным метадам калектывізацыі на вёсцы. У гэты перыяд масавыя рэпрэсіі ў СССР дасягаюць свайго апагею, прымяняецца ўвесь арсенал рэпрэсіўных мер: занясенне ў спісы варожых элементаў — кулакоў, нэпманаў, контррэвалюцыянераў, шпіёнаў. Паражэнне гэтых людзей у грамадзянскіх правах з канфіскацыя маёмасці іх сямей без высылкі і з высылкай за межы Беларусі, арышты, ссылкі і расстрэлы. Толькі па стане на 1 ліпеня 1933 г. былі пазбаўлены выбарчых правоў па Лоеўскім раёне 427 чалавек, 92 з іх у Лоеве. Сярод іх — заможныя сяляне, служыцелі рэлігійных культаў, гандляры, індывідуальна абкладзеныя падаткам і іншыя. Такія спісы ўладамі штогод абнаўляліся і дапаўняліся.

Падвяргаліся ганенням вернікі. Вастрыё палітычных рэпрэсій нярэдка скіроўвалася і на кіруючыя органы дзяржаўных і гаспадарчых устаноў. Адбываюцца іх чысткі ад “класава варожых элементаў”. У гэты перыяд праводзяцца паказальныя кампаніі па выяўленню “ворагаў народа” сярод калгаснікаў, працоўных, дзярслужачых. У пачатку 1934 г. былі пазбаўлены працы на прамкамбінаце “дачка нэпмана Тамарава”, у загатзбожжы і плодаагародніне — “спекулянт Вадап, гандляр Тураўскі, сын гандляра Казлоў”.

У афіцыйных матэрыялах па Лоеўскім раёне налічваецца 599 чалавек (409 асоб мужчынскага полу і 190 асоб жаночага полу), якія падвергліся арыштам, судам, канфіскацыі маёмасці і высылцы за межы Беларусі, але ж гэтыя лічбы далёка не поўныя. Па падліках, на Лоеўшчыне ў 1920–30-я гады цяжкія рэпрэсіі — арышты з судовымі і пазасудовымі прыгаворамі, высылкі за межы раёна з канфіскацыяй маёмасці, — спазналі не менш за тысячу яе жыхароў, менш цяжкія рэпрэсіі — канфіскацыя маёмасці без высылкі, празмерны падатковы ўціск, абмежаванне ў палітычных правах, жорсткі маральна-псіхалагічны тэрор, — зведалі на сабе не менш за 5 000 жыхароў раёна. Усяго ж за гэтыя гады праз жорны злачынных рэпрэсій прайшло больш 6 000 жыхароў Лоеўшчыны.

Дзяржаўны тэрор, палітычны і ідэалагічны ўціск скоўваў усіх, хто заставаўся на волі, трымаў іх пад пастаянным страхам перад магчымым беспадстаўным абвінавачваннем і пакараннем. У афіцыйных спісах рэпрэсаваных па Лоеўскім раёне няма ні аднаго яўрэйскага прозвішча, хаця па самых сціплых падліках рэпрэсаваных яўрэяў на Лоеўшчыне было некалькі дзесяткаў чалавек. Многія з рэпрэсаваных і іх дзеці памерлі або загінулі ў гады вайны, таму не змаглі патрабаваць рэабілітацыі. Тыя, хто засталіся ў жывых, не вярнуліся ў Лоеў і звярталіся з прашэннем аб рэабілітацыі па новым месцы свайго жыхарства. Некаторым, як сёстрам Нахеме і Тойбе Доўгіным, мясцовыя ўлады адмовілі ў рэабілітацыі па той прычыне, што яны не мелі афіцыйных дакументаў аб рэпрэсіях у дачыненні да іх сям’і.

Бальшавіцкія ўлады ўсведамлялі ўсю злачыннасць таго, што яны рабілі, і таму звычайна пазбягалі публічнасці. Толькі дзе-нідзе ў афіцыйных дакументах згадваюць прозвішчы некаторых мясцовых праваднікоў бальшавіцкай рэпрэсіўнай палітыкі: упаўнаважаных райвыканкама Касьяна, Пінчука, Сурпіна, Эльберга, пракурора раёна Андрэя Мельнікава, загадчыка Райземаддзела Юрчанкі і іншых.

У 1930-я гг. нярэдка на кіраўнічыя пасады ў раёне вылучалі людзей па класавай прыкмеце, часта малаадукаваных. Гэта былі так званыя “вылучэнцы”. Сярод іх былі і яўрэі. У 1937–1938 гг. загадчыкам Лоевскага райздраўаддзела быў прызначаны Дадзіёмаў — былы сталяр з Гомеля. Перад вайной старшынёю Лоеўскага райвыканкама быў яўрэй-“вылучэнец” Сурпін З.В., які таксама не пакінуў тут аб сабе добрай памяці.

Але большасць яўрэйскага насельніцтва жыло агульным жыццём з беларусамі, падзялялі іх радасці і праблемы. Да прыкладу, у 1930 г. у Лоеў з мястэчка Стрэшын Жлобінскага раёна прыехалі маладыя спецыялісты Якаў Аронавіч і Таццяна Абрамаўна Магідзіны. Якаў Аронавіч быў накіраваны сюды на працу пасля заканчання Мар’інагорскага сельгастэхнікума. Яго жонка скончыла Гомельскае педвучылішча. З таго часу лёс гэтай сям’і назаўсёды стаў павязаны з Лоеўшчынай, дзе Магідзіны выхавалі 5 сваіх дзяцей і прыёмную дачку і сваёй працай і адносінамі да людзей набылі вялікі аўтарытэт і павагу.

Па стане на 01.10.1934 г. у Лоеве працавала нацыянальная 7-гадовая яўрэйская школа, у якой навучалася 86 вучняў. Яўрэйская школа на ідышы праіснавала ў райцэнтры да 1938 г. Потым яе зачынілі і яўрэйскія дзеці пайшлі вучыцца ў Лоеўскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу, дырэктарам якой быў яўрэй Гофман Рыгор Давыдавіч (1910 г.н., знік без вестак на фронце ў снежні 1944 г.). У школе працавалі яўрэйкі Берагавая Алена Міхайлаўна — настаўніца рускай мовы, настаўніцы нямецкай мовы Блохман Ганна Якаўлеўна і матэматыкі Гершман Бася Майсееўна. Навучанне ў школе вялося ў паралельных класах на беларускай або рускай мовах па выбары бацькоў. Бацькі-яўрэі аддавалі перавагу для сваіх дзяцей класам з рускай мовай навучання, бо лічылі беларускую культуру і мову вясковай, абмежаванай для выкарыстання рамкамі толькі Беларусі. Большасць яўрэйскіх дзяцей вучыліся лепш, чым беларускія дзеці, але сярод іх былі ў вучобе і сярэднячкі.

Па ўспамінах старажылаў, статус жанчыны ў яўрэйскай сям’і быў вышэйшы, чым у беларускай. У сем’ях лоеўскіх яўрэяў жонкі адыгрывалі галоўную ролю. Ваду ў дом звычайна яны не насілі, памяшканне самі не прыбіралі, як правіла наймалі прыслугу з беларусак, а самі клапаціліся аб мужу і выхоўвалі сваіх дзяцей. Але савецкая рэчаіснасць, якая была скіраваная на выкаранення яўрэйскай грамады з яе ўнікальнай сістэмай выхавання, паступова пачала разбураць яўрэйскую сямейную традыцыю. У 1930-я гады ў Лоеве пачасціліся шлюбы яўрэйскіх хлопцаў з беларускімі дзеўчынамі. На беларусках ажаніліся Волкаў Моталь, Ганкін Моталь, Курас Ёсель, Фрадлін Моўшэ і іншыя. У той жа час шлюбы жанчын-яўрэек з беларусамі былі рэдкімі. Вядома толькі, што ў канцы 1930-х гадоў настаўніца Лоеўскай школы Гершман Бася Майсееўна выйшла замуж за беларуса Мікалая Лагуту, а лоеўская дзяўчына-сірата Гімельберг Цыля ўступіла ў шлюб з беларусам Антонам Склемам з в. Пабядзіцель.

Ідэалагічны ўціск на яўрэяў, якія прытрымліваліся ў паўсядзённым жыцці яўрэйскай традыцыі, рэпрэсіі, лепшыя магчымасці для жыцця і працаўладкавання ў вялікіх гарадах, прывялі да міграцыі і значнага скарачэння ў Лоеве яўрэйскага насельніцтва. Па перапісе 1939 г. у райцэнтры пражывала 4 528 чалавек, з іх — 535 яўрэяў (260 мужчын і 275 жанчын).

Да акупацыі раёна савецкія ўлады паспелі вывезці ў глыбокі тыл каштоўнае абсталяванне Прамкамбінату, жывёлу калгасаў, транспартныя і іншыя матэрыяльныя сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, эвакуіраваць сем’і партыйна-гаспадарчага актыву раёна і палову яўрэйскага насельніцтва райцэнтра — пераважна маладыя сем’і з малымі дзецьмі. У Лоеве засталіся ў большасці яўрэі сталага веку, хворыя, хаця ў мясцовых улад наўрад ці існавалі ілюзіі наконт лёсу гэтых людзей на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі. А вось яўрэі сталага веку, якія перажылі ў сакавіку-снежні 1918 г. акупацыю Лоеўшчыны кайзераўскай Германіяй, такую ілюзію мелі. Да таго ж, уключна да 22 чэрвеня 1941 г. савецкія газеты і радыё нічога не паведамлялі аб зверствах нацыстаў у дачыненні да яўрэяў на акупаваных тэрыторыях Заходняй Еўропы, кіруючыся заключаным СССР з фашысцкай Германіяй Пактам аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г.

Яшчэ на пачатку вайны ў Лоеве з мясцовых жыхароў быў створаны знішчальны батальён для барацьбы з нямецкімі дыверсантамі, у склад якога было залічана некалькі яўрэяў: Курас Ё.Х., Сакольскі А.Д., Фінкельберг І.В., Фрадлін М.Г. і іншыя. Гэты батальён стаў ядром Лоеўскага партызанскага атрада “За Радзіму” (з ліпеня 1943 г. — партызанская брыгада).

26 жніўня 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі акупавалі Лоеў. На Лоеўшчыне наступілі змрочныя дні нацысцкай акупацыі, якая працягвалася больш чым два гады, і прывялі да знішчэння фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі 1 635 мясцовых жыхароў і ваеннапалонных. Тэрыторыя Лоеўскага раёна была ўключаная ў генеральную акругу “Жытомір”, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыяту “Україна”. Акрамя ўправы, у Лоеве былі створаныя жандармерыя і пагранатрад.

Акупацыйныя нямецкія ўлады з першых дзён усталявалі на Лоеўшчыне рэжым рэпрэсій і гвалту ў адносінах да мясцовага насельніцтва і ў першую чаргу да яўрэяў. У Лоеве было створанае гета “адкрытага тыпу”. Яўрэі заставаліся жыць у сваіх дамах, а тэрыторыя, дзе яны жылі, спецыяльна не ахоўвалася. Але яўрэі абавязваліся нашыць на сваё адзенне апазнавальныя знакі — акруглую лату і шасціканцовую зорку жоўтага або белага колеру. Ім забаранілі наведваць грамадскія месцы, уступаць у зносіны з беларусамі, пакідаць сваё жыллё без дазволу акупацыйных улад, іх штодня зганялі на цяжкія працы, цынічна здзекаваліся. Асабліва глуміліся з душэўна хворага Лёмы Кобрынскага (42 г.), Моталя Ганкіна (22 г.), Гірша Левіна (28 г.), загадчыка аптэкі Барыса Кантара (45 г.) і Залмана Расіна (29 г.). Іх запрагалі ў воз замест коней, каб вазіць ваду з ракі і цэглу з разбітых пры бамбёжцы дамоў. Калі тыя ад знямогі падалі, іх жорстка білі палкамі і прыкладамі вінтовак. Затым вывелі на бераг Дняпра і расстралялі.

Па звестках доктара гістарычных навук Л. Смілавіцкага, Лоеўская яўрэйская абщчына была ліквідавана ў ходзе двух карных акцый. У кастрычніку 1941 г. у Лоеў прыехалі карнікі з Гомеля. Адабралі з яўрэяў 18 “каштоўных спецыялістаў”, якіх пакінулі ў Лоеве. Астатнім абвясцілі, што іх адправяць у лагер пад Гомель. Затым лоеўскіх яўрэяў, у асноўным старых і дзяцей, фашысты пераправілі праз Дняпро і знішчылі. Расстрэлам яўрэяў кіраваў камендант жандармерыі Брун і камендант пагранатрада Крыгер. Да лаяўцоў дайшлі чуткі, што ад карнікаў выратавалася толькі жанчына Рая, якая да акупацыі працавала загадчыцай Лоеўскай дзіцячай бібліятэкі. Яе дваіх дзяцей-блізнюкоў і маму фашысты забілі. Казалі, што Рая доўгі час блукала вакол месца пакарання і клікала: “Сталін, спасай! Сталін, спасай!”

Другая карная акцыя была праведзеная праз месяц. У лістападзе ў Лоеў зноў прыбыў карны атрад. Памочнік начальніка паліцыі Архіп Даўгалычанка сабраў ў цэнтры Лоева 18 яўрэяў, якім карнікі захавалі жыццё падчас першай акцыі знішчэння. У той жа дзень намеснік каменданта Трафім Зайцаў затрымаў і даставіў у Лоеў сям’ю яўрэя Суботы з вёскі Уборкі. Усіх іх немцы і паліцаі пераправілі за Дняпро, дзе і расстралялі. Адну яўрэйскую сям’ю Трафім Зайцаў з паліцаямі Паўлам Кардашом і Ільём Мазурам выявілі па суседству з Лоевам ва ўкраінскай вёсцы Каменка за Дняпром (зараз Рэпкінскі раён Чарнігаўскай вобласці Украіны). Іх таксама забілі.

 Для пераважнай большасці лаяўцоў расправа з яўрэяў была сапраўдным шокам, яны, калі маглі, дапамагалі землякам.

У пачатку жніўня 1942 г. фашысты і іх мясцовыя памагатыя-паліцаі захапілі ў заложнікі сем’і лоеўскіх партызан з умовай, што вызваляць тых, калі іх мужы і бацькі складуць зброю і адмовяцца ад барацьбы з акупантамі. Два тыдні заложнікаў, сярод якіх былі і чатыры сям’і, чые бацькі былі яўрэямі, а маці- беларускі, трымалі ў вялікім доме Фрадліных на Базарнай вуліцы. А калі партызаны не паддаліся на шантаж, 16 жніўня 1942 г. усіх заложнікаў расстралялі ў процітанкавым рове за Лоевам. Пасля вызвалення Лоева ад фашысцкіх захопнікаў 91 забіты ворагамі мірны жыхар быў перапахаваны ў двух брацкіх магілах на могiлках па вулiцы Камсамольскай. У адной з іх разам з беларусамі пахаваны і яўрэі.

Па звестках, якія ўтрымлівае нацыянальны мемарыял Катастрофы (Халакосту) і Гераізму “Яд Вашэм” у Іерусаліме, 182 лоеўскія яўрэі загінулі ў часы Другой сусветнай вайны. Нашы падлікі дазваляюць сцвярджаць, што такіх ахвяр было больш чым 200 чалавек. З іх: 37 загінула на франтах, 65 забіты карнікамі ў Лоеве, больш за 100 чалавек было знішчана падчас карных аперацый.

16 кастрычніка 1943 г. Лоеў падчас наступальнай аперацыі быў вызвалены войскамі 65-й арміі Цэнтральнага фронта. 365 савецкіх воінаў за самаахвярныя подзвігі ў баях на Лоеўскім плацдарме былі ўганараваныя вышэйшай узнагародай савецкай краіны — Зоркай Героя Савецкага Саюза. Імёны Герояў змешчаны на мармуровых плітах усталяваных у 2015 г. на Алеі Герояў у цэнтры Лоева каля падножжа Лоевай гары.

Іл-я 6. Алея Герояў у цэнтры Лоева

У баях за вызваленне Лоеўшчыны змагалася і значная колькасць яўрэяў. Чатыры з іх за асабісты гераізм праяўлены ў баях на Лоеўшчыне атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Вось імёны гэтых мужных людзей.

Старшы лейтэнант Гарэлік Зіновій (Залман) Самуілавіч (19.11.1904–14.12.1968), Герой

Савецкага Саюза (30.10.1943 г.) — камандзір роты 568-га палка 149-й стралковай дывізіі 65-й арміі. Нарадзіўся ў г. Асіповічы ў Беларусі.

Лейтэнант Гурвіч Сямён Ісакавіч (03.07.1923–20.10.2004), Герой Савецкага Саюза (26.10.1944 г.) — намеснік камандзіра эскадрыллі 431-га штурмавога авіяцыйнага палка 299-ай штурмавой авіяцыйнай дывізіі 16-ай паветранай арміі. Нарадзіўся ў г. Растоў-на-Доне, да вайны жыў у г. Варонежы.

Лейтэнант Кудравіцкі Давыд Абрамавіч (07.02.1919–01.10.1943), Герой Савецкага Саюза (15.01.1944 г.) — камандзір роты 29-га палка 12-й стралковай дывізіі 61-й арміі. Нарадзіўся ў п. Хіславічы Смаленскай вобласці Расіі.

Падпалкоўнік Мільнер Рафаіл Ісаевіч (20.12.1910–04.07.1979), Герой Савецкага Саюза (15.01.1944 г.) — намеснікам камандзіра 32-га палка па палітычнай частцы 12-й стралковай дывізіі 61-й арміі. Нарадзіўся ў г.п. Манастырышча Чаркаскай вобласці Украіны.

Больш за 150 савецкіх воінаў яўрэйскай нацыянальнасці загінула пры вызваленні Лоеўшчыны ад фашысцкіх захопнікаў і пахаваны на лоеўскай зямлі. Яўрэйская гісторыя Лоева цалкам абвяргае запушчаны ў пасляваенны час у СССР здзеклівы антысеміцкі міф-кпін, маўляў, яўрэі ваявалі толькі на 5-ым украінскім фронце.

Пасля вызвалення Лоева большасць лоеўскіх яўрэяў вярнуліся з эвакуацыі на сваю малую Радзіму. Сярод іх былі сем’і Доўгіных, Глушцоў, Магідзіных, Міхліных, Рагозіных, Разоўскіх, Ржаўскіх, Рузіных, Розкіных, Шораў, Эрэнбургаў і іншыя. Разам з усімі жыхарамі Лоева і раёна яўрэі аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку і ўнеслі значны ўклад у пасляваеннае развіццё Лоеўшчыны. Паспяхова працавалі ў галіне культуры Разоўскі Міхаіл і Магідзіна Таццяна, адукацыі — Гершман Бася, Глушэц Бэла, Данiшэўская Бранiслава, Магідзіна Ніна, фінансаў — Рувінскі Ілья, сельскай гаспадаркі — Рагозін Юзаф, Магідзін Якаў і яго сын Аляксандр, аховы здароўя — Доўгіна Ніна і Цёмкіна Любоў, гандлю — Кацман Барыс, Разоўскі Рыгор і Рузін Ісак, сувязі — Гурэвіч Сталіна і іншыя.

У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг.ў яўрэі ў СССР цярпелі ад дзяржаўнага антысемітызму больш, чым ад побытавага, што нараджала незадаволенасць лоеўскіх яўрэяў месцам свайго пражывання. Распачатая сталінскім кіраўніцтвам “барацьба з бязродным касмапалітызмам” і “Справа лекараў”, якія мелі антыяўрэйскую скіраванасць, засведчылі, што камуністычныя ўлады працягваюць ставіцца з падазронасцю да яўрэяў. Хаця Хрушчоў М.С., а затым і Брэжнеў Л.І., адмежаваліся ад злачынстваў эпохі Сталіна і абяцалі хутка пабудаваць у СССР камуністычны рай, гэта ніяк не паўплывала на светапогляд лоеўских яўрэяў. У іх ужо не было камуністычных ілюзій і бачання сваёй ролі ў гэтым працэсе, яны ведалі, што абароненасць асобы і якасць жыцця ў заходніх краінах былі значна вышэйшымі, чым у СССР. Эміграцыю падштурхнулі таксама крызіс эканомікі СССР 1980-х гг. і аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. Лоеўскія яўрэі Гурэвічы, Рувінскія, Тамаравы, Шэйсеры і іншыя скарысталіся свабодай выезду, абвешчанай у сувязі з перабудовай у СССР, і выехалі ў Ізраіль. Па перапісе насельніцтва 2009 г., у Лоеве пражывала 7 тыс чалавек, з іх яўрэяў налічвалася толькі 9. Яўрэйская частка гісторыі Лоева падышла да свайго завяршэння.

У чэрвені 2019 г. беларускімі яўрэйскімі таварыствамі з удзелам мясцовых краязнаўцаў і пры фінансавай падтрымцы Фундацыі імя Саймана Марка Лазаруса (ЗША) і Фундацыі імя Майлеса і Мэрылін Клетэраў (ЗША) на паўночнай ускраіне Лоева адразу за яўрэйскімі могілкамі быў усталяваны памятны мемарыяльны знак. На мармуровай пліце пад выявай сямісвечніка змешчаны надпіс на трох мовах: беларускай, ангельскай і іўрыце “Ахвярам Халакосту, якія былі расстраляныя нацыстамі ў 1941–1943 гадах у горадзе Лоеве і Лоеўскім раёне. Вы назаўжды ў нашай памяці.”

Іл-я 7. Мемарыяльны знак у памяць аб ахвярах Халакосту ў Лоеве

 

Анісавец Мікалай Іванавіч

краязнаўца, публіцыст

 

Крыніцы

Банькоўскі–Цюліг, М. Студэнты і студэнткі з Беларусі ў Швейцарскіх універсітэтах (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Беларускі гістарычны часопіс, 1995, № 4.

Басін, Якаў. Барыс, Сымон. Яўрэі і іўдаізм на Беларусі / Беларускі гістарычны часопіс. 2000 г., №2.

Белоруссия в эпоху капитализма : сб. док. и мат., т. 2. Минск, 1990.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990.

Білоус Н. Киів напрікінці ХV – у першій половині ХVІІ ст. Міська влада і

самоврядування. Киів., 2008.

Бядуля, Змітрок. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі, Мінск, 1918.

Веремеев, С.Ф. Еврейское население местечка Лоев в 20-е гг. ХХ в / Наша ваколіца : зб. навуковых работ, выпуск 1. Гомель, 2010.

Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя ў 3 т., т.2. Мінск, 2006.

Гісторыя Лоеўскай зямлі. Факты. Каментарыі : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю ўтварэння г.п. Лоев. Лоеў, 20 кастрычніка 2005 г., Гомель, 2006.

Дзяржаўны архіў грамадскіх арганізацый Гомельскай вобласці, ф. 226, воп.1а, спр.5, арк.72–78.

Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці, ф.12, воп.1, спр. 630, арк.1–3; ф.42, воп. 1, спр.12, арк..12; ф.114, воп.1, спр.17, арк.33–37; спр. 3, арк. 2 зв.; спр.12, арк.2; арк. 4; спр.13, арк.25; спр. 20, арк. 21; спр. 40, арк. 7 зв.; ф.509, воп.1, спр.20, арк.18-28; спр.329, арк.26; арк.50; спр.305, арк.49–52.

Доўнар-Запольскі, М.В. Гісторыя Беларусі, Мінск, 1994.

Жагловский, А. Галаковщина : мифы и реальность. Чернигов, 2009 .

Зеленский, И. Минская губерния. Материалы для географии и статистики России, собраные офицерами Генерального штаба, ч. 1. СПб, 1864 г.

Каганович, Альберт. Речица. История еврейского местечка юго-восточной Беларуси, Иерусалим, 2007.

Козловский, П. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине ХVIII в., Минск, 1974.

Кондратьев, Ігор. Любецьке староство (XV – середина XVII ст.). Чернігів, 2014.

Костырченко, Г.В.Тайное наследие Сталина. Власть и антисемитизм. Москва, 2001.

Навечно в сердце народном, изд. 2-е, дополн. и перераб. Минск, 1977.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 319, воп. 5, спр. 52, арк. 11–18; ф.3947, воп. 1, спр. 4, арк.75.

Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь, в. ДП, ОО, 1905, воп. 40, спр. 1350, арк. 107.

Памятная книжка Минской губернии на 1913 год : справочные и административные сведения. Минск, 1912.

Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна, Мінск, 2000.

Революционное движение в Белоруссии 1905–1907 гг. Минск, 1955.

Рогалеў, А.Ф. Сцежкi ў даўнiну. Мінск, 1992.

Семёнов, В. Россия : полное географическое описание нашего отечества, т.9. СПб, 1905.

Смиловицкий, Леонид. Евреи в Турове: история местечка Мозырского Полесья, Иерусалим, 2008.

Bełous, N. Wprowadzanie prawa magdeburskiego w miastach województwa Kijowskiego pod koniec XV – w pierwszej połowie XVII w./ Krzysztofory — Krakow : Muzeum Historyczne miasta Krakowa, t. 26. 2009.

Bobinski, W. Wojewodztwo kijowskie w czasach Zygmunta III Wazy : stadium osadnictwa i stosunkow wlasnosci ziemskej. Warszawa, 2000.

Jablonowski, A. Lustracye Krolewszczyzn ziem Ruskich : Wolynia, Podola i Ukrainy z pierwszej polowy XVII wieku, t. V. Warszawa, 1877.

Гомельское_гетто [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki/. — Дата доступу: 26.01.2016 г.

Праведнікі народов мира Беларуси [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: www.mishpoha.org/library/20/20_pravedniki-narodov-mira-belarusi.pdf. — Дата доступу: 26.01.2016 г.

Еврейские корни  [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: forum.j-roots.info/viewtopic.php?t=2102. — Дата доступу: 12.11.2015 г.

Аврунин, Авраам [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki. — Дата доступу: 23.01.2016 г.

Глускин, Мендель Аронович [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/.../. — Дата доступу: 23.01.2016 г.

Курцер, Бронислава Марковна [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/.../ Курцер, Бронислава _Марковна. — Дата доступу: 23.01.2016 г.

centrasia.ru [Электронны рэсурс] // Рэжым доступу: www.centrasia.ru/person2.php?st=1278062764. — Дата доступу: 25.01.2016 г.