Ёлкес-Battleйка альбо Шапяту-пяту: калядныя сцэнкі ў 30-гадовых ўспамінах…


Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея Battle за Днепр
 
Ёлкес-Battleйка
альбо
Шапяту-пяту: калядныя сцэнкі ў 30-гадовых ўспамінах…
 
Шапяту-пяту кашэлек пляту
А ў той кашэлек дайце варэнек
Лыжачку кашкі,
А наверх — каўбаскі
 
Лоеўскія калядкі*
 

1990-я даўно ўжо скончаныя, але менавіта яны і сёння даюць нам штуршок ў нашых будзённых культурніцкіх практыках… Яны нам нагадваюць, як-што-дзе пачалося дый паказваюць, куды гэта-ўсё прывяло…

Вядома ж, тое культурніцкае адраджэнне 1990-ых — этнічнае… этнаграфічнае… — пачалося не 1 студзеня 1991 году. І нават не ў 1980-ыя, калі той беларускі культурніцкі рух буяў на ўсю моц… Праўда, тады яшчэ ў паў-/падпольным стане…

Але менавіта ў 1990-я культурніцкія самабытныя суполкі выйшлі навонкі — змаглі выйсці… ім дазволілі выйсці… — і інтарэс да беларускіх традыцый стаўся бадай усеагульным. І ў вялікіх гарадах, і ў невялікіх мястэчках, дый па зусім маленькіх вёсках сталі адраджаць — часцей, нават, наноў выдумляць, — старадаўнія сялянскія традыцыі, звычаі, рытуалы. Калядоўшчыкі ды батлеечнікі, купалістыя ды вяснагукальстыя, неапаганцы дый неахрысціяне сталі звыклымі персанажамі культурніцкага пейзажу тых самых 1990-х.

І… Традыцыйная культура сталася публічнай. Яна стала жыць сваім самастойным новапрыдуманым жыццём… Познія мадэрнасныя, нават постмадэрнасныя нацыі ствараліся — стваралася і беларуская нацыя… Новыя нацыя стваралі і свой новы фальклор, свой новы эпас… І беларуская — таксама. На тле парэшткаў колішняга сялянскага эпасу ствараўся новы гарадскі.

Можна многа размаўляць і спрачацца, чым той усплёск “інтарэсу” да беларускай сялянскай традыцыі быў выкліканы дый наколькі тая адроджаная руральная культура мела дачыненне да колішняй культуры беларускіх пасялянаў. Адное застаецца безумоўным— хаця пачаўся ўздым публічнага адраджэння яшчэ ў 1980-ыя з руху (адносна) нешматлікіх ідэалістаў, натхнёных беларускай гісторыяй дый абазнаных у ёй, у 1990-ыя ён акрыляў.

Дый у наш час гэтае этназахапленне перарадзілася ў этнаграфічны тэатр, які часта можа нават не мець ніякага дачынення не толькі да самой традыцыі, але і да колішніх спробаў яе ад-/нараджэння.

Сімвалам таго адраджэння можна назваць батлейку — народны лялечны тэатр, пра які да пачатку 1990-ых шмат хто зусім забыўся, але дзякуючы рупліўцам яе адрадзілі: гэта і Алесь Лось з Яўгеніяй Ліс у Залессі, і праект Мірская батлейка са шчырай сяброўкай нашага музею Ганнай Выгоннай, дый шэраг іншых праектаў… Цяпер батлейку ж можна спаткаць ледзь не ў кожным музеі-клубе-бібліятэцы… Нават у школках ды дзіцячых садках хапае батлеек… Ажна ў нашым вайскова-гістарычым музеі яна з’явіліся, дарэчы, дзякуючы менавіта Ганне Выгоннай.

У сябе ў Лоеве мы спрабуем ўпісаць на невялічкі лялечны тэатр у кантэкст і традыцыйнай культуры — бо пастаноўкі нашыя прывязаныя да календара, — і да музейнага кантэксту — бо гэта інтэрмедыі, фрагменты спектакляў пра гараванні душы пасля войнаў. Але ж агулам сёння мае месца татальная дэструкцыя Батлейкі… Сімптаматычным стаў выпадак з батлейкай, створанай майстрам Алесем Ласём. Літаральна днямі пан Алесь напісаў на сваё старонцы ў Facebook:

“Маёй Батлейцы 30 год. Маю на ўвазе менавіта гэтую кантрукцыю з калекцыі Шэйна, ён прывез яе ў Пэтэрсбург з Магілёва ў 1864. Над копіяй тэатра і ляляк працавалі Я.Ліс, Н.Лось, В.Доўнар А.Лось. Другая такая ж Батлейка рабілася прыблізна ў той жа час для музэя М.Багдановіча калектывам мастакоў рэстаўратараў Г.Жаровіна, Л.Асенні, В.Аттас, у тым ліку Ягіняй Ліс і Алесям Ласём. Першым, хто яе засвоіў, быў Сяржук Вітушка... Потым была мноства паўтораў, больш удалых ці безгустоўных... Праз усё жыццё я пранёс любоў да народнай традыцыйнай ігры на скрыпцы, дудаў і ліры карбовай. Гэта не вытлумачальна, за гэта не меў ніякай падтрымкі ні фондаў, грантаў, стыпендыяў інш... Батлейка на асобым рахунку. Нейк было вельмі крыўдна, калі даведаўся, што нашыя Батлейкі, зробленыя мною і Я.Ліс у Залессі ў 1985–1987, чыноўнікі спісалі і, абліўшы керасінам, спалілі разам з лялькамі... Проста філасоўскі настрой. З Калядамі! Сонейка ўжо будзе больш і больш прычынаў каб усміхацца Смаргоншчыку і Мядзведзю...

Алесь Лось
22/12/2021
 

На нашай сустрэчы “Ёлкес-Battleйка альбо Шапяту-пяту: калядныя сцэнкі ў 30-гадовых ўспамінах…” мы прапаноўваем паспрабаваць параўнаць розныя  батлеечныя “практыкі”: праглядзець фрагменты палявых кіназапісаў з экспедыцыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, зробленыя ў красавіку 1962 году пад Слуцкам, дзе дэманструецца і батлейка лялечная, і батлейка “жывая”. Арыгінальную слуцкую традыцыю можна будзе параўнаць з відэа таго, як сёння лялечны тэатр прэзентуюць рупліўцы беларускай батлеечнай традыцыі. Альбо паглядзець фрагменты стужкі, прысвечаныя семежаўскім “Царам” — спробы адрадзіць традыцыю жывой батлейкі, якая трапіла ў спісы сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Адроджанай, але…  

Таксама мы паглядзім кароткі мультфільм пра нашую Лоеўскую Батлейку, якая з’явілася ў нашым мястэчку ў 2018 годзе дзякуючы падтрымцы ГА “Беларускі зялёны крыж”.

Аднак не толькі пра батлейку будзем гаварыць. Беларуская традыцыя адраджалася па рознаму і ў розных формах. І тут, у нас  у Лоеве, таксама рух даследчыкаў мясцовай даўніны быў даволі моцны. Мы паглядзім фільмы–напаміны, як гэта ўсё было, таксама і пра тое, як адраджалі-святкавалі калядкі ў Лоеве ў 1990‑ыя… А таксама абмяркуем гэта ўсё разам з удзельнікамі тых падзей.

І галоўне, паспрабуем паразважаць: ці тая лоеўская калядка “Шапяту-пяту кашэлек пляту…” — яна пра шопку-батлейку ці яна пра цырк-шапято і сучасны стан беларускай культурнай індустрыі наогул…


* Запісанае ў в. Мохаў Лоеўскага раёна

 

Куратар праекта Генадзь Сівохін (ст. навуковы супрацоўнік, гал. захавальнік Музея, 2019-2022).  

204