СА / 2021 / Імёны ў рэчах... Гісторыя ў імёнах... Рэчы ў гісторыі...

Імёны ў рэчах…
Гісторыя ў імёнах…
Рэчы ў гісторыі…
 
 
Заўжды прыемна, цікава дый радасна, калі неспадзяванкай да нас у музей лаяўцы-тубыльцы прыносяць якіясь цікавосткі — тыя рэчы-прэзенты, якія ім самім дасталіся ад родзічаў у спадчыну, доўга належылі сям’і дый пераходзілі ад аднэй генерацыі да наступнай, пакуль хтось з нашчадкай не вырашыў увекавечыць памяць сваіх прашчураў у музейных зборах сваім невялічкім падарункам…
Не менш прыемна, — будзем чэсныя, — калі нам у падарунак прыносяць і не такія ўжо і “старадаўнія сведкі мінуўшчыны”, якія засталі яшчэ панскія часы, а і штось больш “свежае”, што можа аднэй сваёй явай распавесці пра гісторыю Лоева ды абшараў колішняга ягонага старасвецкага графства і ў “новыя” часы. Галоўнае — што людзі самі прыносяць нам сваю сямейную гісторыю, а гісторыя сямейная — яна ж і гісторыя ўсёй лоеўскай грамады…
Важнае гэта для нас, для даследчыкаў, дый важнае для саміх лаяўцоў — зберагчы парэшткі тэй старадаўняй гісторыі роднай зямелькі, бальшыня якой — гэтай яе гісторыі, — на жаль, ужо страчаная…
Важна дый цёпла на душы, калі гісторыю зберагаюць.
 
Яшчэ ў ХІХ стагоддзі, дый нават даўгі час і ў ХХ, Лоеў быў адным з важнейшых партоў такой непартовай Беларусі. Толькі ўжо напрыканцы ХХ ці пачатку цяперашняга ХХІ ён не толькі страціў сваю водніцкую славу, але і дашчэнту “знішчыў” тую сваю партовую гісторыю — не так даўно, годзе ў 2014, нават астатні паромны маршрут да ўкраінскай Каменкі адмянілі. Цяпер не тое што дэбаркадару, нават невялічкага прыстанку карабельнага не засталося — усё аптымізавалі ды дэмантавалі.
І толькі на старых фотакартках можна пабачыць, як маладыя лаяўцы хадзілі да лоеўскага порту сустрэць ці праводзіць рачныя цеплаходы-пэтэшкі ды баржы, а ў размовах тубыльскіх старых — пачуць ўспаміны пра водніцкую краму непадалёк ад дэбаркадару ў будынку рачнога вакзалу ды пра рэстарацыю з танцамі ў клубе поруч з ёй у мураванцы колішняй сінагогі…
Нейкія ўспаміны мы калісь занатавалі — цяпер яны аснова навуковага архіву лоеўскага Музея. Дый у фондавым зборы Музею стае артэфактаў, што сведчаць пра рачное жыццё Лоева ды ягоных месцічаў.
 
 
Але ж жыццё лаяўцоў на Рацэ — так, менавіта Рацэ з вялікай літары, — хаця і строілася вакол порта, портам не абмяжоўвалася. Дагэтуль асноўнай сувяззю з Дняпром у тубыльцаў застаецца рыбалка. На жаль, пра рыбацкі бок жыцця Ракі амаль нічога ў музейных фондах мы не назбіралі. Што ёсць — фотакарткі з сямейных архіваў…
Таму цікава і прыемна, калі месцічы прыносяць у падарунак музею штось сваё-адвечнае дый яшчэ і звязанае з рыбным промыслам тубыльцаў. Менавіта такім чынам сёлета нам “падкінулі” невялічкую круцёлачку-вертлюжок. Яшчэ не так даўно, здаецца ж, гэтыя круцёлачкі-вертлюгі былі ледзь не ў кожнай дняпроўскай хатцы. Дый не па аднэй былі. Ну, а як жаж можна было выйсці без яе на чаўне і закінуць донку ці балду альбо дарожку ці матылька?..
 
 
Такую круцёлачку і прынёс нам у падарунак лоеўскі музейны сябра пан Васіль. Сам родам з невялічкай вёскі Цясны, што калісьці раскінулася на самым беразе Дняпра (цяпер, праўда, Рака пайшла далей ад вясковых палетак, але ж усё адно — не так далёка бруіць яна). З роднай вёскі прынёс ён нам у падарунак напаміны пра яе гісторыю.
 
 
Адметны гэты вертлюжок — самаробны, не крамнёны, як цяперашнія спінінгі ды вуды. З дрэва, з лазы паранай-гнутай, з любоў ды пяшчотай зроблены. Гаспадар яшчэ і імя сваё надпісаў, каб не зблыталіся рыбакі, дзе чый улоў. Ножычкам выдрапаў на роднай беларускай мове з аднаго боку імя “Васіль”, з другога — прозвішча “Прыходзька”…
 
 
P.S.: Адно што, музей наш профілю не этнаграфічнага ці хаця б гістарычнага, а вайскова-гістарычнага… Вайсковага… І хаця мы — музей антываенны з ваеннай экспазіцыяй, але ў нашых музейных калекцыях месца жыццю абыватальскаму, на жаль, пакуль так і не выявілася. Падобныя прадметы мы даследуем, але ў музейны фонд у нас іх не прымаюць. Работу па вывучэнню гісторыі і антрапалогіі будзённасці, у тым ліку і часу ваеннага, і часу паваеннага, мы вядзём, але “прадметы побыту” чамусь фактычна не прымаюцца… Шкада… Але… Магчыма, менавіта з вертлюжка, які належыў Васілю Прыходзьку, і пачнецца нашая антрапалагічная калекцыя…