CA / 2020 / МІНДЗІКІ. Гісторыя знакамітага лоеўскага роду Байдакоў, напісаная па ўспамінах Багацкай (Байдак) Галіны Паўлаўны 1922 года нараджэння

МІНДЗІКІ
Гісторыя знакамітага лоеўскага роду Байдакоў, напісаная па ўспамінах Багацкай (Байдак) Галіны Паўлаўны 1922 года нараджэння*
 
Мікалай АНІСАВЕЦ
 
*Матэрыял друкуецца са згоды аўтара па: Анісавец, М. Міндзікі / Мікалай Анісавец // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 105–118.
 
Анісавец, М. Міндзікі. Гісторыя знакамітага лоеўскага роду Байдакоў, напісаная па ўспамінах Багацкай (Байдак) Галіны Паўлаўны 1922 года нараджэння [Электронны рэсурс] / Мікалай Анісавец // Культура & Антрапалогія — 2020. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/52060/. — Дата доступу: 02.10.2020)
 
На пачатку ХХ стагоддзя наша сям’я была самай вядомай і заможнай сярод беларускіх сем’яў Лоева. З ёю па аўтарытэце і багацці маглі сапернічаць, бадай, толькі асобныя багатыя сем’і лоеўскіх яўрэяў Долгіных, Прытыцкіх, Сабалеўскіх, Холмецкіх. За нашым родам трывала замацавалася мянушка Міндзікі, якая пайшла ад знакамітага ў Лоеве нашага прапрадзеда, якога звалі Міна. Міна Байдак быў ганчаром. У канцы нашага агарода і зараз шмат гліны і гліняных чарапкоў.
 

Байдакі

Прозвішча Байдак даволі пашырана на постсавецкай прасторы. Яно вядзе свой пачатак ад мянушкі Байдак. Большасць даследчыкаў лічыць яго ўкраінскім па паходжанні і звязвае з ракой. Само ж прозвішча магло быць утворана ад назвы байдак — старадаўняя рачная лодка з адной мачтай. Байдакі, як тып рачных суднаў, выкарыстоўваліся на Дняпры з часоў Сярэдневякоўя і да канца ХVIII стагоддзя для сплаўнага і ўзводнага суднаходства. Можна меркаваць, што Байдаком маглі празваць гаспадара лодак, іх будаўніка або заўзятага рыбака. Некаторыя даследчыкі звязваюць наша прозвішча з дзеясловам байдачыць — бурлачыць, наймацца на байдакі на працу. Байдакамі называлі бурлакоў, якія працавалі ў суднаўладальнікаў па найме для валачэння суднаў на рачных перакатах і мелкіх месцах. Зыходзячы з гэтай версіі, лоеўскі род Байдакоў бярэ паходжанне яшчэ з Сярэдневякоў’я, калі плавалі па Дняпры на байдаках і байдачылі іх.

Ёсць, праўда, яшчэ адна версія: быццам прозвішча ўзыходзіць да пераноснага значэння назоўніка байдак — свавольнік, лянівец, гультай, бяздзельнік, буян. Але гэтай версіі дакладна не адпавядае наш лоеўскі род Байдакоў, які па сямейным паданні паходзіць з рамеснікаў.

Нашага прадзеда звалі Яўхім Мінавіч. У яго было тры сыны: старэйшы — наш дзед Ісак, сярэдні — Ілля, малодшы — Павел, і адна дачка — Алена. Дружная была сям’я, працавітая, дабрабыту дасягалі сваёй працай. Пабудавалі за Рачышчам цагельню, сталі рабіць цэглу для ўласнага дома. Зямлю пад дом прыдбалі на Базарнай вуліцы ў цэнтры Лоева. На цагельні працавалі ўсёй сям’ёй: прадзед, дзед Ісак і яго сын, наш бацька Павел, дзед Ілля і яго сыны Іван і Мацвей, дзед Павел — сем мужчын, а калі было неабходна і пасільна, падключаліся жанчыны. Працавалі не пакладаючы рук з раніцы да вечара, таму і жылі ў дастатку.

На самым пачатку ХХ стагоддзя перайшлі жыць з прадзедавай драўлянай хаты, што месцілася на Плюшчоўцы, у новы цагляны дом. Але з гадамі сям’я павялічвалася, сыны прыводзілі ў дом нявестак, нараджаліся дзеці. Вырашылі будаваць новы, значна большы цагляны дом, на які ўжо мелі сродкі. Месца набылі таксама ў цэнтры Лоева, там, дзе вуліца Плюшчоўка прымыкала да Базарнай вуліцы. Зараз на месцы гэтага дома па вуліцы Царыкава ўзведзена пяціэтажка. Вялікі дом на чатыры сям’і быў пабудаваны ў двух узроўнях, з утульнымі падваламі. Уваход у дом меў вялікі ганак з шасцю прыступкамі. Кожная сям’я жыла ў агульным доме асобна, у кожнай былі тры пакоі, кухня, кладоўка, печ і грубкі — печкі для ацяплення. Працавалі разам на цагельні, але кожная сям’я мела сваю зямлю і апрацоўвала яе самастойна. Хутка сястра дзеда, Алена, выйшла замуж за музыканта Леаніда Цярлецкага і з’ехала з ім у Кіеў. Частка яе дома пуставала, у ёй Міндзікі адзначалі рэлігійныя святы.

Прадзед Яўхім быў набожным чалавекам, спяваў і чытаў у Свята-Троіцкай царкве, сябрам яго быў святар Канстанцін Сарачынскі. Часта бывала ў нашым доме і сястра святара настаўні­ца Вольга Максімаўна. Усе ў нашым родзе атры­малі добрую па тых часах адукацыю, у доме раз­мяшчалася вялікая бібліятэка з творамі класікаў, у тым ліку і Т.Р. Шаўчэнкі, творчасцю якога асаб­ліва захапляліся.

Цагляны дом на Базарнай вуліцы прадалі заможнай яўрэйскай сям’і, прозвішча якой згубілася ў памяці. Але мянушка новай гаспа­дыні дома захавалася: усе звалі яе Бройня, але, верагодна, яна мела пашыранае яўрэйскае імя Броня. Яе ведалі як добрага чалавека і гаспады­ню крамы, у якой гандлявалі тканінамі.

 

Ансоненкі-Царыкі

Бацька наш Павел ажаніўся з вельмі пры­гожай лоеўскай дзяўчынай Ганнай Ансоненка-Царык. Наша мама паходзіла з вядомага, але збяднелага лоеўскага роду Захарэўскіх. Яе дзед служыў у царскім войску на Украіне. Там ён ат­рымаў паведамленне, што яго дачка Соня, якая нарадзілася пасля таго, як яго прызвалі ў вой­ска на 25-гадовую службу, выходзіць замуж. Папрасіў адпачынак, а калі яго не пусцілі, уцёк з войска дадому, хаця да канца службы застава­лася тры гады. За Дняпром, зусім блізка ад Лое­ва, яго схапілі і як дэзерціра павесілі ў вёсцы За­дзярэеўка на дрэве. У сям’і Захарэўскіх забралі зямлю, толькі хату з невялікім агародам пакі­нулі. З тых часоў сям’я вяла бядняцкае жыццё. Але свет, як кажуць, не без добрых людзей.

Старэйшую дачку беглага рэкрута Наталлюўзяла кухаркай у свой прыгожы маёнтак у вёс­цы Суткоў графіня Кацярына Бараноўская. Маёнтак размяшчаўся ў жывапісным месцы на высокім беразе Дняпра за 12 кіламетраў на поў­нач ад Лоева. Пазней графіня выдала Наталлю замуж за свайго конюха і фурмана Яўхіма Ан­соненку-Царыка. Прыгожых маладых братоў Ансоненкаў-Царыкаў Кацярына Бараноўская прыкмеціла і ўзяла да сябе на службу з Цар­скага хутара ў Чарнігаўскай губерні, праз які памешчыца часта ездзіла па справах у Чарні­гаў. На хутары жыла сям’я Ансоненкаў — сямё­ра сыноў з бацькам. Маці памерла. Прадзеды і дзяды Ансоненкаў разводзілі авечак, шылі ка­жухі і шапкі па модзе, якая ў тыя часы называ­лася “царскай”. Іх вырабы карысталіся шырокім попытам сярод заможных людзей. З-за гэтай акалічнасці хутар набыў назву “Царскі”, а за сям’ёй Ансоненкаў трывала замацавалася дру­гое прозвішча — Царык. Памешчыца ўзяла да сябе двух братоў: старэйшага Яўхіма і малодша­га Рамана. Яўхім у якасці фурмана суправаджаў графіню ў яе шматлікіх паездках, з-за чаго на Лоеўшчыне гулялі плёткі, што ў Кацярыны Бара­ноўскай фурман з’яўляецца каханкам. Асабліва гэтыя плёткі пашырыліся, калі ў другой палове 1880-х сямейнае жыццё графіні разладзілася, што пазней, у 1894 годзе, прывяло да разво­ду з Аляксандрам Бараноўскім, які быў значна старэйшы за жонку, са скандалам, праз суд.

Магчыма, гэтыя плёткі і падштурхнулі гра­фіню Бараноўскую паскорыць жаніцьбу свайго фурмана на Наталлі Захарэўскай. Яшчэ ў Сут­кове ў маладой сям’і з’явіліся два сыны: Пятро і Андрэй. Іншыя дзеці нарадзіліся ўжо ў Лоеве. Усяго ў сям’і Яўхіма і Наталлі было 9 дзяцей. З іх выжылі толькі два сыны і дзве дачкі. Старэйшы сын Пятро сябраваў з сынамі Бараноўскай, хаця быў маладзейшым за іх. Дзеці графіні напачатку атрымлівалі адукацыю ад гувернёраў, вучыўся з імі і Пятро, прысеўшы каля ўвахода ў памяш­канне і старанна слухаючы настаўнікаў. Нярэд­ка здаралася, што яму пасля ўрокаў даводзілася тлумачыць матэрыял графінічам, якія не здолелі яго засвоіць. Бараноўская была мудрай і добрай жанчынай, яна прыкмеціла кемлівага і здоль­нага малога ды накіравала на вучобу разам са сваімі сынамі.

Вядома, што графіня Бараноўская заўсёды клапацілася пра сваіх слуг, не пакідала іх без падтрымкі. Калі Наталля і Яўхім захацелі пера­ехаць на сталае жыццё ў Лоеў, памешчыца па­будавала ім драўляны дом на 4 пакоі і купіла пад гаспадарчыя патрэбы невялікі кавалак зям­лі ў полі. На жаль, гэты дом у 1918 годзе згарэў. Яўхім падчас Першай сусветнай вайны служыў у войску, затым доўгі час працаваў качагарам на параходзе “Звязда”.

У сям’і Ансоненкаў-Царыкаў панаваў патрыярхат: што дзед Яўхім скажа, тое і будзе. Мама расказвала, што калі яна закончыла 4 класы Лоеўскай школы і стала ў бацькі прасіць дазволу на далейшую вучобу, бо марыла стаць доктарам, той моцна адлупцаваў яе рэменем. Пры гэтым гняўліва прыгаворваў: “У графіні дачка не доктар, а бач ты, дачка конюха хоча быць доктарам”. За гэта мама была ў крыўдзе на нашага дзеда Яўхіма і сама імкнулася сваім дзецям даць добрую адукацыю. Заўсёды казала нам: “Вучыцеся, вучыцеся, не пашкадуеце”.

У Лоеў Пётр вярнуўся, маючы больш высо­кую адукацыю за яго аднагодкаў, чым бацькі вельмі ганарыліся. Бацька ўладкаваў яго на пра­цу паштальёнам, але гэтая праца Пятру была недаспадобы — вельмі аднастайная і неаўтары­тэтная. Ён марыў аб працы, якая б давала шы­рокія магчымасці для развіцця і самаўдаскана­лення. Аднойчы ён, разнёсшы частку паштовак па адрасах, другую выкінуў у раку. Неўзабаве хлопца выгналі з працы. Бацька, які меў даволі суровы нораў, адлупцаваў юнака і паслаў вадзіць сляпых жабракоў. Гэтая работа таксама да­вала на пражыццё, бо адмовіць пасланцу Божа­му ў ахвяраванні лічылася вялікім грахом. Пятро прывёў сляпых жабракоў на гару за Лоевам і кі­нуў іх там. Раззлаваны бацька ўладкаваў свайго адукаванага, але непаслухмянага сына вучнем каваля да лоеўскага купца Чартахоўскага, мяр­куючы, што цяжкая праца направіць хлопца на шлях. Але бліжэйшым цеплаходам Пятро з’ехаў у Кіеў. Знайшоў сабе працу ў аптэцы, якая нале­жала яўрэю з Лоева. Днём працаваў у аптэцы, а вечарамі вучыўся ў Кіеўскім медвучылішчы. У якасці фельчара пайшоў на Першую сусвет­ную вайну. Потым удзельнічаў у рэвалюцыі, на баку чырвоных ваяваў падчас Грамадзянскай вайны. Ужо ў канцы 1920-х закончыў Акадэмію Генеральнага штаба, служыў камісарам дывізіі і меў два ромбы на каўняры. Сваім бацькам ён купіў у Лоеве дом з трыма пакоямі. Узяў іх на ўтрыманне — штомесячна дасылаў грашовыя пераводы на пражыццёвы максімум. Да таго ж штогод прыязджаў і прывозіў усё неабходнае. Так працягвалася да апошніх гадоў жыцця баць­коў: дзед Яфім памёр у 1933, а баба Наталля — у 1940 годзе.

Калі арыштавалі маршала Тухачэўскага, у доме Пятра Ансоненкі-Царыка знішчылі ўсе фотаздымкі, на якіх апошні быў сфатаграфава­ны разам з маршалам. Каб пазбегнуць рэпрэсій, Пятро стаў карыстацца адным прозвішчам Ансоненка. Да вайны Пятро Ансоненка-Царык служыў у Генштабе, а перад Вялікай Айчыннай атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара за­крытага ваеннага завода, які выпускаў боепры­пасы да “Кацюш” і размяшчаўся на Крымскай набярэжнай у Маскве. Пражыў Пятро Ансонен­ка-Царык доўгае жыццё і памёр амаль у 100-гадовым узросце ў 1986 годзе.

Пайшоў у рэвалюцыю і падчас яе загінуў другі мамін брат Андрэй Ансоненка-Царык. Ма­міна малодшая сястра, мая цётка Паша, двойчы выходзіла замуж. Першы раз за лоеўскага хлоп­ца Івана Шумігая. Калі муж загінуў у 1918 годзе, у яе засталася гадавалая дачка Даша. У 1920-я цётка Паша другі раз выйшла замуж — за та­тарына Асмана Сабірава, вельмі добрага чала­века. Бацькі дзядзькі Асмана былі катэгарычна супраць яго жаніцьбы на хрысціянцы і казалі: “Або табе твая жонка, або мы, бацькі. Калі ты выбіраеш жонку-хрысціянку, мы табе не баць­кі”. На што той адказваў: “Мой баб Паша харо­шы, я яе не пакіну”. Бацькі ад яго адмовіліся. Дзядзька Асман заўсёды дапамагаў нашай сям’і па гаспадарцы, асабліва адчувальнай яго да­памога стала пасля смерці бацькі. Ён заўсёды здзіўляўся, чаму мы, хрысціяне, ядзім “бруднае свіное вуха” і пагарджаем самым чыстым мя­сам — канінай. Цётка Паша яго харчовы выбар падзяляла — таксама ела каніну.

У дзядзькі Асмана не было сваіх дзяцей, і ён усю сваю любоў аддаваў падчарцы Дашы, якая ў адказ дрэнна вучылася і з цяжкасцю закон­чыла толькі 7 класаў. У 1938 годзе ён паехаў на радзіму ў Татарстан, каб наведаць пляменнікаў, бацькі яго ўжо памерлі. Паехаў зімой у моцны мароз і па дарозе адмарозіў ногі. Па вяртан­ні ў Лоеў у яго пачалася гангрэна, ад якой ён і памёр. Завяшчаў не ставіць на магілу крыж, а пакласці камень, што цётка Паша і зрабіла. Дачка цёткі Пашы Даша да вайны выйшла замуж за настаўніка, нарадзіла дачок Веру і Надзю. У 1943 годзе фашысты вывезлі цётку Пашу, яе дачку і ўнучак у Германію, дзе ўтрымлівалі ў канцэнт­рацыйным лагеры. Пасля вайны цётка Паша вярнулася ў Лоеў, а яе дачка выйшла замуж за паляка і засталася жыць з дзецьмі ў Польшчы. Вядома, што іх ужо няма ў жывых.

 

У статусе кулакоў і падкулачнікаў

Міндзікі ў цэлым лаяльна паставіліся да Кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту. Меркавалі, што рабоча-сялянская ўлада будзе спрыяць рабочаму люду, усім, хто сваім гарбом стварае дабрабыт. Да таго ж ведалі, што сваяк Пятро Ансоненка-Царык з юнацтва звязаў лёс з бальшавікамі і пайшоў у рэвалюцыю.

Дзед Ісак і баба, якую па дакументах звалі Яўдзікія, а па вулічнаму Аўдзюха, захацелі жыць з сям’ёй асобна, і ў 1928 годзе для іх усім родам пачалі будаваць асобны цагляны дом на Плюшчоўцы, недалёка ад драўлянага дома прадзеда, на процілеглым баку вуліцы. Але ў гэтым доме ім пажыць не давялося.

 

Дом, пабудаваны Міндзікамі ў Лоеве па вуліцы Лені­на, 23 (ранейшая Базарная вуліца). У цяперашні час у будынку размяшчаецца Лоеўскі разліковы цэнтр бан­каўскіх паслуг № 316 філіяла № 300 Гомельскага аб­ласнога ўпраўлення ТАА «АЗБ Беларусбанк». У 1990-м з усходняга боку дома была зроблена двухпавярховая прыбудова, а ў 2008—2009-м праведзена рэканструк­цыя. У пачатку ХХІ стагоддзя будынак унесены ў спіс помнікаў архітэктуры ХІХ стагоддзя

У сям’і Міндзікаў панаваў матрыярхат: апош­няе слова заўсёды заставалася за бабай Еўдакіяй. Яна была вельмі рухавая, працавітая і добрая, але па-своему: любіла дык любіла, а калі нешта было не па яе, то не даравала. Най­больш цярпела ад яе мая мама. Баба заўсёды казала: “Мая печ, мая і рэч”. Гэта значыла: не су­пярэч мне ні ў чым.

Маме даводзілася быць у хатніх справах ды­пламатам, бо свякруха ўсё трымала ў сваіх ру­ках — і прала, і ткала.

У дзеда Ісака і бабы Аўдзюхі было трое дзя­цей: акрамя сына, нашага бацькі Паўла, дзве дачкі — Ефрасіння і Еўдакія. Ефрасіння выйшла замуж за лоеўскага хлопца, аднафамільца Рыго­ра Байдака. Той быў чалавек, што называецца, з характарам, не захацеў, каб яму дапамагалі, сам пабудаваў драўляную хату: адзін вялікі па­кой з печчу, кухняй і ложкамі, у тым ліку і драў­ляным дзіцячым ложкам без спінак. Працаваць на цагельні адмовіўся. На пражыццё зарабляў з дапамогай уласнага каня: каму ўзараць, каму нешта падвезці. Па характары Рыгор быў балагурам: так і сыпаў прымаўкамі-прыказкамі, не­каторыя з іх і цяпер можна пачуць ад лоеўскіх старажылаў.

Цётка, якую ўсе звалі Просяй, і дзядзька Ры­гор вырасцілі чатырох дзяцей: дачок Надзю і Марыю, сыноў Рыгора і Івана. Іх сям’я жыла з усімі жыццёвымі праблемамі і радасцямі, як і большасць сем’яў у Лоеве. Цётка Прося была вялікая працаўніца, і ўсе турботы па ўтрыманні гаспадаркі, агарода і зямлі ў полі ляжалі на яе плячах. Калі падрасла старэйшая дачка Надзя, стала дапамагаць ёй па гаспадарцы і ў школе вучылася мала. Сыны Рыгор і Іван закончылі 7 класаў у Лоеве і працягвалі вучобу далей. Ры­гор атрымаў адукацыю бухгалтара і працаваў галоўным бухгалтарам у аб’яднанні “Загатжы­вёла”. Іван звязаў свой лёс з рачным флотам і плаваў на грузавым цеплаходзе капітанам. Калі Рыгор стаў, што называецца, на ногі, ён узяў на сваё матэрыяльнае ўтрыманне малодшую сястру Марыю, якая ў школе была круглай выдатні­цай, чым у сям’і вельмі ганарыліся.

Другая бацькава сястра, Еўдакія, або, як усе яе звалі, Дуня, паехала ў Кіеў і там выйшла за­муж за машыніста чыгункі Рыгора Сухавея. Іх сям’я мела сярэдні дастатак, як і іншыя ў той час сем’і рабочых. У іх нарадзіліся дзве дачкі: Галіна і Марыя. Галіна яшчэ да вайны атрымала педа­гагічную адукацыю, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей і працавала настаўніцай. На пачат­ку вайны на вачах цёткі Дуні яе дачка Марыя са сваім мужам загінулі пры бамбёжцы Кіева. Гора цётка Дуня не вытрымала і праз тры месяцы па­мерла. Галіна засталася з двумя дзецьмі ў Кіеве і як перажыла акупацыю, ведае толькі Бог. Муж яе пасля вызвалення вярнуўся ў Кіеў з другой жонкай, але дзецям, пакуль яны вучыліся, да­памагаў матэрыяльна. Пазней Галіна выйшла замуж другі раз і пераехала на пастаяннае жы­харства ў Казахстан.

У канцы 1920-х бальшавіцкія ўлады распачалі палітыку масавага раскулачвання заможнага сялянства і калектывізацыі сельскай гаспадар­кі. У Лоеве гэтай палітыцы папярэднічала муніцыпалізацыя дамоў буржуазных элементаў. Для яе ажыццяўлення райвыканкамам была створана адмысловая камісія, якая, згодна з пастановай Гомельскага акружнога выканкама ад 10 снежня 1929 года, муніцыпалізавала (бяз­выплатна адабрала ў фонд дзяржавы) ў Лоеве 23 дамы, што належалі ў асноўным заможным яўрэйскім сем’ям. У выніку дзясяткі людзей, у тым ліку і дзеці, былі пазбаўлены жылля і апы­нуліся на вуліцы.

Прыкладна за два тыдні да гэтай акцыі ў Лоеў да бацькоў завітаў з Масквы Пятро Ансоненка-Царык і таемна папярэдзіў сваіх багатых родзі­чаў Міндзікаў, каб яны як мага хутчэй перадалі дзяржаве цагельню і выселіліся са свайго вялі­кага цаглянага дома на Плюшчоўцы ў старую хату, інакш дом забяруць, а іх вышлюць за межы Беларусі. Наш бацька Павел паслухаўся швагра і адразу перавёз сям’ю, а таксама дзеда Ісака і бабу Аўдзюху ў драўляны дом прадзеда. Па­мятаю, што тады моцна плакала баба Аўдзюха. Што змаглі ўзяць на воз з хатніх пажыткаў, тое і забралі з сабой. Узялі таксама карову, каня, пар­сюка, санкі, плуг і барану. Пакінулі ўладам амаль цалкам пабудаваны, але не абжыты цагляны дом дзеда Ісака і бабы Аўдзюхі на Плюшчоўцы.

У вялікім доме ў цэнтры Лоева засталіся прадзед Яўхім, яго сыны Павел і Ілля ды нявестка Насця. Прадзед тады сказаў: “Што будзе, тое і будзе”. Сыны Іллі і Насці, Іван ды Мацвей, некуды зніклі, іх лёс і зараз нам невядомы. Хутка ў прадзеда Яўхіма, якому на той час было 105 гадоў, адабралі ўсю маёмасць, а самога разам з дзецьмі саслалі на пасяленне на Урал, у Ся­роўскі раён Свярдлоўскай вобласці. Прывезлі ў тайгу з рэчамі, выгрузілі і сказалі: “Вось вам зямля, лес, будуйцеся і жывіце”. Дзеда Паўла ў першы ж тыдзень забіла дрэвам на лесапава­ле. Дзед Ілля і яго жонка Насця прыстасавалі­ся да новага жыцця. Дзед з цягам часу стаў працавацьсапожнікам, яго жонка — у дзіцячым садку. Адразу пасля вайны яны нам нават не­калькі пасылак з падарункамі прыслалі.

Вялікі дом Міндзікаў на Плюшчоўцы савец­кая ўлада пераабсталявала пад раённы Дом культуры і надала яму імя загінуўшага лоеўскага камісара Валынскага. Усе перагародкі ў памяш­канні зламалі і атрымалася вялікая глядзельная зала кінатэатра. Пры першай бамбёжцы Лоева ў жніўні 1941 года ў дом патрапіла нямецкая бомба, і ён быў цалкам разбураны. Адабраная цагельня, не адчуваючы рук і клопату гаспада­ра, хутка прыйшла ў заняпад. Маёмасць раба­валі ўсе, у каго былі ўлада і нахабства. Уся наша радня плакала, але баяліся, не падыходзілі і блізка да дома. Суседзі пыталі: “Што вы не бе­раце свайго?” Але мае бацькі і родзічы ведалі: калі толькі з’явяцца каля дома, адразу патрапяць у ссылку. А так засталіся на волі, хаця і атры­малі ганебнае званне “падкулачнікі”, якое насілі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Чаму нас не раскулачылі — застаецца таямніцай. Маг­чыма, дапамагло тое, што была вялікая сям’я з васьмі чалавек — чацвёра маленькіх дзяцей, мама, бацька, дзед і баба. Магчыма, старая за­нядбаная прадзедава хата, у якую перасяліліся. Магчыма, станоўчым у вачах бальшавіцкіх улад было тое, што мама паходзіла з сям’і беднаты — была ўнучкай беглага рэкрута і дачкой панскага конюха. Але хутчэй за ўсё сям’ю ўратавала тое, што наш дзядзька Пятро займаў высокую вай­сковую пасаду ў Маскве, пра што добра ведала мясцовая ўлада.

Калі распачалася калектывізацыя, бацька свойго каня, воз, сані і рабочы інвентар вымушаны быў перадаць у калгас. Але ўсю зямлю на пачатку калектывізацыі калгас не ў стане быў ап­рацаваць, таму частку неапрацаванай зямлі вы­дзялялі сем’ям па колькасці едакоў. У каго сям’я большая, таму і зямлі больш. У нашай сям’і на той час было ўжо дзевяць душ, таму зямлі выдзелілі шмат. Пасеялі бульбу, жыта, грэчку, проса, ячмень, лён, каноплі. Для ворыва наймалі каня ў людзей, бо хто не пайшоў у калгас і не быў падкулачнікам, тым коней дазволілі трымаць.

Прадзеда Яўхіма праз год аднаго адпусцілі з ссылкі. Ён дзе ехаў, але больш ішоў пехатою, несучы за плячыма торбачку са сваімі ботамі. Гаварыў: “Оне ж шавровые. И голенища у них “в гормошку”. Боты захаваліся да Вялікай Айчыннай вайны і згарэлі падчас пажару ра­зам з домам. Калі прыйшоў, усе ногі былі ў кры­вавых мазалях. Два тыдні ляжаў, баба Аўдзюха і мая мама прамывалі яму ногі вадой, змазвалі раны гусіным тлушчам і прыкладвалі альяс да таго часу, пакуль раны не зажылі і ён паціху па­чаў хадзіць.

Старая драўляная хата вялікую сям’ю ўжо не змяшчала. Надумалі на падворку будаваць новы дом. Каб мець грошы, бацька і дзед ры­бачылі па начах, а днём нарыхтоўвалі лес для дома. У міжрэччы Сожа і Дняпра падпілоўвалі вялікае дрэва, спускалі яго да ракі і сплаўлялі па цячэнні да Лоева. Так пабудавалі вялікі дом на 4 пакоі, з кухняй, сенцамі, каморай і новым хля­вом. Ва ўсіх Міндзікаў рукі былі “залатыя”. Уся мэбля для дома была зроблена іх рукамі: сталы, ложкі, шафы, куфры, канапа-дыван, стулы.

Ачуняўшы, прадзед Яўхім не сядзеў, склаўшы рукі, ні хвіліны. Па характары ён быў вельмі ру­хавы і спраўны ў працы. Рабіў чоўны, выразаў лыжкі, плёў з лазы стульчыкі і калыскі. Пераадо­леўшы стагадовы рубеж, хадзіў хутка і без кій­ка. Вядома, што ён валодаў знахарскімі здоль­насцямі. Вось што апавядала лоеўская яўрэйка Бэла Глушэц: “У дзяцінстве я моцна захварэла невядомай хваробай і літаральна чахла. Мая мама папрасіла дзеда Яўхіма мяне палячыць, той пагадзіўся. Калі сцямнела і ўзняўся месяц, ён на падворку ўзяў мяне на рукі і сказаў: “Цяг­ніся, дзіцятка, што ёсць моцы ручкамі да ме­сячыка”. Я пацягнулася… і страціла прытомнасць. Назаўтра прачнулася ў ложку, а хваробу як ру­кой адвяло”. У 1934 годзе прадзед раптоўна за­хварэў і памёр.

Дзед Ісак па характары быў поўнай процілег­ласцю свайму бацьку, усё рабіў хаця і грунтоўна, але вельмі павольна і без эмоцый: ні радасці, ні смутку ніколі не праяўляў. Заўсёды казаў: “Так Богу заўгодна. Бог даў і забраў”. Бацька Павел у той час працаваў нарыхтоўшчыкам сыравіны ад ленінградскага завода імя Васкова. Адной­чы дзед Ісак раніцай сеў за сняданак, а бацька адправіўся ў вёску Крупейкі, што ў 5 кіламетрах ад Лоева, дапамагчы забіць парсюка. Калі баць­ка вярнуўся, то застаў дзеда яшчэ за сталом і здзіўлена спытаў: “Гэта ў цябе яшчэ сняданак?” Той адказаў: “Так, а што?” Бацька рассмяяўся: “Я ўжо ў Крупейкі схадзіў пехатою і парсюка за­калоў”. “Ну і добра”, — адказаў дзед, падняўся з-за стала і ціхенька пайшоў. Але за сталом ён, верагодна, драмаў, бо кожную ноч рыбачыў, а днём то сеткі плёў ці рамантаваў, то нешта яшчэ рабіў па гаспадарцы.

Памёр дзед Ісак у 1935 годзе з-за ўласнай незразумелай упартасці. Ноччу ён рыбачыў на Сожы ў 18 кіламетрах ад Лоева, напэўна, задра­маў у чаўне, страціў раўнавагу і перавярнуўся. У гэты час лоеўскія рыбакі вярталіся дахаты і пра­панавалі яму дапамогу. Але дзед катэгарычна адмовіўся, сказаўшы: “Я сам забяруся ў човен і ўсё, што згубіў, знайду і падбяру”. Калі рыбакі прыплылі ў Лоеў, яны сказалі нашаму бацьку, што дзед перавярнуўся, плавае ў вадзе і збірае свой рыбацкі інвентар. Адчуўшы няладнае, баць­ка паплыў на лодцы насустрач дзеду. Сустрэў яго на адлегласці 9 кіламетраў ад Лоева, той плыў тварам уніз. Дзед заблытаўся ў сетцы, а сякеру меў на спіне за поясам. Калі бацька прыцягнуў на сабе дзеда дахаты, той нічога не гаварыў, а толькі міргаў вачыма. Дзеда паклалі на цёплую печ, сталі награваць на лучыне малако і малаком з мёдам паіць яго. Бацька пабег па доктара Баг­дановіча, але калі той прыйшоў, дзед ужо памёр. Багдановіч казаў, што неабходна было адразу зрабіць яму штучнае дыханне і адкачаць ваду, чаго ў суматосе ніхто не даўмеўся зрабіць.

Бацька ў полі працаваў толькі тады, калі была вострая неабходнасць у мужчынскай працы, таму што зарабляў грошы на службе, а ноччу ры­бачыў. Рыбу прадавалі лоеўскім яўрэям. Вясну, лета і восень жанчыны ад раніцы да вечара былі ў полі. На працу з песнямі ішлі пехатой або ехалі на возе. Дзяцей бралі з сабой. Бацька для майго брата Мішы, які быў зусім маленькім, падвешваў на дрэве ў полі калыску, якую накрывалі абру­сам, каб камары і мухі не турбавалі дзіця.

Я таксама заўсёды ў полі мела працу. Памя­таю, раніцай малога карміла малочным супам, у асноўным прасяным. Днём, калі дзіця хацела есць і плакала, давала яму “ляльку” — завяза­ны ў марлю размочаны ў малацэ падсалоджаны хлеб. Дзіця “ляльку” смактала, а я падтрымліва­ла яе рукой. Калі Міша засынаў, я ціхенька даста­вала прынаду з яго рота.

Мы, дзеці, ведалі: каб выжыць, бацькам трэ­ба дапамагаць. З ранняга дзяцінства навучылі­ся не баяцца цяжкай працы, спасцігалі і навуку штодзённага самастойнага выжывання. У раннім узросце мы перанеслі ўсе дзіцячыя хваробы: дыфтэрыю, чорную воспу, ад якой у 1922 годзе памерла наша старэйшая сястра Клава, жаўтуху. Цяжэй за ўсіх у дзяцінстве хварэў Ваня, які на­радзіўся ў 1926 годзе. У яго быў хранічны бран­хіт, ён заўсёды доўга кашляў і нярэдка з высокай тэмпературай трызніў у сне. Толькі з гадамі ён перамог сваю хваробу. Як толькі мы пачалі самі знаходзіць дарогу ў бальніцу, то хадзілі туды без мамы. Памятаю, мне было толькі шэсць гадоў, калі на правай назе ў мяне ўтварылася вялікая рана. На перавязку да ўрача я хадзіла адна і заўсёды пад двярыма перавязачнай доўга плакала, баялася заходзіць, таму што было вельмі балю­ча. Кожны раз хто-небудзь з чужых дарослых людзей спачуваў і заводзіў мяне на перавязку.

Я ў дзяцінстве двойчы тапілася і выратоўва­лася толькі цудам. Першы раз — калі спрабавала злавіць з берага на Дняпры дохлую шчуку рукамі, па-дзіцячы думаючы, што рыба жывая. Нахілілася — і ўпала з гліністага берага ў ваду. Ішоў дождж, бераг быў слізкі, паліто прамокла, у боты налілася вада. Цяжкае адзенне цягнула мяне на дно. Я вынырвала з вады і хапалася за слізкі бераг, але рукі зрываліся. Непрытомную мяне знайшоў бацька на беразе, ён воддаль лавіў рыбу вудаю. “Як ты выбралася з вады?” — спытаў ён. Я гэтага не памятала. Бацька перахрыс­ціўся і сказаў: “Дзякуй Богу!”

Другі раз тапілася ў сажалцы, якую ўсе назы­валі “Калтоб”. Гэты “Калтоб” быў глыбінёй каля пяці метраў і знаходзіўся праз агарод ад наша­га дома. Я, тады ўжо падлетак, вядром набірала ваду і зноў упала. Мне пашанцавала, што брат Вася, на год меншы за мяне, у гэты час нешта майстраваў на даху нашага дома. Ён убачыў, што я таплюся, саскочыў з даху, зламаў сабе руку, але прыбег і пры дапамозе жэрдкі здаро­вай рукой выцягнуў мяне на бераг.

Добра памятаю, як на падворку лён і каноплі дарослыя мялі на адмысловым драўляным стан­ку — трапалцы. Позняй восенню пасля ўборкі ўраджаю і зімой баба Аўдзюха прала, а я ніткі з верацяна матала юрком у маленькія клубкі, бо вялікі клубок яшчэ не магла ўтрымацьу руцэ. Потым баба брала два маіх клубочкі і сукала ніт­кі на самапрадку. Потым яна іх фарбавала ў роз­ныя колеры фарбамі, вырабленымі з шалупіння цыбулі, нейкіх лісцяў, буракоў, кары дрэў. Ат­рымліваліся вельмі прыгожыя і ўстойлівыя ко­леры. З каляровых нітак ткалі абрусы і посцілкі для ложкаў.

З нефарбаваных тоўстых канапляных нітак баба ткала палатно, якое ішло на выраб радна — ім накрываліся, калі клаліся спаць. З радна шылі таксама і матрацы, якія набівалі сенам. Сена тое кожны месяц даводзілася мяняць, таму што яно збівалася ў труху, асабліва ў дзяцей.

Самае тонкае белае палатно бабуля ткала з ільняных нітак. З яго шылі споднюю бялізну, рушнікі, простыні, навалкі на падушкі. Мама ні прасці, ні ткаць не ўмела, таму ёй даводзілася зімой больш займацца гаспадаркай.

У нас былі дзве каровы, іх трэба было накар­міць, напаіць і падаіць. Жывёлу карміў бацька. Пакуль ён жыў, заўсёды гадавалі на падворку трох кабаноў і свінаматку з парасятамі. Ежу для парасят гатавалі жанчыны, карміў бацька. На пачатку 1930-х мы трымалі таксама гусей, качак і курэй. Таму сям’я не галадала.

Усе работы на падворку, у хляве, склепе, ка­моры, па рамонту абутку былі абавязкам бацькі. Праца па хаце, у агародзе і полі — справай жан­чын. Яны ад штодзённага гатавання ежы ў печы для сям’і і жывёлы, мыцця, прыбірання, працы ў полі і гародзе ад вясны да глыбокай восені моц­на стамляліся. Таму вечарам нас звычайна кар­міў бацька. Памятаю, як зімой смажылі сала на “штычку”. На драўляную палачку нанізвалі ка­валачак сала, падсмажвалі яго на агні, а сцяка­ючым з сала тлушчам змочвалі акрайчык хлеба. Гэты было тады для нас сапраўдным далікатэ­сам. Летам вечарамі бацька распальваў у ага­родзе вогнішча, на якое ставіў трыножку, — і варыў нам бульбу ў “мундзірах”, а таксама пёк у гарачым вуголлі “пячонікі”. Калі выспявала ку­куруза, яе таксама пяклі на вогнішчы. Бацькаву вячэру запівалі малаком, бо к таму часу мама ўжо выдойвала карову.

А потым, верагодна, у нас была засуха, не­ўраджай, а ў суседняй Украіне — голад. Іх да­каналі харчразвёрсткамі, нас таксама сталі аб­кладваць падаткамі, то адным, то другім, яшчэ большым. Казалі: “Цвёрдае заданне — безу­моўнае выкананне”. Гэты вялікі падатак фізічна немагчыма было выканаць у вызначаны тэрмін, таму забіралі з падворка ўсё, што яшчэ можна было забраць: занавескі з акон, пакрывалы і коўдры з ложкаў. З папрокам: “Бач, падкулач­нікі, з самавара чай п’юць” — забіралі і самавар. Наш бацька напачатку падтрымліваў савецкую ўладу, казаў, што добра, калі дзецям дарога ад­крыта, ёсць магчымасць вучыцца, медыцына бясплатная, толькі працуй добра і будзеш жыць. Пазней пакутаваў, разважаючы: “Жыву лепш за ўсіх, але ж і працую больш, чым лайдак. Але добрым для ўлады чамусьці з’яўляецца лайдак, які прыходзіць у мой дом і ўсё ў мяне забірае, ды яшчэ і крычыць на мяне: “Бач, падкулачнік, жыруе!” За што мяне так? За тое, што мая сям’я не галадае?” Але сказаць нічога нельга было: за слова жорстка каралі, рабілі ворагам народа і расстрэльвалі.

1933—1935 гады былі вельмі цяжкімі і для краіны, і для людзей. Каб купіць бохан хлеба, трэба было выстаяць ноч у чарзе. У гэтыя гады наша сям’я не сеяла нічога, акрамя палоскі буль­бы. Усю зямлю, якую раней нам выдзелілі, забраў калгас, а ў магазінах быў зусім мізэрны набор харчовых тавараў. Звычайна ў чаргу з вечара на ўсю ноч за адным боханам хлеба пасылалі мяне. Памятаю, як пры адкрыцці магазіна мяне моцна сціскаў натоўп, я губляла прытомнасць і падала. Прыходзіла ў сябе, калі ляжала за прылаўкам мокрая, бо, каб прывесці да свядомасці, мне пырскалі ў твар вадой. Мне прадавалі бохан хле­ба, які нашай сям’і выдзяляла па картцы дзяржа­ва, і я ішла дахаты. На наступную ноч у чаргу па­сылалі брата Васю, але ён мяне са слязамі прасіў: “Схадзі за мяне, Галя, пастой у чарзе. Ты прытом­насць страціш і табе прададуць бохан без чаргі, а мне прыйдзецца стаяць ноч і яшчэ паўдня, каб яго набыць”. Многія дарослыя тады з голаду губ­лялі сумленне і адціскалі дзяцей у чарзе на задні план, нягледзечы на тое, што дзеці займалі чаргу раней за дарослых.

Бацькава пасада на працы была скароча­на, таму што ў горад пайшлі цэнтралізаваныя пастаўкі калгасных прадуктаў. Бацька ўладка­ваўся на працу да воднікаў на прыстань, але жыццёвых нягод не вытрымаў, захварэў і 16 кас­трычніка 1936 года памёр. Было яму тады ўсяго 42 гады. Ужо пасля яго смерці мама нарадзіла брата Жэню. Наша баба Аўдзюха паехала ад нас у Кіеў да малодшай дачкі Дусі. Пасля ад’езду ба­булі маміна слова ў сям’і стала законам. На кампраміс з намі яна ніколі не ішла. Мы з братам Васем адразу сталі дарослымі ў свае 14–13 гадоў. Бацькавы абавязкі па гаспадарцы стаў выконваць Вася, маміны — я.

За бацьку нам назначылі пенсію, якой хапа­ла толькі на кніжкі ды іншую дробязь. Хлеб ужо быў у свабодным продажы, але грошай, каб купіць яго ўдосталь, не хапала. Таму з надыхо­дам вясны мы пераходзілі на падножнае харча­ванне. Збіралі і елі пупышкі лазы, шчавель, цы­булю лугавую, кветкі акацыі. На агародзе сеялі ячмень, які спеў хутчэй за іншыя зернявыя культуры. Напачатку лета, як толькі ячмень па­чынаў налівацца, мы нажніцамі зразалі жоўтыя каласкі, падсмажвалі іх на вогнішчы і елі. Было смачна. Калі ж вырастала агародніна, паспявалі ягады, яблыкі і грушы — надыходзіў райскі час.

З бацькавай пенсіі нашай сям’і з 6 чала­век даставаўся толькі адзін кілаграм хлеба на дзень. Мы трымалі карову і малоко ў нас было, але хлеба заўсёды не хапала. Вася, большы з маіх братоў, працаваў і стамляўся, таму заўсёды казаў: “Мой хлеб уцёк. Галя, падзялі свой хлеб, дай кавалачак мне, бо мой праглынуўся. Я ж невінаваты”. Я заўсёды дзялілася з Васем. Вечарам звычайна ён пытаўся: “Хлеб з малаком ёсць?”. Калі атрымліваў адказ, што няма, расчаравана ўздыхаў. Калі мы, дзеці, крыўдзіліся на маму за тое, што не даставалася на вячэру хлеба з ма­лаком, то звычайна яна казала: “Супраць ночы закрыюцца і так вочы”.

Памятаю, як аднойчы ў нашай сям’і “падку­лачнікаў” улады за нядоімкі адабралі карову. Каб выжыць, мама вымушана была паехаць у Маскву да брата Пятра Ансоненкі-Царыка. Дзядзька Пятро заўсёды дапамагаў нам — матэ­рыяльна і парадамі. Ён быў асабіста знаёмы са старшынёй ЦВК БССР А.Р. Чарвяковым. Не пас­пела мама вярнуцца з Масквы ў Лоеў, як карову прывялі на наш падворак.

Тады для дзяцей абавязковай была толькі пачатковая адукацыя. Нашы бацькі хацелі, каб мы добра вучыліся. Мы ўсе наведвалі школу, хаця гэта было няпроста. Вясной і восенню нам з Васем неабходна было дапамагаць маме з во­рывам. Мы засявалі два агароды, а ў полі — невялікія дзялянкі ячменю і проса. Мама будзіла нас а пятай гадзіне і да пачатку заняткаў у шко­ле мы працавалі на праполцы, а восенню — на ўборцы ўраджаю. У вызначаны час мама запра­шала нас на сняданак і адпраўляла ў школу. За школьныя адзнакі спрос таксама быў строгі. Васю і Мішу заўсёды перападала ад мамы, бо ім не надта давалася вучоба. Каб мы не пераш­каджалі адзін аднаму пры падрыхтоўцы да ўрокаў, дом быў падзелены. Мне было выдзелена самае цёплае месца ў хаце — печ, на ёй ляжалі ўсе мае падручнікі і сшыткі. Васю дасталася са­мае прасторнае і светлае памяшканне — зала, таму што ён заўсёды займаўся, што называецца, “на публіку” — голасна. Звычайна мама пытала­ся, ці вывучыў ён тое, што чытаў. Той адказваў: “Яшчэ не”. І тады мама казала: “А я, сынок, ужо вывучыла”. Ваневы школьныя прылады ляжалі на кухонным стале. Мішу дасталася спальня. Міша нарадзіўся ў 1929 годзе, у час, калі адбы­валіся раскулачванні і высылкі ў нашай сям’і, нервовае перанапружанне. Гэта, верагодна, ска­залася на яго развіцці. Ён доўга не размаўляў, а потым гаварыў дрэнна. Чамусьці ўсе словы ў яго былі заменены. Цукар ён называў “кусь-кусь”, блін — “забалотнік”. У вучобе ён напачат­ку моцна адставаў, за што атрымліваў не дапа­могу, а лазінку.

У канцы 1930-х дзядзька Пятро Ансоненка-Царык забраў мяне ў Маскву, дзе я тры гады вучылася ў школе. Вярнулася ў Лоеўскую шко­лу ў 9 клас. У дзядзькі не было сваіх дзяцей з-за цяжкага ранення жонкі ў Грамадзянскую вай­ну, і яны хацелі мяне ўдачарыць. Але мама не пагадзілася з просьбай брата. Дарэчы, не пагадзілася мама і на ўсынаўленне дзядзькам малодшага нашага браціка Жэні.

Пасля заканчэння 8-га класа я кожныя лет­нія канікулы працавала і атрымлівала зарпла­ту. Старэйшы брат Вася, як толькі закончыў 8-ы клас, пайшоў працаваць і вучыўся ў вячэрняй школе. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, пра­цаваў архіварыусам у Лоеўскім райвыканкаме. Брат Ваня яшчэ да заканчэння 8-і класаў па­ехаў па камсамольскім прызыве вучыцца ў 32-е Ленінградскае рамесніцкае вучылішча. Жыццё нашай сям’і, адносна папярэдніх гадоў, стала наладжвацца. Толькі не лянуйся, працуй і зараб­ляй грошы, у магазінах на прылаўках было ўжо самае неабходнае. Але вайна з фашызмам зноў абарвала ўсё светлае, перакрэсліла чорнай па­ласой наша юнацтва.

 

Праз жорны вайны

Мама, мае малодшыя браты і я фашысцкую акупацыю перажылі ў Лоеве. Як выжылі і выт­рымалі, нельга патлумачыць словамі. У жывых засталіся толькі самыя шчаслівыя, дзякуючы Божай дапамозе, і мы ў тым ліку.

Я вучылася на першым курсе геафака Го­мельскага педінстытута, калі пачалася вайна. Мы вырашылі ўсім курсам добраахвотнікамі ісці на фронт. Каб развітацца з мамай і братамі, адправілася параходам у Лоеў. Калі паведамі­ла аб сваім рашэнні, у адказ пачула істэрычнае: “Не пушчу! Вася ў народным апалчэнні, Ванін лёс невядомы. У мяне на руках 12-гадовы Міша і 4-гадовы Жэня. Што я буду адна з імі рабіць? А ты ведаеш, што такое вайна? Пойдзеш толь­кі праз мой труп!” Давялося падпарадкавацца і зведаць усе нягоды фашысцкага акупацыйнага рэжыму.

Як толькі фашысты ўвайшлі ў Лоеў, наша сям’я трапіла ў расстрэльны спіс, бо брат Вася быў у Лоеўскім партызанскім атрадзе “За Радзіму” і гэта многія ў Лоеве ведалі. Каб мы асцерагаліся, папярэдзіў нас Вася Антановіч, бацька якога працаваў у валасной нямецкай адміністрацыі. Першыя рэпрэсіі фашысты скіравалі на лоеўскіх яўрэяў. Асабліва здзекаваліся з траіх дэфектных яўрэяў Лёмы, Гіка і Нахемы. Іх запра­галі ў воз замест коней, вазілі на іх ваду і цэглу з разбітых пры бамбёжцы дамоў. Калі тыя ад зня­могі падалі, іх жорстка білі, пакуль аднойчы не забілі да смерці. Восенню больш за сотню лоеўскіх яўрэяў фашысты пераправілі праз Днепр і расстралялі. Да нас дайшлі чуткі, што ад карні­каў уцякла толькі адна жанчына — Рая, якая да акупацыі працавала загадчыцай дзіцячай біб­ліятэкі. Яе дваіх дзяцейблізнят і маму фашысты забілі. Казалі, што Рая доўгі час блукала вакол і клікала: “Сталін, спасай! Сталін, спасай!”

Мы жылі разам і сябравалі з яўрэйскімі дзець­мі, хадзілі з імі ў школу. Для большасці лаяўчан расправа з яўрэямі была сапраўдным шокам.

 

Дом Міндзікаў па вуліцы Царыкава, 39 (былая Плюш­чоўка) доўгі час выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак Лоеўскага малаказавода. У пасляваенныя гады да дома з левага боку зроблена аднапавярховая пры­будова. У той жа час будынак быў аздоблены кераміч­най пліткай

У штодзённы шок нас прыводзіла і паўгалод­нае існаванне. Не было солі, цукру, таго, што набывалася раней у краме. Муку і крупу, у каго было сваё зерне, малолі і церлі на самаробных мука- і крупадзёрках, пяклі аладкі. На першы год акупацыі яшчэ захавалася крыху бульбы, быў пасеяны агарод, трымалі карову і курэй. За­тым курэй пералавілі немцы. Заходзілі амаль у кожны двор, дзе былі лепшыя пабудовы, і кры­чалі на ўсё горла: “Малако, куры, яйкі!” Самі бегалі за курамі, пакуль не адлавілі ўсіх. Да па­чатку 1942 года стала пуста на падворках. Нашу карову застрэлілі.

Памятаю, як летам 1942-га ўбегла ў дом блед­ная мама і сказала, што суседзяў Літошанкаў немцы і паліцаі павялі на расстрэл. Іх бацька і зяць былі разам з нашым Васем у партызанскім атрадзе. Міша выскачыў у акно, мама схапіла Жэню, я за імі. Мы схаваліся ў канцы нашага ага­рода ў высокім бульбоўніку, дзе праляжалі да ночы.

Ноччу агародамі, бо па вуліцы ісці баяліся, дабраліся да мамінай сястры цёткі Пашы. Але тая нас у сваю хату не пусціла. Сказала: “Мы баімся, што разам з вамі заб’юць і нас”. Цётка жыла з дачкой Дашай і яе двума малымі дзець­мі. Што рабіць? Сталі прабірацца агародамі да цёткі Просі. Была ціхая ноч, сабакі не брахалі, іх даўно перастралялі паліцаі. Дзверы ў хату ад­крыў дзядзька Рыгор. Калі мама расказала яму, з якой мэтай мы прыйшлі, сказаў: “Самі загінем, але вас будзем ратаваць”. Жэня ў іх жыў разам з іхнімі ўнукамі. Мішу і маму яны таксама недзе надзейна схавалі. Мяне з іх малодшай дачкой Марыяй гэтай жа ноччу паслалі да сваёй старэйшай дачкі Надзі. У Надзі было малое дзіця, і мы павінны былі яго даглядаць. Марыя ўвесь час была побач са мной.

Позняй восенню за намі прыехаў партызанс­кі сувязны з вёскі Аляксандраўка. Мяне і братоў схавалі ў воз з сенам і вывезлі да партызан. Па­мятаю, калі ехалі праз вёскі, у якіх знаходзіліся паліцаі, я заціскала малому брату Жэню нос і рот, каб ён, не дай Бог, не чыхнуў і не кашлянуў. Бог нас мілаваў, але Жэня настолькі ўзлаваўся на мяне, што я баялася, каб ён нікуды не ўцёк ад нас. Потым да нас прыехала мама і расказа­ла, што ў нашым доме ўсё пабіта і паламана, але сам дом не пацярпеў. Узрушаная, яна даводзіла мне: “Лепш бы я дазволіла табе пайсці на фронт. Там ёсць перадавая, але ёсць і тыл. А тут тылу няма, наўкол перадавая”. Ад партызан мы даве­даліся, што наш Васіль пайшоў у складзе ўкраін­скага партызанскага злучэння Сідара Каўпака ў рэйд на Карпаты.

Пазней мы хаваліся ў вёсцы Пустая Града. Шмат гора і пакут выпала тады на нашу долю. Памятаю, як падчас вызвалення Лоева ў каст­рычніку 1943 года ратаваліся ад разрываў снарадаў і бомб у бамбасховішчы Жупанавых. Было страшна, зямля дрыжала, здавалася, жыццё вось-вось абарвецца. Тады думалася, што лепей быць забітай адразу, каб без мук, толькі б не за­стацца калекай. Але нарэшце пачулі: “Ура! Ура! Ура!” Пачалі выпаўзаць з бамбасховішча, хаця вакол яшчэ ішоў бой. Няўжо нас вызваляюць? Мы доўга не маглі ў гэта паверыць.

Бой ішоў і на паўночнай ускраіне Лоева, за могілкамі, але нашу маму не стрымаў страх. Яна пабегла да нашай вуліцы і ўбачыла выпаленую пустку аж да самага Дняпра. Дома не было, ён згарэў. Мы засталіся ў чым стаялі, не мелі ні міскі, ні лыжкі.

Зноў нас прынялі да сябе цётка Прося і дзядзька Рыгор. У іх хаце з адным вялікім пакоем тады жыло адразу 45 чалавек. Спалі на падлозе “ўпокат”. Дзядзька Рыгор прыносіў на ноч у хату сена, мы клаліся спаць на адзенне, у якім хадзілі. Акрамя хаты, у іх цудам засталася яшчэ і карова. Памятаю, цётка Прося падоіць карову, прынясе малако, возьме чарку і дзеліць на ўсіх. Спачатку дае малако дзецям, потым хворым і саслабелым, потым старым. Ёй самой і нам, дарослым, мала­ка звычайна не хапала. Здзіўляла, колькі было дабрыні і справядлівасці ў гэтых людзей.

Немцы яшчэ былі ў ваколіцах Лоева, а наша мама ўжо вырашыла адрамантаваць старую хату дзеда Яўхіма і бабы Наталлі. Ад яе засталі­ся толькі пабітыя часам і аскепкамі сцены і дах, былі выдраны вокны і падлога. Па яе строгім за­гадзе я з братам Мішам, якому было тады ўжо 14 гадоў, разбіралі размешчаны паблізу нямецкі бліндаж і цягалі дошкі на падлогу для хаты. До­шкі былі доўгія і цяжкія. Мы ўскладалі дошку на плячо і неслі: я — спераду, Міша — ззаду. Ад­нойчы Міша ўпаў і дошка знесла мне з нагі ўсе тканкі амаль да касці. Плакала я, і каб мяне су­цешыць, плакаў Міша.

Вокны ў гэтую хату нам зрабіў і паставіў дзядзька Рыгор. Так у нас з’явіўся дах над гала­вой. Жыць стала лягчэй. Міша і Жэня пайшлі ў школу.

А колькі радасці было, калі мы атрымалі вайсковы “трохкутнік” з фронта ад Вані, якому тады споўнілася толькі 17 гадоў. Мы былі упэў­нены, што ён, малалетка, калі выжыў, знаходзіц­ца недзе ў глыбокім тыле. Ваня ж напісаў, што ў блакадным Ленінградзе працаваў на заводзе, але захварэў і ў сакавіку 1942 года быў вывезе­ны ў Новасібірск, дзе падлячыўся, і ў жніўні гэ­тага ж года паступіў у Новасібірскае пяхотнае вучылішча. Са снежня 1942 года знаходзіўся на фронце ў Падмаскоўі, адкуль разам з нашым войскам гнаў ворага да межаў Беларусі. Памятаю, ліст заканчваўся такімі словамі: “Вы жывыя, жывыя, жывыя! Я гэтага хочу. Я на фронце, вы­зваляю Радзіму недалёка ад вас”.

Падчас фашысцкай акупацыі шмат людзей на Лоеўшчыне загінула, але тыя, што засталіся ў жывых, жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Жыццё было цяжкім. Пачаліся эпідэміі. Я злегла з тыфам, ледзь адкараскалася ад гэтай хваробы. Усіх нашых даймала малярыя, а мама захварэла на рожыстае запаленне нагі. Малодшыя браты, Міша і Жэня, ад пастаяннага пераахалоджван­ня былі літаральна пакрыты фурункуламі. Наш дзядзька Рыгор памёр ад тыфу ў 1944 годзе. Тады сям’я цёткі Просі апынулася ў цяжкім ма­тэрыяльным становішчы. Да таго ж два яе сыны патрапілі ў фашысцкі палон, хаця і не па сваёй волі. А палон тады ўладамі прыраўноўваўся амаль да здрады. Старэйшага яе сына Рыгора фашысты захапілі яшчэ на мяжы каля Брэста, дзе ён служыў у арміі на пачатку вайны. Цётка Прося была добрай і мудрай жанчынай. Падчас вайны яна забрала нявестак з дзецьмі да сябе ў хату, у якой пражыла большую частку свайго жыцця. Дзякуй Богу, усе яе дзеці засталіся жы­вымі. Толькі пасля вайны Рыгор, Іван і Марыя выехалі з Лоева на іншае месца жыхарства. Цёт­ка засталася са старэйшай дачкой Надзяй, якая выйшла яшчэ да вайны за лоеўскага хлопца Якава Ганчарэнку і нарадзіла дваіх дзяцей. Цётка пражыла годнае жыццё, мела дзевяць уну­каў, сем з якіх атрымалі вышэйшую адукацыю.

Паведамленне аб Перамозе мы, хворыя, паўгалодныя людзі, сустрэлі з вялікай радас­цю і слязьмі. Наша сям’я больш плакала, бо для нас вайна яшчэ не закончылася. Толькі пасля перамогі над Японіяй наш Ваня прыехаў на па­быўку ў Лоеў у званні маёра, з пяцю ранення­мі і кантузіяй. Тады ён ужо служыў у органах ваеннай разведкі. Меў сем баявых узнагарод: два ордэны Айчыннай вайны І ступені, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, два ордэны “Чырвонай Зоркі”, медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.

 

З надзеяй у будучыню

У 1945 годзе мы, як у нас кажуць, “жаночай удобаю” сталі з нуля будаваць на дворышчы прапрадзеда Міны новы дом. Зноў было цяж­ка, але нам дапамагала надзея на шчаслівую будучыню. Лес у міжрэччы Сажа і Дняпра нам, як пагарэльцам, дзяржава выдзеліла бясплат­на. Валіць дрэвы і цягнуць бярвенні да ракі нам з мамай дапагалі людзі. Плыты па рацэ мы гналі самі. Наймалі людзей, каб падвезці бярвенні на дворышча, апрацаваць іх і зра­біць зруб.

Грашыма крыху дапамог брат Ваня — ён даслаў 500 рублёў сваіх вайсковых зберажэнняў. Хворым пасля ранення вярнуўся ў Лоеў брат Вася. Падчас рэйду каўпакаўцаў на Кар­паты ён быў цяжка паранены са станкавага ку­лямёта ў жывот і моцна абмарозіў ногі. У шпі­талі пачалася гангрэна і ўрачы настойвалі на ампутацыі. Але Вася адмовіўся, заявіўшы: “Калі памру, то з дзвюма нагамі”. Ён выжыў і захаваў свае ногі, хаця яны ў яго заўсёды мелі чорны ко­лер і мёрзлі.

З вяртаннем Васі жыць і будавацца нам стала значна лягчэй, фактачна ён узяў на свае плечы завяршэнне нашай будоўлі. На працягу 1945—1946 гадоў брат працаваў загадчыкам гандлёвага аддзела райвыканкама. Таксама Вася аказваў вялікі ўплыў на выхаванне самага малодшага з маіх братоў, Жэні, замяніўшы яму бацьку. Якая радасць была, калі мы ўрэшце ўвайшлі ў свой новы дом.

У 1947 годзе Сідар Каўпак, на той час стар­шыня ЦВК Украінскай ССР, запрасіў Васіля да сябе і накіраваў на пасаду намесніка старшыні райвыканкама Гараднянскага раёна Жытомір­скай вобласці. Але на гэтай пасадзе брат пра­цаваў толькі некалькі гадоў. На Жытоміршчыне тады зацята змагаліся з савецкай уладай украін­скія нацыяналісты-бандэраўцы. Жыць і праца­ваць было небяспечна. Ды і здароў’е падводзі­ла, хворы вярнуўся ў Лоеў. Вучыўся завочна і працаваў у гандлі, спачатку загадчыкам аддзела райвыканкама, а затым старшынёй Райспажыў­таварыства.

З завяршэннем вайны наша жыццё пачало аднаўляцца і наладжвацца. Мы ўсе сталі працаваць і вучыцца, хто як мог. Брат Ваня пасля заканчэння вайны застаўся служыць у Пры­морскім краі, затым служыў ў Германіі. На вай­сковай службе паслядоўна закончыў вышэй­шую разведшколу ў Маскве, ваенную акадэмію імя Фрунзэ, акадэмію Генштаба ў 1967 годзе. Ён займаў пасады начальніка разведкі дывізіі, на­месніка начальніка разведкі арміі, намесніка начальніка разведкі Забайкальскай ваеннай ак­ругі, быў намеснікам начальніка кафедры ваен­на-дыпламатычнай акадэміі, працаваў ў апара­це Галоўнага разведвальнага ўпраўлення СССР. У званні палкоўніка выйшаў у адстаўку. Генера­лам не стаў з-за сямейных абставін. Неабходна было ў чарговы раз ехаць на службу ў Забай­калле, але ў гэты час яго сын вучыўся ў Маскве і хацеў кінуць вучобу, чаго брат не мог дапусціць. Пазней яго сын Вадзім Іванавіч Байдак стаў ге­нералам, да выхаду ў адстаўку ён доўгі час пра

 

цаваў дырэктарам закрытага ваеннага інстыту­та ў Маскве. Брат памёр у 2008 годзе.

Калі наша сям’я перайшла жыць у новы дом у Лоеве, я паехала на працу ў Прыбалты­ку, у горад Шаўляй, куды мяне запрасіла цётка Антаніна, сястра жонкі нашага дзядькі Пятра Ансоненкі-Царыка. Прыбалтыка ў вайну па­цярпела менш, чым Беларусь, Людзі там жылі лепш. Неўзабаве я закахалася і выйшла замуж за ўкраінца-франтавіка Афанасія Фёдаравіча Багацкага. Завочна закончыла філіял Маскоўскага фінансавага інстытута ў Галіцыне. Затым пераехалі з мужам у Крым: спачатку ў Джанкой, затым у Еўпаторыю. У Джанкоі муж працаваў галоўным бухгалтарам ваенторга, я галоўным бухгалтарам тэрытарыяльнага Савета курорта прафсаюза. У нас нарадзілася трое дзяцей: дзве дачкі-блізняты Вера і Людміла і сын Уладзімір. У 1981 годзе я размяняла сваю кватэру ў Еўпаторыі на Мінск для дачок, а сама вярнулася ў Лоеў, каб даглялаць сваю старэнькую маму. Муж на той час ужо памёр.

Мой брат Міхаіл пасля заканчэння Лоеўскай школы прыехаў да мяне ў Шаўляй. Тут закончыў будаўнічы тэхнікум, затым працаваў дырэкта­рам Шаўляйскага завода жалезабетонных вы­рабаў. У 1970 годзе быў забіты пры нявысветле­ных абставінах. Я на яго пахаванні не была, бо быў моцна хворы муж. Казалі, што Мішу забілі з помсты, бо бацька яго жонкі працаваў стар­шынёй райвыканкама ў Прыбалтыцы і прымаў удзел у рэпрэсіях супраць мясцовых жыхароў.

Самы малодшы з маіх братоў, Яўген, доўга шукаў сваё жыццёвае прызванне. Закончыў тры тэхнікумы. Доўгі час працаваў на Поўначы. За­раз знаходзіцца на пенсіі і жыве ў Лоеве.

З другой паловы 1960-х, я лічу, пачаўся самы светлы і шчаслівы час у жыцці майго пакалення. У магазінах з’явілася ўсё неабходнае для жыцця, і кошты былі дастаткова нізкімі. Памятаю, мяса трэцяга сорта каштавала 46 капеек, язык і мяс­ная выразка — 1 рубель 60 капеек за кілаграм, яйкі ў залежнасці ад сорта — 0,6, 0,8 і 1,2 руб­ля за дзясятак. Булка белага хлеба каштавала 20 капеек, а калі сорт вышэй, крышку даражэй. Прамтавары таксама каштавалі параўнальна нядорага. Па сутнасці, для жыцця ўсё неабход­нае тады было.

К гэтаму часу мае браты пажаніліся, я выйш­ла замуж. Ва ўсіх нарадзіліся дзеці, і кожны быў па-свойму шчаслівы. Наша мама жыла і радава­лася за нас. Аб нашых часовых праблемах мы ёй ніколі не казалі, каб не турбаваць. Мы прыносілі ёй толькі радасць. І яна заўсёды казала: “Мае дзеці ў золаце купаюцца”. Яна вельмі ганарыла­ся намі і з нецярпеннем чакала да сябе ў госці.

Часцей за ўсё мы, Міндзікі, наведваліся ў Лоеў летам. Калі ўсе з’язджаліся разам, было сапраўднае свята для мамы. Тады да нас пры­ходзілі бацькава сястра цётка Прося з дачкой Надзяй і маміна сястра цётка Паша. Цётка Про­ся была вельмі набожная, спіртнога не брала ў рот ні кроплі. Але Вася, каб цётка весялілася разам з намі, падліваў таемна ёй у бутэльку з лі­манадам крыху гарэлкі. Тады разам з намі яна спявала песні і весялілася, а на наступны дзень прыходзіла з прэтэнзіяй да Васі: “Спакуснік, ты мне гарэлкі падліў!” Вася гэта адмаўляў і ка­заў: “Табе, цётка, сілы і вяселля даў Бог, каб ты была як мы ўсе. Ты ж за нас Богу малілася, каб ён абярог нас ад агню і мяча, і мы ўсе, Міндзікі, хто ваяваў і быў пад акупацыяй, засталіся жы­вымі. Дзякуй табе!” Цётка Прося была задаволена. Яна была баптысткай па веравызнанні. Біблію ведала ўсю на памяць і нікога ў жыцці не пакрыўдзіла. Пасля вайны Вася час ад часу на лодцы па просьбе цёткі перавозіў яе на левы, украінскі, бок Дняпра, вечарам забіраў назад. Цётка Прося ездзіла на набажэнствы.

З мамай жылі брат Вася і яго сям’я. Дабрэй Васі і Тані, яго жонкі, я людзей не ведаю. Як яны радаваліся, калі мы прыязджалі да іх! Калі мае дзеці былі маленькія, Вася сустракаў мяне ў Го­мелі з машынай, хаця сваёй машыны ў яго не было. Памятаю, аднойчы я ляцела самалётам з Гомеля ў Лоеў. Доўгі час было нялётнае надвор’е, мароз і завея. Вася чакаў мяне з сямі гадзін рані­цы да вечара. Калі прызямліўся наш самалёт на аэрадроме, да яго на санях пад’ехаў увесь замёр­злы і абсыпаны снегам Вася. Майму здзіўленню і радасці не было мяжы. На працы яго таксама вельмі паважалі за дабрыню і чуласць да людзей. На вялікі жаль, вельмі хутка вайна дала аб сабе знаць і ў 1969 годзе Вася памёр.

1970-я сталі вяршыняй існавання СССР і даб­рабыту савецкіх людзей. У краіне ўсё планавалася Дзяржпланам. Асноўныя сродкі вытвор­часці, статутны фонд выдзяляліся бясплатна, і не трэба было турбавацца, што ў бальніц і са­наторыяў не будзе сродкаў для набыцця абста­лявання, а для калгасаў — трактароў. Тыя, хто атрымліваў асноўныя сродкі бясплатна, па­квартальна рабілі невялікія амартызацыйныя адлічэнні ў статутны фонд. Сабекошт асноўных сродкаў быў невялікі, таму вялікіх фінансавых праблем не было.

Я працавала галоўным бухгалтарам у Еўпа­торскім тэрсаветкурорце і памятаю, што калі ў нас не хапала грошай для выплат у статутны фонд, то рахунак на картатэцы ў дзяржбанку стаяў не больш трох дзён. Потым банк даваў крэдыт пад зусім маленькі працэнт. Еўпато­рыя — дзіцячая здраўніца, пуцёўка ў якую каштавала мінімальна або наогул выдавалася за кошт прафсаюза.

Кватэры атрымлівалі бясплатна, кватэрная плата была стабільна маленькая, вучоба і лячэн­не — таксама бясплатныя. Стыпендыю давалі ўсім, акрамя двоечнікаў, гуртажытак таксама бяс­платны. Жылі як па Бібліі: усе роўныя, усе праца­валі, розніца ў зарплаце была ў межах 20 працэн­таў, для большасці яна вызначалася па тарыфных стаўках або акладах. Не было вельмі бедных, як і алігархаў, бандытаў, слова “кілер” мы наогул, не ведалі. Хто хацеў верыць у Бога, той жыў у душы з ім. Я чалавек веруючы. Міндзікі, нягледзечы на савецкія абставіны, усіх сваіх дзяцей хрысцілі, усе асноўныя рэлігійныя святы адзначалі, па маг­чымасці наведвалі царкву.

Унукі на гэтыя мае разважанні звычайна га­вораць так: “Ты, бабуля, бачыш СССР праз ружо­выя акуляры”. Але ж гэта бачанне не толькі маё, але і большасці людзей майго пакалення. Што тады нам патрэбна было змяніць — гэта падтры­маць вёску, разняволіць людзей, даць свабоду веруючым. Гарбачоўскую перабудову наша па­каленне падтрымала, бо спадзявалася на ста­ноўчыя змены ў нашым жыцці ў межах СССР.

Развал СССР стаў сапраўдным шокам для мяне і большасці людзей майго пакалення. Многія людзі нават з вышэйшай адукацыяй не знайшлі сябе ў новым жыцці, дзе пануе інс­тынкт абагачэння, і апынуліся на ўзбочыне. Маё адмоўнае стаўленне да гэтай падзеі ўзмацніла і трагічная смерць сына.

Мой сын Уладзімір, які нарадзіўся ў 1950 годзе, закончыў Харкаўскае вышэйшае ваен­нае радыёлакацыйнае вучылішча, затым ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве. У званні палкоўніка служыў спачатку на касмадроме Байканур, запускаў касмічныя ракеты, затым у Генштабе. Рыхтаваўся атрымаць генеральскае званне і пасаду камандуючага ракетных войск Далёкаўсходняй ваеннай акругі Расійскай Фе­дэрацыі, але ў 1997 годзе быў забіты пры нявы­светленых абставінах у Нагінску, калі вяртаўся з Мінска ў Маскву. Забойцу не знайшлі. Калі ха­валі сына, то адзінае, чаго мне хацелася, — ля­жаць разам з ім у яго цынкавай труне, але рукі дачкі, унучкі і яшчэ некага ўтрымалі.

Доўгі час не хацелася жыць, але жывой у ма­гілу не ляжаш. Дапамогай мне былі словы сына, які некалі пісаў: “Мама, трэба з аптымізмам пе­раадольваць цяжкасці”. І я жадаю гэтага сваім дзецям і ўнукам. І ўсім людзям. Дай Бог усім мудрасці і цярпення.