35 гадоў гісторыі. Прадмет пад № 1

Для стварэння ў Лоеве музея вялася вялікая падрыхтоўчая даследчая і архіўная праца. Першым жа прадметам, якія сталі асновай музейнага фонду, сучасныя лоеўскія музейшчыкі абавязаныя мясцовым гісторыкам, краязнаўцам і ўдзельнікам школьных пошукавых гурткоў і клубаў. Імі на працягу многіх гадоў па крупінках збіраўся гістарычны матэрыял, вялося ліставанне з удзельнікамі фарсіравання Дняпра. Музейныя прадметы для будучага музея шукаліся і збіраліся ў фондах Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскага абласнога краязнаўчага музея і раённых музеяў.
Ужо ў 1984 г. прадугледжвалася экспанаваць 1300 музейных прадметаў, у тым ліку 1200 дакументаў і фатаграфій, 80 рэчавых помнікаў, 20 прадметаў выяўленчага і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва па тэме фарсіравання Дняпра.
Праз 35 гадоў з дня адкрыцця музейны збор нашай установы складаецца з 13 музейных калекцый, у складзе якіх знаходзіцца 5 132 адзінкі захоўвання, у тым ліку 2982 адзінак захоўвання асноўнага фонду і 2150 — фонду навукова-дапаможнага матэрыялаў.
Пад № 1 у Музей бітвы за Днепр быў прыняты Музейны прадмет “Грамата” Карпенкі Акіма Паўлавіча аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза. Лоеўскія музейшчыкі адмыслова прынялі першым менавіта гэты прадмет у фонды таму, што ён належаў аднаму з пяці герояў Савецкага Саюза – ураджэнцу Лоева.
Акім Паўлавіч нарадзіўся 17 верасня 1915 г. у мястэчку Лоеве. Пасля заканчэння дзевяці класаў школы працаваў токарам ў судамеханічнай школе. У 1933 г. Карпенка быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Карпенку Акіма (родныя яго клікалі “Кіма”) лёс прывёў у Ленінград, дзе ён у 1936 г. скончыў 5-ю ваенную школу авіятэхнікаў па ўзбраенні і працягвае навучанне ў Чкалаўскім авіяцыйным вучылішчы.
27 чэрвеня 1941 г. Акім Паўлавіч прыняў свой першы бой — ён удзельнічаў у бамбардзіроўцы варожых войскаў на чыгуначнай станцыі Пярэмышль. Змагаўся на Паўднёвым, Паўднёва-Заходнім, Паўночна-Каўказскім франтах, удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, вызваленні Каўказа, Румыніі, бітве за Берлін.
Да лістапада 1943 г. гвардыі маёр Акім Карпенка быў штурманам эскадрыллі 5-га гвардзейскага авіяпалка 50-й авіядывізіі 6-га авіякорпуса АДД СССР. Ён здзейсніў 308 баявых вылетаў на штурмоўку скопішча баявой тэхнікі і жывой сілы праціўніка, яго ваенных аб’ектаў, нанёсшы яму вялікія страты. Лётаў за лінію фронту каб даставіць у тыл ворага парашутыстаў-выведнікаў, зброю партызанам, улёткі. Навучаў маладых авіятараў лётнай справе, уменню ваяваць у небе. Ён прабыў у паветры ў агульнай складанасці 2 500 гадзін. Сотні разоў сустракаўся са смерцю і пераадольваў яе. Не адзін раз экіпаж Карпенкі вяртаўся з задання на пашкоджанай машыне, на якой, здавалася б, лётаць было немагчыма, за што ў палку экіпаж называлі “вогненнымі лётчыкамі”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 сакавіка 1944 г. за “ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм” гвардыі маёр Акім Карпенка быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. У гады вайны А.П. Карпенка быў узнагароджаны іншымі ардэнамі і ўзнагародамі: двума ардэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, двума ардэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Аляксандра Неўскага і многімі медалямі.
Авіяцыя ўвайшла і ў асабістае жыццё героя. Яго жонкай стала Еўдакія Андрэеўна Нікуліна, лётчыца, Геройка Савецкага Саюза. У гады вайны яна камандавала авіяэскадрылляй 46‑га гвардзейскага Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка.
Пасля заканчэння вайны А.П. Карпенка працягнуў службу ў Савецкай арміі. У 1947 г. ён скончыў Вышэйшыя курсы ўдасканалення афіцэрскага складу. У 1954 г. у званні палкоўніка быў звольнены ў запас. Пражываў у горадзе Бендэры, затым у Ціраспалі.
10 верасня 1974 г. Акіма Паўлавіча не стала. Яго пахавалі на старых могілках горада Бендэры. 20 жніўня 2011 г. па рашэнні ўладаў адбылося ўрачыстае перапахаванне Героя на тэрыторыю мемарыяла, дзе яму ўсталяваны помнік.
Памятаюць земляка і на радзіме. На мемарыяльным комплексе ў цэнтры г.п. Лоева ўсталяваная гранітная стэла ў памяць пра Героя Савецкага Саюза Акіма Паўлавіча Карпенку.
У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя дакументы, якія належаць Акіму Паўлавічу: “Лётная кніжка Героя Савецкага Саюза гв. палкоўніка А.П. Карпенкі”, “Кніжка інструктара-парашутыста падрыхтоўкі ВПС РККА», выдадзеная Акіму Паўлавічу ў 1940 г., пасведчанні да ўзнагарод, фатаграфіі і інш.