Дзень памяці ахвяр Шаа Лоева / 11/16 жніўня 2021 / 3 элула 5781


Кінапрагляд стужкі “Прытулак / Жонка захавльніка заапарка”, 2017 (“Azyl / The Zookeeper's Wife”, 2017) мае адбыцца 14 жніўня а 21/00 на музейным падворку.

 

Лоеў — мястэчка звыклае … Тыповае…

Колішні цэнтр Лоева — наш лоеўскі штэтл, — гэта рынкавы пляц, крамкі, лаўкі… Дзве царквы, чатыры сінагогі… Усё звычайна — усё як ва ўсіх…

Габрэяў штэтлу было не так і шмат, але не так і мала — адсотак сорак… гэта — і лоеўская тыповасць, і яго адметнасць. Ці ж мала гэта — сорак адсотак, — не ведаем.

Але ведаем, што менавіта яны, габрэі, і стваралі дух мястэчка — разам і поруч з беларусамі яны стагоддзямі стваралі наш Лоеў, будавалі яго, яны яго разам мыслілі… Без габрэяў — ніяк… Не было б мястэчка Лоеву без ягонага штэтлу…

Цяпер ужо зусім няма тут габрэяў. Засталося толькі колькі чалавекаў.

Няма больш таго Лоеву — зсірацела нашае мястэчка. Больш за семдзесят гадоў, як зсірацела…

У Вайну — у бязлітасную навалу бесчалавечнага Шаа, — іх забілі… Спачатку, яшчэ ўвосень сорак першага, нашых габрэяў сабралі тут, у першым лоеўскім геце, а пасля — павялі пешшу ў гета Гомеля. Не шмат адолела тую дарогу смерці, а хто адолеў — не на доўга перажылі сваіх блізкіх.

Праз колькі месяцаў, зноўку сабралі ў геце лаяўцоў — беларусак, што былі замужам за габрэямі, і іх дзетак, бо па нацысцкіх законах і яны былі габрэямі, вырачанымі на смерць… усяго шаснаццаць чалавекаў. У вялікім доме Фрадліных сабралі іх — тут, ля цяперашняй аптэкі на рагу Леніна і Тэльмана, — было другое лоеўскае гета. Адсюль уначы 16 жніўня 1942 іх на машыне павезлі ў астатні шлях — у супрацьтанкавым рове на старым Казярожскім шляху нашых лаяўцоў расстралялі…

  1. Ганкін-Воўкаў Якаў Мотылевіч (1938 г.н.)
  2. Ганкіна-Воўкава Марыя Якаўлеўна (1915 г.н.)
  3. Ганкіна-Воўкава Фаня Мотылеўна (1937 г.н.)
  4. Міхліна Ніна Рыгораўна (1917 г.н.)
  5. Міхліна Яўгенія Янкілеўна (1939 г.н.)
  6. Курас Валянціна Яўсееўна (1940 г.н.)
  7. Курас Вера Яўсееўна (1936 г.н.)
  8. Курас Сафія Іванаўна (1912 г.н.)
  9. Фрадлін Анатоль Міхайлавіч (1939 г.н.)
  10. Фрадліна Алена Міхайлаўна (1937 г.н.)
  11. Фрадліна Вера Міхайлаўна (1941 г.н.)
  12. Фрадліна Сцепаніда Андрэеўна (1916 г.н.)

Роў стаў вялікай магілай закатаваных лаяцоў — не толькі шаснаццаці ахвяр гета. Усіх і не ўзгадаеш… А ўзгадваць трэба — нельга не памятаць, нельга забываць…

Усіх імёнаў ужо не дазнацца — але ўсіх можна памянуць. Моўчкі, сам сабе…

 16 жніўня 1942 года… Па габрэйскім календары — 3 элула 5702 года — дзень знішчэння другога лоеўскага гета… Адзіная дата, якую мы дакладна ведаем, калі можна ўшанаваць памяць лоеўскіх габрэяў…

Габрэйскі і хрысціянскі календары не супадаюць… Сёлета трэцяга элула выпадае на 11 жніўня… Узгадайма сваіх лаяўцоў і 3 элула – 11 жніўня, і 16 жніўня…

 

14 жніўня ў лоеўскім Музеі бітвы за Днепр ў рамках мемарыяльных мерапрыемстваў можна будзе разам паглядзець фільм “Прытулак / Жонка захавльніка заапарка”, 2017 (“Azyl / The Zookeeper's Wife”, 2017) — цудоўную кінанавэлу пра ратаванне габрэяў Варшавы сям’ёй палякаў, якая працавала ў тамтэйшым заапарку.

З 11 па 16 жніўня кожны зможа прыйсці да памятнага камяня, што стаіць ля старых габрэйскіх могілак — зусім побач з тым самым ровам, — пакласці каменьчык і запаліць свячу…

Кінапрагляд стужкі “Прытулак / Жонка захавльніка заапарка”, 2017 (“Azyl / The Zookeeper's Wife”, 2017) мае адбыцца 14 жніўня а 21/00 на музейным падворку.

 

259