да Дня Незалежнасці
Дарогамі шматлікіх выпрабаванняў крочыць гісторыя Беларусі з глыбіні стагоддзяў, яна ўяўляе нашчадкам слаўны шлях барацьбы за родны край, за незалежнасць сваіх родных, блізкіх і самаадданасць.
У зборы Музея бітвы за Днепр захоўваецца чырвонаармейская газета за 4 ліпеня (аўторак) 1944 г. № 154 “Абаронца Айчыны”, на першай паласе якой буйным шрыфтам напісана: “БЛІСКУЧАЯ ПЕРАМОГА НАШЫХ ВОЙСКАЎ НА ЗАХОДНІМ НАПРАМКУ ШТУРМАМ УЗЯТЫ ГОРАД МІНСК!”.
Аператыўная зводка, размешчаная ў гэтай жа газеце, ад 3 ліпеня 1944 г., пераносіць нас у той памятны дзень: “Войскі 3-га Беларускага фронту пры садзейнічанні войскаў 1-га Беларускага фронту, у выніку імкліва праведзенай аперацыі з глыбокім абыходным манеўрам з флангаў, 3 ліпеня, штурмам авалодалі сталіцай Савецкай Беларусі — горадам Мінск, а таксама з баямі занялі больш за 450 населеных пунктаў рэспублікі. Нашы войскі ўшчыльную падышлі да горада і чыгуначнага вузла Маладзечна, дзе завязалі баі на ўскраінах горада”.

Але якім быў шлях да вызвалення сталіцы нашай краіны? Мы сталі шукаць адказ сярод рэліквій нашага музея. Як пачалося вызваленне тэрыторыі Беларусі распавядаюць успаміны Велігорскага Сяргея Акімаіча, якія ён пакінуў у сакавіку 1985 г. і перадаў лоеўскаму музею напярэдадні яго адкрыцця 9 мая таго ж года.
Жыхары Лоева напэўна памятаюць інтэлігентнага таленавітага лекара-стаматолага Сяргея Акімавіча, які пасля заканчэння стаматалагічнага факультэта Рыжскага медыцынскага інстытута доўгі час працаваў у Лоеўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Лёс Сяргея Акімавіча звязаў яго з Лоевам яшчэ ў 1943 г. Толькі што прызваны ў войска Велігорскі Сяргей у складзе 37 гвардыі стралковым палку 12 гвардзейскай стралковай дывізіі 61 арміі ў кастрычніку 1943 г. дастаўляў санітарныя сумкі з перавязачным матэрыялам у стралковыя роты палка. Была ў разгары найскладанейшая аперацыя па фарсіраванні Дняпра на тэрыторыі раёна.
“Калі я ішоў, была цішыня, як быццам і не было вайны. Уздоўж ракі стаялі замаскіраваныя гарматы і зеніткі ... Ноччу падышлі “Кацюшы” і праз нашы галовы на правы бераг Дняпра паляцелі вогненныя снарады. Потым пачалася артпадрыхтоўка. Гэта былі не стрэлы, а суцэльны гул! Стралялі кулямёты і аўтаматы, рваліся снарады, але ніхто не марыў аб сваім жыцці. Была адна мара перамагчы фашыстаў”.
Тысячы снарадаў паляцелі на беларускі бераг Дняпра. У гэты момант войскі пачалі пераправу праз Днепр — пацягнулі лодкі, дошкі, бярвёны, плыты, плывучыя масты ў выглядзе паромаў.
Рускія, украінцы, беларусы, грузіны, армяне, узбекі, таджыкі кінуліся ў халодную ваду Дняпра, накіраваўшыся да беларускага берага. Сярод іх быў і ўкраінец Сяргей Акімавіч, ураджэнец Рэпкінскага раёна суседняй Чарнігаўскай вобласці.
“Для санузводу далі вялікую лодку. Мы хутка пагрузілі ў яе медыкаменты, перавязачныя матэрыялы і нават фурманку. Каня прывязалі за лодку і паплыў хто, чым мог...”.
Праз 42 гады пасля фарсіравання Дняпра Сяргей Акімавіч падрабязна ўспамінаў, што як толькі лодкі наблізіліся да беларускага берага, наляцелі нямецкія самалёты. Вораг, спрабуючы спыніць наступ войскаў, выпусціў на іх шквал снарадаў і куль. У паветра ляцелі пырскі вады, трэскі разбітых плавальных сродкаў. На дно ішлі кулямёты, гарматы, танулі салдаты…
“Крык, віск, ругня...гэта было нешта жудаснае...”.
Беларускі бераг быў увесь паранены — глыбокія варонкі ад снарадаў, дым, вялікімі былі чалавечыя страты.
“Параненых мы перавязвалі і насілі ў сховішча, пакідаючы аднаго медработніка з імі, бо за намі рухалася санрота, а за ёй 5-ты медсанбат”.
Полк рухаўся ў напрамку в. Сяўкі. У вячэрніх прыцемках на падыходах да вёскі полк сустрэў лавіну варожага агню. Праціўнік, абапіраючыся на раней падрыхтаваныя рубяжы абароны з развітой сістэмай траншэй, працягваў аказваць агнявы супраціў надыходзячым частках дывізіі.
З надыходам цемры акупанты падпалілі вёску. Камандаваннем палка быў дадзены загад наступаць. Гвардзейцы стралковага палка акружылі і з поспехам авалодалі ёю.
“Вёска згарэла, агонь згас. Настала цемра восеньскай ночы” — успамінаў Сяргей Акімавіч.
З наступленне світання бой працягваўся. Паўкі 12 гвардзейскай стралковай дывізіі ў літаральным сэнсе ў рукапашную выбівалі ворага.
У зводцы Савінфармбюро за 24 кастрычніка 1943 г. паведамлена пра ўзяцце нашымі войскамі буйнога апорнага пункта праціўніка — населенага пункта Сяўкі Лоеўскага раёна.
У кастрычніку 1943 г. дывізія прыняла ўдзел у вызваленні дняпроўскіх вёсак Глушэц, Новая і Старая Лутава, Жылічы, Малажын і іншыя. Гэтыя невялікія беларускія вёсачкі сталі пачаткам вызвалення дывізіяй заходняй часткі Гомельшчыны. Паўкі прымалі ўдзел у вызваленні Калінкавіч, Мазыра, пінскіх балот. Далей было вызваленне Балтыі, дзе Сяргей Акімавіч удзельнічаў у штурме Рыгі і атрымаў раненне.
Пасля выздараўлення ён удзельнічаў у вызваленчых баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі.
27 сакавіка 1945 г. падчас вынасу параненых з поля бою на рацэ Одэр Сяргей Акімавіч атрымаў яшчэ адно раненне.
Скончылася вайна для падраздзялення, у якім служыў Сяргей Акімавіч, у Германіі на рацэ Эльба, дзе нашы войскі сустрэліся з амерыканскімі.
Праз пяць гадоў пасля заканчэння вайны сяржант санінструктар Сяргей Акімавіч скончыў Жытомірскую зубалячэбную школу і працаваў зубным лекарам у вёсцы Аляксандраўка Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці.
У 1960-х гадах Сяргей Акімавіч вярнуўся ў горад, дзе ён атрымаў раненне, у Рызе ён скончыў медыцынскі інстытут, стаматалагічны факультэт. У 1965 г. пасля заканчэння медінстытута яму прысвоена званне лейтэнант медслужбы.
Пасля Латвіі, як быццам вяртаючыся да сваіх франтавых дарог, Сяргей Акімавіч прыехаў у Лоеў, адкуль пачаўся яго баявы шлях, працаваць у раённай бальніцы. Тут ён атрымлівае званне капітан медыцынскай службы ў адстаўцы.
Сяргей Акімавіч, узнагароджаны ордэнамі “Айчыннай вайны 1-й ступені” і “Чырвонай Зоркі”, медалём “За перамогу над Германіяй 1941-1945 гг.”, “падзякамі Сталіна” за выдатныя баявыя дзеянні пры авалоданні штурмам еўрапейскіх гарадоў, у мірны час працягнуў добрасумленна працаваў для беларусаў. Падзякі і ганаровыя граматы, медалі “За доблесную працу”, “Ветэран працы”, “Выдатнік аховы здароўя” — гэта відавочнае прызнанне ад імя жыхароў Лоева за працу былога франтавіка.
Лоеўскі раён стаў не толькі пачаткам баявога шляху і пачаткам вызвалення Беларусі для Сяргея Акімавіча. Лоеўская зямля стала трывалай глебай для сям'і ветэрана, прафесійнай, творчай самарэалізацыі і месцам апошняга прытулку...
Музейная экспазіцыя і збор лоеўскага музея захоўвае дакументальныя сведчанні пра подзвіг падчас вайны і пасляваеннай працы, прыраўненнай да подзвігу. Яны захоўваюць жывую памяць аб сіле волі людзей, якія адстаялі кожны кавалак нашай зямлі і прынялі ўдзел у яго аднаўленні.
Дырэктар музея,
Ксенія Сямашка