CA / 2022 / Валянціна Рагачова / Вернасць

Вернасць

Гэта гісторыя маленькая мая. Яна выклікае самыя вялікія пачуцці, якія толькі ёсць у Чалавека.

Напярэдадні свята Перамогі шмат спраў у нас, маленькіх вучняў Міхалёўскай васьмігадовай школы, што на Лоеўшчыне. Схадзіць у лес, надраць рагозы (прыгожая зялёная расліна, якая ўвесь час сцелецца па зямлі), наплесці вянкоў, нарабіць кветак розных колераў, нарэзаць стужак з чырвонай тканіны, перавязаць вянкі і гірлянды.

Спачатку аднясём вянкі і гірлянду на воінскія могілкі ў адзін бок вёскі, затым у другі. Шмат воінаў загінула ў час вайны за нашу невялічкую вёску ў пяцьдзесят восем двароў. І называлі нас тады цімураўцамі. Мы наведвалі хаты, на якіх замацаваны чырвоныя зорачкі — адзнака, што хтосьці загінуў і не вярнуўся з вайны. Прыбіралі ў хаце, на двары, мылі падлогу, прыносілі ваду, секлі дровы. А дома колькі спраў і ад настаўнікаў даставалася ўсялякіх заданняў, але ж, спраўляліся, паспявалі.

Дык гэта ўсё было напярэдадні свята, а вось само свята ў маёй сям’і пачыналася так. Маці раненька прачыналася, гатавала ежу, а бацька рыхтаваўся да паездкі на мітынг. Хутка прыйдзе аўтобус, забярэ ветэранаў і павязе ў райцэнтр. Паміж імі ішла размова:

— Хопіць макроту разводзіць, ужо пара забыцца, што дзеці скажуць, бацькі не ладзяць.

Дзеці — гэта мы, нас у бацькоў трое — падыходзілі да маці, абдымалі, заглядвалі ў яе блакітныя вочкі, выціралі слёзкі і пыталіся:

 — Чаму, мамачка, плачаш?

А яна, як быццам нічога не здарылася, хуценька адказвала:

— Дзень такі, гэта я ад радасці, мае дарагія дзеткі.

І мы другі час паплачам з ёй, але ж потым супакоімся.

Зараз мая ўнучка заглядвае мне ў вочкі і пытаецца, чаму я ў святочны дзень 9 Мая плачу. І я расказваю ёй гісторыю маіх бацькоў, бо цяпер гэта можна.

— Вайна была, мая ўнучачка, фашысты захапілі нашу радзіму, вёску маіх бацькоў; распараджаліся ўсім, забівалі людзей, жывёлу, палілі хаты. Забілі майго прадзеда Аляксандра да смерці, а таксама маленькую пяцігадавалую Ганначку, майго бацькі сястрычку, калі яна ўцякала, як і ўсе жыхары вёскі, ў лес. А калі Чырвоная армія наступала, жыхары Лоеўшчыны ўспамінаюць, што ішлі жорсткія баі за Днепр. Рака ў тыя гадзіны была чырвонай ад крыві забітых і параненых воінаў. І калі фашысты не змаглі ўтрымаць свае пазіцыі, прыкрыліся мірнымі жыхарамі, старымі і малымі, пагналі ўсіх аж да самой Рэчыцы, пасадзілі ў цягнікі і павязлі ў Германію. Там зняволеных памясцілі ў баракі, дзяцей і дарослых поразнь. Як змагла, падтрымлівала на чужбіне сваіх траіх дзяцей мая бабуля, яна знаходзіла магчымасць прынесці ім місачку бурачнага супу. У той час маёй маці споўнілася шаснаццаць год, яе сястры — адзінаццаць, а брату — сем. Налёты, бамбёжкі, падвалы, ў якіх хаваліся. І чаканая Перамога, вызваленне, вяртанне на радзіму. Але ж, у той час, аб гэтым нельга было нікому расказваць. Суседзі не павінны былі пра гэта ведаць, бо маглі зняважыць: хто быў у палоне за чалавека не лічыўся. Мае бацькі трымалі ўсё ў сакрэце. Але ж, калі бацька мой ўступаў у шлюб з маёй маці, ён у той час працаваў у міліцыі, ў яго запыталі, чаму ўступае ў шлюб з паланянкай. І бацька мужна адказаў, што яна была на той час яшчэ дзіця. Аб усім гэтым я даведалася ў наш час ад супрацоўнікаў камітэта дзяржаўнай бяспекі, калі разам з маці былі на прыёме ў гэтай установе. Маёр ветліва запрасіў прысесці і пачакаць, потым вынес невялічкую папку, пазнаёміў з тэкстам допыту бацькі, паказаў нямецкі аусвайс, пропуск на тэрыторыі Германіі, — на фота прыгожая дзяўчына з русай касой. Мінута маўчання, мінута слёз.

— Фота вам на памяць, а дакумент мы знішчым, — заключныя словы маёра.

— Супакойся, мая мамачка, не плач. Дай я твае слёзкі вытру… Я ведаю, гэта нечалавечна цяжка, але ж цяпер усё будзе добра. Падзякавалі маёра за даведку. Ішлі моўчкі, падтрымлівалі адзін аднаго. І толькі дома далі волю пачуццям.

Я здагадвалася, што ў гэтым плачы маці ў свята Перамогі ёсць нешта патаемнае, сакрэтнае, недагаворанае.

Што наша родная маці — дзіця вайны, паланянка, мы не ведалі і ніколі не чулі ні ад бацькі, ні ад маці. Я ведаю, што ёсць моцнае, вернае каханне: прыклад таму — жыццё маіх бацькоў, жыццё на выпрабаванасць. Колькі павагі да бацькі, колькі гонару за яго чулае і добразычлівае сэрца. Я ўдзячна свайму бацьку — Чалавеку з вялікай літары, Чалавеку мужнасці, вернасці радзіме, жанчыне, дзецям, унукам.

 

Валянціна Рагачова – Крот

Люты 2019

З кнігі «Антонаўка»  (Гомель, 2021)