CA / 2021 / Мікола Крывальцэвіч. Мохаў-IV і перспектыва вылучэння асобнага тыпу паселішчаў сярэднедняпроўскай культуры на Верхнім Падняпроўі

МIKOЛA КPIBAЛЬЦЭВІЧ

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

 

Мохаў-IV і перспектыва вылучэння асобнага тыпу паселішчаў сярэднедняпроўскай культуры на Верхнім Падняпроўі

 

(Крывальцэвіч, М. Мохаў-IV і перспектыва вылучэння асобнага тыпу паселішчаў сярэднедняпроўскай культуры на Верхнім Падняпроўі [Электронный ресурс] / М. Крывальцэвіч // Культура & Антрапалогія — 2021. — Рэжым доступу : http://loyev.museum.by/be/node/53558. — Дата доступу : 23.01.2021)

 

Уступ

Многія даследчыкі пагаджаліся з тым, што для тэрыторыі Верхняга Падняпроўя неабходна вылучаць асобную групу помнікаў сярэднедняпроўскай культуры (СК), якая адрозніваецца ў першую чаргу ад аднакультурных паселішчаў і пахаванняў басейна Сярэдняга Дняпра (Пассек 1947; Артеменко 1967: 107–108; Березанская 1971; Бондарь 1974: 168–169). Асноўная катэгорыя старажытнасцяў Верхняга Падняпроўя, на падставе якіх характарызавалася агламерацыя помнікаў СК, — курганныя і бескурганныя могільнікі (Артеменко 1967; Крывальцэвіч 2004; 2006; 2011; Krywalcewicz 2007). У 1960–1970-ыя гады І.І. Арцёменка прапанаваў першую сістэматызацыю матэрыялаў СК для вядомых на той час паселішчаў Верхняга Падняпроўя (Артеменко 1962: 64–73; 1967: 65–72; 1977). І.М. Язэпенка на эмпірычным узроўні абагульніў матэрыялы сваіх раскопак з паселішчаў Рагачоўскага Падняпроўя (Язэпенка 2014 : 39–48). У 1959 годзе І.І. Арцёменка вывучаў раскопкамі паселішча Ксяндзова Гара, што каля Быхава на Дняпры (Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці). Ксяндзова Гара, паводле яго заключэння, была на той час адзіным аднаслойным і аднакультурным паселішчам СК на Верхнім Падняпроўі (Артеменко 1962: 64–70; 1967 : 66–70).

Мохаў-IV — яшчэ адно паселішча з “чыстым” комплексам СК на Верхнім Дняпры, якое аўтар артыкула даследаваў раскопкамі ў 2004–2006, 2008 гадах (Крывальцэвіч 2007). Вывучэнне Мохава-IV дазваляе не толькі істотна пашырыць крыніцазнаўчую базу па паселішчах СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, але і вымушае звярнуць увагу на праблему культурна-храналагічнай таксаноміі згаданай катэгорыі матэрыялаў, а таксама акрэсліць перспектыву вылучэння помнікаў тыпу Мохаў-IV.

Мал. 1. Карта паселішчаў з матэрыяламі сярэднедняпроўскай культуры тыпу Мохаў-IV на Верхнім Падняпроўі: 1 — Мохаў-IV; 2 — Ксяндзова Гара; 3 — Мохаў-IІІА; 4 — Бывалькі; 5 — Шчытцы; 6 — Старое Сяло; 7 — Мохаў-“Першае Мохаўскае гарадзішча”; 8 — Прорва-4

І. Мохаў-IV: характарыстыка крыніц

І.1. Гісторыя адкрыцця і даследавання помніка, яго лакалізацыя

У адной са сваіх прац Л.Д. Побаль паведамляў пра адкрыццё ў 1956 годзе каля вёскі Мохаў (Лоеўскі раён, Гомельская вобласць) ва ўрочышчы “Шолахаў Кут” керамікі мілаградскай культуры, а ў выніку разведак 1975 года — фрагментаў посуду бронзавага веку. Даследчык, звяртаючы ўвагу на абасобленасць гары і на прысутнасць мілаградскай керамікі, называў помнік “Трэцім Мохаўскім гарадзішчам” (Поболь 1983: 265). Пазней, у 2004 годзе, у выніку маіх археалагічных разведак згаданае месцазнаходжанне атрымала абазначэнне “Мохаў‑IV” (Крывальцэвіч 2007).

Раскопкі Мохава-IV праводзіліся пад маім кіраўніцтвам у 2004–2006, 2008 гадах. Плошча раскопаў і шурфоў — 360 кв.м. Помнік знаходзіцца за 0,9 км на паўночны ўсход ад вёскі Мохаў, ва ўрочышчы “Шолахава Гара” на высокім мысападобным выступе карэннага правага берага ракі Днепр (мал. 1, 2). Вышыня гары над узроўнем нізкай поймы каля 14–15 м. Культурныя адклады адзначаліся на параўнальна роўнай пляцоўцы ўзвышша памерамі каля 100×65 м, а таксама на апоўзні ўсходняга схілу.

Мал. 2. Выгляд помнікаў сярэднедняпроўскай культуры Мохаў-IV, Мохаў-IІІА і Мохаў-IІІ з поймы Дняпра (з паўночнага ўсходу). Фотаздымак аўтара. 2008 г.

І.2. Крыніцы і іх асаблівасці

На помніку вылучаюцца толькі два асноўныя комплексы археалагічных матэрыялаў — сярэднедняпроўскай і мілаградскай культур. Шэра-глебавы пласт на гары дасягаў магутнасці 20–25 см, а ніжэй яго, да ўзроўню 40–50 см прасочваўся бялёсы дробна-зярністы пясок, які падсцілаўся жвірова-пясчаным “мацерыковым” пластом. Культурныя адклады і СК, і мілаградскай культур залягалі ў межах ніжняга ўзроўню шэрай глебы і ў бялёсым дробна-зярністым пяску. Самая вялікая колькасць знаходак адзначалася на глыбіні 20–30 см ад сучаснай дзённай паверхні. Сляды асобных невялікіх ям і адклады матэрыялаў СК былі парушаныя шматлікімі аб’ектамі мілаградскага часу і пазнейшых перыядаў.

Артэфактны комплекс СК складаўся з керамікі, крамянёвых вырабаў і крамянёвай сыравіны. Знаходкі часта згрувашчваліся на пэўных участках даследаванай плошчы — выяўляліся развалы гаршкоў, месцы канцэнтрацыі керамікі і крамянёвых вырабаў.

І.2.1. Кераміка

Кераміка — асноўны матэрыял артэфактнага комплексу СК на помніку. Вылучаецца 1921 фрагмент прыблізна ад 106–110 пасудзін (мал. 3–8). Кераміка захавалася ў параўнальна дробных фрагментах, а таму ўдалося рэканструяваць невялікую колькасць амаль поўных форм. Сярод іх вылучаюцца буйных памераў нізкія і шыракагорлыя гаршкі, з прамымі і адхіленымі вонкі шыйкамі, з акруглымі тулавамі і з маленькімі плоскімі альбо акруглымі днамі (мал. 6: 1, 3; 7: 2). Дыяметры венцаў (R1) дасягалі 32–39 см, аснавання шыек (R2) — 27–34 см, тулаваў (R3) — 30–35 см. Іншыя гаршкі былі крыху вузей: R1 — 30 см, R2 — 27 см, R3 — 29 см (мал. 6: 4); R1 — 20 см, R2 — 18 см, R3 — 21 см, вышыня шыйкі — 7 см (мал. 7: 1); R1 — 24 см, R2 — 22 см, R3 — 30 см (мал. 6: 2).

Мікрамарфалогія керамікі характарызуецца вылучэннем асноўных груп шыек, венцаў, донных частак (мал. 3). Шыйкі групы А — высокія прамыя (вышыня 5,5–6,5 см), адхіленыя вонкі. У залежнасці ад формы профіля дзеляцца на тры падгрупы: А1 — з “каўнерыкам”; А2 — з паглыбленнем пры пераходзе ад аснавання шыйкі да плечукоў; А3 — без “каўнерыка” і абазначанага паглыблення. Шыйкі групы Б — высокія (Б1, Б2) і нізкія (Б3, Б4), прамыя адхіленыя (Б1, Б2, Б3) і без адхілення (Б4). Вышыня высокіх — 5,5–7 см, нізкіх — 4,5–5 см. Шыйкі групы В — выгнутыя высокія з плаўным пераходам у плечукі. Шыйкі групы Г — іншыя адзінкавыя віды, сярод якіх можна адзначыць шыйку з валікавым патаўшчэннем пад краем венца (Г1), кароткую выгнутую (Г2) і кароткую выгнутую з патаўшчэннем пад унутраным краем венца (Г3; мал. 3: І, ІІ). Венцы гаршкоў па форме іх края дзеляцца на 6 груп (мал. 3: ІІІ). Кераміка на паселішчы рабілася з невялікімі плоскімі днамі (дыяметры ад 4 да 6,5 см), ужываўся таксама акругладонны посуд. Донныя часткі керамікі па форме профіля дзеляцца на групы А — Е (мал. 3: IV – VII).

Кераміка паселішча вылучаецца насычаным і адмысловым арнаментальным аздабленнем. Адзначаюцца наступныя групы элементаў арнаментацыі: шнуравыя (А), “вусеневыя” (Б), лінейныя штампы (В), наколы (Г), валікападобныя аздабленні (Д; мал. 5, 6). “Вусеневыя” арнаменты дзеляцца на падгрупы: “вусеневыя” разрэджаныя (Ба), “морквіны” (Бб), простыя “вусеневыя” (Бв).

Асноўны арнаментальны элемент — шнуравы. У Мохаве-IV ён прасочваецца на 44,8 % фрагментаў керамікі (мал. 4; 6: 1–3; 7: 1–6; 8: 1, 5, 7). Радзей ужываўся “вусеневы” арнамент (25,4%; мал. 5: Ба1 – Бв4; 6: 4; 8: 2). На невялікай колькасці фрагментаў адзначаліся: “лінейны штамп” (1,3 %; мал. 5: В1–В7; 8: 3, 4), наколы (0,1 %; мал. 5: Г1 – Г4), валікападобныя аздабленні (0,1 %). Шнуры пакідалі на паверхні адбіткі шырынёй 2–4 мм, а на трох фрагментах — 5 мм. Адна з асаблівасцяў керамічнага комплексу ў Мохаве-IV — ужыванне на адной пасудзіне толькі аднаго віда арнаментальнага элемента (напрыклад, толькі шнуравога, альбо толькі “вусеневага” арнамента і г.д.). Не назіраецца камбінаванне двух і болей відаў элементаў на паверхні аднаго гаршка. Заўважаецца таксама, што сярод ўжываных кароткіх, прадаўгаватых і суцэльных шнуравых адбіткаў, панавалі два першыя віды. Суцэльныя адбіткі ў адну ці некалькі ліній, як правіла, уваходзілі ў сістэму іншых шнуравых арнаментальных матываў, за выключэннем толькі аднаго выпадку (матыў А13; (мал. 7: 2), не ўжываліся у якасці аўтаномнага сюжэта. Адметным з’яўляецца і той факт, што часта сустракаліся вельмі кароткія шнуравыя адбіткі, якія складаліся з двух – чатырох слядоў ад віткоў шнура.

Арнаментальныя матывы на кераміцы дзеляцца на чатыры групы ў залежнасці ад выкарыстанага элемента аздаблення. Для кожнай з чатырох груп вылучаюцца адпаведныя матывы. Шнуравымі арнаментальнымі элементамі (група А) утваралася 23 падгрупы матываў (А1 – А23; мал. 4). “Вусеневымі” адбіткамі (Ба, Бб, Бв) утвараліся падгрупы матываў: Ба1 – Ба6; Бб1 – Бб3; Бв1 – Бв4 (мал. 5). Адзначаюцца падгрупы В1 – В7 з лінейнымі штампамі (В; мал. 5), а таксама падгрупы Г1 – Г4 з рознымі відамі наколаў (Г; мал. 5).

Шнуравыя арнаментальныя матывы вылучаюцца вялікай разнастайнасцю, спалучэннем на адной пасудзіне некалькіх груп са складанымі дэкаратыўнымі малюнкамі, з захаваннем кампазіцыйнай сіметрыі і рытмікі. Зразумела, што ў многіх выпадках нанясенне такіх кампазіцый магло адбывацца з выкарыстаннем зараней падрыхтаваных клішэ — плеценых і вязаных стужак, макрамэ (параўн., напрыклад: Burdo, Kotova, Videiko 2010: 122–134).

Паверхня большасці гаршкоў, у тым ліку на днах, пакрывалася суцэльным арнаментальным аздабленнем. У некаторых выпадках арнаментаванне заходзіла на тарэц венца (мал. 6: 4; 7: 2). На 28,3 % фрагментаў керамікі не было слядоў нанесенага арнамента. Яшчэ адна характэрная дэталь арнаментавання посуду — трохзанальная кампазіцыя, якая складалася з абасобленых зон аздаблення венца-шыйкі, тулава і доннай часткі (мал. 6: 1, 3; 7: 2). Заўважаецца, што сярэдняя зона, як і на кераміцы ўсходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры, — ад плечукоў да максімальнага пашырэння тулава альбо прыдоннай часткі — часта ўпрыгожвалася дыяганальна скіраванымі матывамі (мал. 6: 1, 3; 7: 2–4, 6; 8: 4). Асобным матывам — раўком з глыбока ўціснутых адбіткаў — рэльефна аддзялалася шыйка ад плечукоў гаршка (мал. 6; 7: 2; 8: 2, 3). Вельмі часта такі равок ствараў ўражанне наўмыснага вылучэння “каўнерыка” на шыйцы.

Кераміку СК з Мохава-IV можна ўмоўна падзяліць на дзве тэхналагічныя групы. Пры вырабе першай групы — 1689 фрагментаў (87,9 %) болей чым ад 90 гаршкоў — у якасці штучных дамешак да гліны ўжываўся шамот і напэўна мог дадавацца пясок. Знешняя паверхня на такіх гаршках была гладкая альбо з малазаўважнымі слядамі прыцірання. Унутраная паверхня таксама загладжвалася альбо, што адзначалася на 692 фрагментах, рэльефна прыціралася. Таўшчыня сценак вагалася ў межах 0,5–0,7 см, а ў асобных выпадках — 0,9–1,1 см. Другая нешматлікая група керамікі — 232 фрагменты (12,1 %) болей чым ад 10 гаршкоў — рабілася з дамешкамі дробнай жарствы і напэўна пяску. На асобных участках знешняй паверхні назіраліся сляды лёгкага рэльефнага прыцірання. Глыбокім рэльефным прыціраннем апрацоўвалася ўнутраная паверхня гаршкоў. Таўшчыня сценак — 0,5–0,8 см. І ў першай, і ў другой тэхналагічных групах назіраліся некаторыя адрозненні ў апрацоўцы знешняй паверхні керамікі з разрэджаным “вусеневым” арнаментам. У прыватнасці, не выключана, такая кераміка ангабавалася вадкай глінай, а затым аздаблялася арнаментам.

Мал. 3. Мохаў-IV. Тыпалогія мікрамарфалагічных кампанентаў керамікі сярэднедняпроўскай культуры: I, II — групы і падгрупы шыек; III — групы венцаў; IV – VII — групы і падгрупы донных частак. Малюнкі аўтара

Мал. 4. Мохаў-IV. Тыпалогія матываў шнуравых арнаментаў на кераміцы сярэднедняпроўскай культуры. Малюнкі аўтара

Мал. 5. Мохаў-IV. Тыпалогія матываў “вусеневых” арнаментаў (Б), лінейных штампаў (В), наколаў (Г) на кераміцы сярэднедняпроўскай культуры. Малюнкі аўтара

Мал. 6. Мохаў-IV. Рэканструкцыя керамікі сярэднедняпроўскай культуры. Рэканструкцыя і малюнкі аўтара

Мал. 7. Мохаў-IV. Рэканструкцыя керамікі сярэднедняпроўскай культуры. Рэканструкцыя і малюнкі аўтара

Мал. 8. Мохаў-IV. Рэканструкцыя керамікі сярэднедняпроўскай культуры. Рэканструкцыя і малюнкі аўтара

 

І.2.2. Крамянёвая вытворчасць

У Мохаве-IV знойдзена 536 крамянёвых артэфактаў. Іх тэхналагічны, марфалагічны і планіграфічны аналіз, культурна-храналагічную ідэнтыфікацыю здзейсніла А.У. Зуева (Вайтовіч) (Зуева 2014: 96–119). Паводле яе заключэння, да фінальнаму палеаліту ранняга мезаліту адносіцца толькі дзве знаходкі — асіметрычна-чаранковы наканечнік стралы з бакавой выемкай і рэтушаваная медыяльная частка пласціны. У іншым крамянёвым інвентары (другі комплекс; мал. 9) прасочваецца шмат агульных рыс і тэхналагічных азнак, характэрных для вырабаў з пахаванняў СК, аднакультурнага паселішча СК Ксяндзова Гара, а таксама для крамянёвай вытворчасці кола культуры шнуравой керамікі (Зуева 2014: 103–105). Ніжэй прыводзяцца высновы А.У. Зуевай, якія дазваляюць ахарактарызаваць крамянёвы інвентар другога комплексу на помніку.

Асноўная колькасць крамянёвых знаходак залягала на тых участках раскопаў, дзе сустракалася шмат фрагментаў керамікі СК. У якасці сыравіны выкарыстоўваўся мясцовы так званы “сожскі” крэмень. Тры знаходкі зроблены з балтыйскага (паўночна-ўсходняга) крэйдавага крэменю, чатыры — з іншых тыпаў крамянёвай сыравіны, трынаццаць з крамяністых парод светла-шэрага колеру. У культурным пласце помніка залягалі неапрацаваныя цэлыя канкрэцыі і фрагменты канкрэцый сожскага марэннага крэменю (81 экз.) і крамяністых парод (31 экз.). Сярод іншых знаходак — крамянёвыя абломкі (95 экз.). У калекцыі вылучаецца 8 нуклеусаў (двух- і аднапляцовачныя, шматпляцовачныя; мал. 9: 17, 18), 9 нуклеусападобных абломкаў і крамянёвых абломкаў з негатывамі адзінкавых сколаў. Вялікая колькасць крамянёвых артэфактаў адносіцца да катэгорыі прадуктаў дэбітажа: пласцін і іх фрагментаў (55 экз.); адшчэпаў і іх фрагментаў (119 экз.); невызначаных фрагментаў сколаў (39 экз.). На помніку налічваецца 20 экзэмпляраў тэхналагічна вызначаных форм (сколаў).

Акрамя знаходак сыравіннай групы і прадуктаў першаснай апрацоўкі ў калекцыі Мохава-IV прысутнічаюць артэфакты з другаснай апрацоўкай: скрабкі (18 экз.) на пласцінах, на адшчэпах, на сколах (мал. 9: 4–8); праколкі (4 экз.) на пласцінах і адшчэпах (мал. 9: 2, 3, 12); трапецыя на адшчэпе, апрацаваная дробнай паўстромай і струменістай рэтушшу (мал. 9: 1); прылада з выемкамі; скрэблы (2 экз.; мал. 9: 16); крэсіва-рэтушор, апрацаваны буйнымі сколамі, са спрацаванай, закругленай і запаліраванай працоўнай часткай (мал. 9: 9); пласціна са скошаным рэтушшу канцом; пласціны з рэтушшу (13 экз.; мал. 9: 11, 13, 14); адшчэпы з рэтушшу (23 экз.; мал. 9: 10, 15); натуральныя крамянёвыя абломкі з рэтушшу (8 экз.). Для 5 абломкаў крамянёвых артэфактаў не ўдалося вызначыць катэгорыю вырабаў з другаснай апрацоўкай.

Для апрацоўкі крамянёвых артэфактаў Мохава-IV выкарыстоваліся наступныя віды рэтушы: дробная стромая, дробная і сярэдняя паўстромая, буйная шырокая плоская, пільчатая і струменістая (Зуева 2014: 105).

Паводле заключэння А.У. Зуевай, другі комплекс крамянёвых знаходак на Мохаве-IV адпавядае вядомым на сёння характарыстыкам СК, кола культуры шнуравой керамікі, што ўстанаўліваецца на падставе параўнальна-тыпалагічнага аналізу асноўных тэхналагічных і метрычных азнак боль- шасці артэфактаў, а таксама па аналогіі з вырабамі, якія сустракаліся ў закрытых і аднакультурных комплексах. Да сходных паказнікаў адносяцца наступныя тэхналогіі расшчаплення крэменю: метрычныя параметры пласцін; характар і памер ударнай пляцоўкі нарыхтовак, характар падрыхтоўкі зоны расшчаплення; выкарыстанне аднапляцовачных нуклеусаў для атрымання пласцін з наступнай падрыхтоўкай і падпраўкай ударнай пляцоўкі і паверхні сколвання; выраб прыладаў праз “захаванне асновы” (афармленне-патанчэнне біфаса). У комплексах СК і кола культуры шнуравой керамікі адзначаюцца наступныя аналогіі вырабам з другаснай апрацоўкай: скрабкі; пласціна са скошаным рэтушшу канцом; прылада з выемкамі на шырокім адшчэпе; праколкі; трапецыя; крэсіва-рэтушор (Зуева 2014: 103–105). Як і ў Мохаве-IV, на многіх іншых паселішчах СК скрабкі — адна з самых шматлікіх катэгорый крамянёвых вырабаў (Зуева 2014: 99–100, 105; параўн. таксама: Артеменко 1962:67; 1967:40, 68).

Неабходна адзначыць некаторыя спецыфічныя асаблівасці крамянёвай калекцыі Мохава-IV, на якія звярнула ўвагу А.У. Зуева. У прыватнасці, на помніку адсутнічалі нуклеусы для пласцін, але ёсць шмат пласцін і сколаў, якія атрымлівалі ў выніку эксплуатацыі такога тыпу нуклеусаў. Адно з верагодных тлумачэнняў выяўленай сітуацыі — на даследаванай плошчы помніка здзяйснялася расш чапленне крэменю, але спрацаваныя нуклеусы выносіліся за межы зоны расшчаплення. Устаноўлена яшчэ адна цікавая акалічнасць — нарыхтоўкі з прывазной крамянёвай сыравіны і крамяністых парод не выраблялі на даследаваных участках помніка. У складзе калекцыі Мохава-IV ёсць крэсіва-рэтушор. Крамянёвыя прыстасаванні такога тыпу сустракаліся сярод інвентару некаторых пахаванняў СК і якому, верагодна, у пахавальным кантэксце надавалася сакральна-сімвалічнае значэнне (параўн. таксама: Budziszewski, Tunia 2000: 127–130).

Мал. 9. Мохаў-IV. Выбарка крамянёвых вырабаў сярэднедняпроўскай культуры. Малюнкі А.У. Зуевай

 

ІІ. Культурная ідэнтычнасць, таксаномія і храналогія матэрыялаў паселішча Мохаў-IV

Меркаванне пра пасяленцкі характар помніка, не гледзячы на адсутнасць альбо панішчанасць слядоў жылых і гаспадарчых аб’ектаў, вынікае з планіграфіі і рэчавага набору, а менавіта: ужыванне вялікіх па памерах гаршкоў; канцэнтрацыя іх на пэўных участках узвышша; наменклатура крамянёвых артэфактаў, якія сведчаць пра апрацоўку на гэтым месцы крэменю і адпаведнае гаспадарчае прызначэнне асноўных катэгорый вырабаў. Акрамя таго, адказ на пытанне ў функцыянальным выкарыстанні мохаўскай керамікі мае сэнс шукаць у адпаведнасцях з так званым “кухонным” посудам паселішча Ксяндзова Гара. У Ксяндзовай Гары кераміка і іншыя знаходкі былі непасрэдна звязаныя са слядамі жылых і гаспадарчых аб’ектаў (Артеменко 1962).

Разгляд праблемы культурнай ідэнтычнасці і таксаноміі матэрыялаў Мохава-IV неабходна пачаць з пошукаў адпаведнасці сярод помнікаў СК і ў першую чаргу паселішча Ксяндзова Гара (мал. 1; 10: 1–15). У Мохаве-IV назіраецца адна з характэрных для СК асаблівасцяў ў марфалогіі керамікі — ужыванне акругладонных гаршкоў з прымымі адхіленымі вонкі шыйкамі. На кераміцы Мохава-IV прысутнічае самы распаўсюджаны і характэрны для СК арнамент — “паркетны” матыў. У Мохаве-IV ён выконваўся шнуравымі адбіткамі (матывы А14, 18; мал. 6: 2; 7: 1). Для Мохава-IV, як і для іншых пасяленцкіх комплексаў СК, адзначаецца частае ўжыванне шнуравых і “вусеневых” арнаментаў. Пры параўнанні керамікі Мохава-IV і аднакультурнага паселішча на Ксяндзовай Гары шмат аналогій прасочваецца толькі ў першай групе керамікі — так званым “кухонным” посудзе (мал. 10: 2, 4–7, 13, 15). У Мохаве-IV, як і на паселішчы Ксяндзова Гара, аснову керамічнага комплексу складаюць гаршкі вялікіх памераў з суцэльным аздабленнем шнуравымі і “вусеневымі” арнаментамі па ўсёй вонкавай паверхні, з параўнальна высокімі, прамымі, адхіленымі вонкі шыйкамі, вузкімі плоскімі, а таксама акруглымі днамі. Дадам, што “кухоннага” посуду няма ў складзе інвентару пахаванняў СК. Не гледзячы на параўнальна вялікі аб’ём калекцыі, у Мохаве-IV адсутнічае посуд з арнаментам, які ўтвараўся пракрэсленымі лініямі, вельмі мала керамікі з “лінейнымі штампамі” (1,3 %) і, што самае галоўнае, практычна адсутнічае так званая “сталовая” кераміка другой і часткова трэцяй груп (паводле тэрміналогіі і тыпалогіі І.І. Арцёменкі). Нагадаю, што “сталовая” кераміка ў невялікай колькасці сустракалася ў культурных пластах паселішчаў СК (мал. 10: 1, 8–12) і, як правіла, актыўна выкарыстоўвалася ў якасці суправаджальнага інвентару ў курганных і бескурганных могільніках. “Сталовая” кераміка часта аздаблялася пракрэсленымі “паркетнымі”, зрэдку шнуравымі “паркетнымі” арнаментамі, у тым ліку ў спалучэнні з шнуравымі і “вусеневымі” адбіткамі. У параўнанні з іншымі паселішчамі СК Верхняга Падняпроўя, у тым ліку часткова з Ксяндзовай Гарой, комплекс Мохава-IV вылучаецца наступнымі асаблівасцямі:

  • аснову керамічнага комплексу складае так званы “кухонны” посуд вялікіх памераў;
  • практычна адсутнічае так званая “сталовая” кераміка, якая сустракаецца на іншых паселішчах і адначасова з’яўляецца складнікам пахавальнага інвентару;
  • асноўнае значэнне ў аздабленні керамікі належыць шнуравым арнаментам, сярод якіх пераважалі элементы ў выглядзе кароткіх шнуравых адбіткаў;
  • адсутнічае кераміка, аздобленая пракрэсленымі лініямі і рыскамі, у тым ліку пракрэсленымі “паркетнымі” матывамі;
  • уся аздабленчая кампазіцыя гаршка будавалася на выкарыстанні толькі аднаго віду арнаментальнага элемента (напрыклад, толькі шнуравых, альбо толькі “вусеневых” арнаментаў і г.д.), не назіралася выпадкаў камбінавання двух і болей відаў элементаў на паверхні адной пасудзіны, як тое часта прасочвалася на кераміцы многіх іншых помнікаў СК;
  • пры вырабе керамікі галоўнае значэнне належала шамотным дамешкам да гліны (у спалучэнні з пяском?), знешняя паверхня загладжвалася альбо апрацоўвалася малазаўважным прыціраннем, унутраная паверхня была гладкая альбо рэльефна прыціралася.

Неабходна таксама дадаць, што месца размяшчэння Мохава-IV — параўнальна высокая гара са стромымі схіламі, аддзеленая вадой і ярамі ад іншых участкаў мясцовага берагавога рэльефа (мал. 2). Нездарма “Шолахава Гара” стане пазней, у эпоху жалеза, месцам “Трэцяга Мохаўскага гарадзішча” мілаградскай культуры. З іншага боку, як гэта не дзіўна, ўзвышша не засялялася ў папярэдні неалітычны перыяд, як тое адзначалася амаль на ўсіх вядомых верхнедняпроўскіх паселішчах СК. Аналізуючы тапаграфію паселішча СК Мохаў-IV, нельга не заўважыць, што яго жыхары, акрамя ўсяго іншага, маглі кіравацца патрэбамі бяспекі, гэта значыць сяліліся на гары, якая была прыстасаваная для ўкрыцця і займала выгаднае стратэгічнае становішча. У сувязі з апошнім меркаваннем неабходна звярнуць увагу на яшчэ адну акалічнасць, а менавіта на істотныя адрозненні ў складзе артэфактнага комплексу Мохава-IV і суседніх помнікаў з матэрыяламі СК, якія вывучаліся мной побач, на іншых участках карэннага берага — Мохаў-ІІІ, ІІІА (мал. 2). Калі ў Мохаве-ІІІ сярод керамікі СК не было посуду ідэнтычнага Мохаву-IV, то у складзе артэфактнага комплексу Мохава-ІІІА такая кераміка зрэдку сустракалася (мал. 10: 19) разам з фрагментамі “сталовага” посуду.

Мал. 10. Кераміка сярэднедняпроўскай культуры з паселішча Ксяндзова Гара (1–15) (паводле: Артеменко 1962). Кераміка тыпу Мохава-IV з помнікаў: 16 — Мохаў-“Першае Мохаўскае гарадзішча”; 17, 18 — Бывалькі – Шоламава Гара; 19 — Мохаў-ІІІА. Малюнкі аўтара

Такім чынам, звяртаючы ўвагу на пералічаныя вышэй адметнасці і спецыфіку Мохава-IV, узнікае перспектыва вылучэння згаданага комплексу ў асобны тып паселішчаў СК на Верхнім Падняпроўі (мал. 1). Кераміка тыпу Мохава-IV, як ужо згадвалася вышэй, прысутнічае на паселішчы Ксяндзова Гара і складае пэўную частку ў артэфактным комплексе гэтага помніка (мал. 10: 2, 4–7, 13, 15). Адзінкавыя фрагменты альбо невялікія па колькасці наборы керамікі з характэрнымі для Мохава- IV адметнасцямі ёсць у складзе некаторых іншых паселішчаў СК Верхняга Падняпроўя. У прыватнасці да іх можна аднесці: Бывалькі – Шоламава Гара (мал. 10: 17, 18) і Шчытцы (Лоеўскі раён Гомельскай вобласці; матэрыялы збораў А.М. Сінілы і аўтара, якія захоўваюцца ў археалагічных фондах Інстытута гісторыі НАН Беларусі); Старое Сяло (урочышча “Гарадок”; Веткаўскі раён Гомельскай вобласці; матэрыялы раскопак А.І. Драбышэўскага, якія захоўваюцца ў фондах Веткаўскага музея народнай творчасці; Дробышевский 2015, рис. 5: 23, 26, 32, 33; 6: 8, 14); Мохаў-“Першае Мохаўскае гарадзішча” (мал. 10: 16; матэрыялы раскопак 1955–1956 гадоў В.М. Мельнікоўскай з археалагічных фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля); Мохаў-ІІІА (мал. 10: 19; матэрыялы раскопак аўтара ў 2004, 2006, 2008, 2009 гадах); Прорва-4 (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці; Язэпенка 2014, мал. 128: 3–6). У агульных сваіх рысах кераміка тыпу Мохава-IV нагадвае посуд з паселішчаў СК на тэрыторыі Сярэдняга Падняпроўя. У першую чаргу гэта адносіцца да керамікі з паселішчаў Сярэдняга Падняпроўя, якую М.М. Бондар вылучыў у І групу (Бондарь 1974). Дарэчы, менавіта ў гэтай кераміцы — “кухоннай” кераміцы І групы — некаторыя даследчыкі бачылі вельмі шмат аналогій з інгульскай, харкаўска-варонежскай, позняй данецкай катакомбнымі культурамі (Bunyatyan, Samolyuk 2009: 261–262). Падабенства керамікі Мохава і паселішчаў Сярэдняга Падняпроўя назіраецца ў марфалагічнай і арнаментальнай стылістыцы: асноўны тып посуду — гаршкі вялікіх памераў, у тым ліку з акруглымі тулавамі, высокімі прамымі і адагнутымі вонкі шыйкамі, вузкімі плоскімі днамі; ужыванне акругладоннай керамікі з прамымі шыйкамі; распаўсюджанне керамікі з “каўнерыкамі”; аздабленне посуду шнуравымі і “вусеневымі” арнаментамі, у тым ліку некаторымі ідэнтычнымі матывамі; частка гаршкоў пакрывалася арнаментам па ўсёй паверхні, у тым ліку на днах; на многіх помніках у аздабленні керамікі рэдка ўжываўся “лінейны штамп” і г.д. Яшчэ больш рысаў стылістычнага падабенства заўважаецца пры параўнанні керамікі Мохава-IV і паселішчаў кіеўска-дзяснінскай групы СК, у тым ліку помнікаў тыпу Бортнікі. Апошнія вылучаліся посудам вялікіх памераў з параўнальна высокімі прамымі гаралавінамі і перавагай разнастайнага шнуравога аздаблення. Паселішчы размяшчаліся на мысах стромых тэрас, на высокіх пойменных узвышшах (Бондарь 1974: 112–116, 168–169).

У дачыненні да помнікаў тыпу Бортнікі, а таксама да некаторых іншых груп паселішчаў Сярэдняга Падняпроўя (напрыклад, паселішчаў тыпу Іскаўшчына), на працягу доўгага часу вядзецца дыскусія пра ролю ямна-катакомбных культур у працэссе іх узнікнення і развіцця (Березанська 1961; Артеменко 1967; 1977; Бондарь 1974; Bunyatyan, Samolyuk 2009: 261–263 і інш.). Нягледзячы на розныя з гэтай нагоды выніковыя заключэнні, амаль усе яе ўдзельнікі прызнаюць факт прысутнасці шматлікіх элементаў і кампанентаў ямна-катакомбных культур у мясцовых пасяленцкіх комплексах, а таксама адзначаюць асобныя ямна-катакомбныя традыцыі ў курганнай пахавальнай абраднасці носьбітаў СК на тэрыторыі Сярэдняга Падняпроўя. Дапускаецца верагоднасць суіснавання ямна-катакомбных старажытнасцяў і помнікаў, у культурным змесце якіх дамінавалі азнакі, характэрныя для СК. Дадам у сувязі з гэтым, што элементы, генетычныя вытокі якіх неабходна шукаць менавіта ў ямна-катакомбных культурах, — адзін з істотных складнікаў пахавальнай абраднасці носьбітаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя (Крывальцэвіч 2006; 2011; Krywalcewicz 2007).

Варта пагадзіцца з тым, што комплекс матэрыялаў Мохава-IV, у якім бяспрэчна прысутнічаюць стылістычныя рысы, характэрныя для паселішчаў Сярэдняга Падняпроўя, нясе ў сабе ямна-катакомбныя культурныя элементы. З гэтай нагоды неабходна звярнуць таксама ўвагу на адмысловы мастацкі стыль так званага катакомбнага “барока”, які праявіўся ў тым ліку і ў аздабленні керамікі. Кампазіцыйнай асновай катакомбнага “барока” былі матывы з удзелам шнуравых закругленых арнаментаў, канцэнтрычных кругоў, спіралей, петлепадобных адбіткаў, дуг і закругленых меандраў. Паводле С.М. Братчанкі, згаданы арнаментальны стыль пачаў з’яўляцца на заключным этапе сярэдняга перыяду і распаўсюджваўся ў позні катакомбны перыяд на прасторах ад правабярэжжа Волгі да Паўднёвага Буга (Братченко 2007: 103–109). Стылістыцы катакомбнага “барока” ў Мохаве-IV адпавядаюць некаторыя шнуравыя пяцельчатыя і пяцельчата-кроквістыя арнаментальныя матывы — А7, А11, А17, А20, А21 (мал. 4). У ямна-катакомбных культурах неабходна шукаць вытокі і некаторых іншых шнуравых і “вусеневых” арнаментальных матываў, якія знойдзены на кераміцы Мохава-IV: “паркетныя” (А18); косасеткавыя (А16); матывы з кароткіх касых адбіткаў, зігзагападобных аздабленняў і інш. Найбольш верагодна, менавіта са стэпавай традыцыяй энеаліту і ранняга-сярэдняга перыядаў бронзавага веку звязана з’яўленне ў СК гаршкоў з высокімі і прамымі шыйкамі, абазначэнне паглыбленнем пераходу ад плечукоў да шыйкі, мадэляванне адпаведных тыпаў “каўнерыкаў” на шыйцы (Крывальцэвіч 2010). Акрамя ямна-катакомбных традыцый у культурным змесце Мохава-IV выразна “чытаюцца” элементы “ляснога неаліту”, у прыватнасці ўсходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры. На кераміцы мне яны бачацца ў прысутнасці наступных паказнікаў: ужыванне шырокагорлых і вузкадонных гаршкоў вялікіх памераў, у тым ліку з добра абазначаным перагінам на тулаве; суцэльнае пакрыццё паверхні гаршкоў арнаментальнымі матывамі, а таксама выкарыстанне трохзанальнай кампазіцыі, калі арнаментальная прастора складаецца з верхняй (на венцы і шыйцы), з сярэдняй (на тулаве), з ніжняй (на прыдоннай і доннай частках) зон; злучэнне верхняй і ніжняй арнаментальных зон дыяганальна скіраванымі матывамі, якія наносіліся на сярэднюю частку гаршка (мал. 6: 1, 2; 5: 2 – 4).

На прыкладзе пахавальных, а таксама некаторых пасяленцкіх помнікаў СК з тэрыторыі Верхняга Падняпроўя даследчыкі адзначаюць элементы культуры шарападобных амфар (Szmyt 1999; Крывальцэвіч 2006; Зуева 2011). Апошнія практычна не прасочваюцца на матэрыяле Мохава-IV. Зрэшты, тэарэтычна можна дапусціць, што трансфармаванымі арнаментамі, вытокі якіх мае сэнс шукаць на “амфарнай” кераміцы, былі матывы ў выглядзе шнуравых зігзагаў (матыў А4) у спалучэнні з шнуравымі вертыкальнымі і крыжападобнымі адбіткамі (матывы А2, А3). Аднак, такія віды шнуравога аздаблення прысутнічаюць на кераміцы стэпавых і лесастэпавых культур энеаліта, ранняй і сярэдняй бронзы і маюць незалежнае мясцовае паходжанне (Burdo, Kotova, Videiko 2009: 123–134; Kotova 2010: 75–109).

Бяспрэчна, што развіццё пахавальнай абраднасці носьбітаў СК на Верхнім Падняпроўі адбывалася з удзелам культуры шнуравой керамікі. Як ужо адзначалася вышэй, у крамянёвым комплексе Мохава-IV прасочваюцца некаторыя агульныя з культурай шнуравой керамікі азнакі тэхналогіі. Толькі адзінкавыя элементы марфалогіі і арнаментальнага аздаблення дазваляюць шукаць сувязь паміж керамічным комплексам Мохава-IV і керамікай культуры шнуравой керамікі. Да найбольш паказальных “шнуравых” азнак адносяцца матывы А22, А23, А19, А13, а таксама некаторыя арнаменты, якія выконваліся лінейным шатампамі. Сярод керамікі Мохава-IV да “шнуравых” набліжаецца кубкавай формы пасудзіна з высокай гарлавінай і плаўным пераходам шыйкі да тулава (мал. 7: 1). Аднак, бадай, значэнне элементаў культуры шнуравой керамікі было малаістотным у працэсе ўзнікнення мохаўскага комплексу.

Храналогія Мохава-IV на сёняшні дзень ня можа быць пэўнай. Як ужо адзначалася вышэй, у матэрыяле Мохава-IV назіраецца шмат комплексных аналогій з Ксяндзовай Гарой. І.І. Арцёменка адносіў Ксяндзову Гару да ранніх паселішчаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя і ўключаў помнік у вылучаны ім сярэдні этап СК, які ён сінхранізаваў з заключнай фазай сафіеўскай групы позняга Трыполля, з валынскай групай культуры шарападобных амфар, помнікамі кола культуры шнуравой керамікі, раннімі комплексамі прыкарпацкага эпішнуравога культурнага кола і некаторымі іншымі культурамі. І.І. Арцёменка датаваў вылучаны ім сярэдні этап СК, паводле некалібраванай храналогіі, XXIV – XVIII стагоддзямі да н.э. (Артеменко 1987: 39–41). М.М. Бондар, услед за І.І. Арцёменкам, прытрымліваўся думкі пра з’яўленне паселішчаў СК на Сярэднім Падняпроўі на этапе пасля позняга Трыполля і іх знікненне ў часе распаўсюджання культуры шматвалікавай керамікі (культурнага кола Бабіна; Бондарь 1974: 157–160).

У літаратуры неаднаразова крытыкаваліся і пераглядаліся храналагічна-перыядызацыйныя высновы І.І. Арцёменкі. У першую чаргу крытыка скіроўвалася на ідэю вылучэння ранняга перыяду СК, да якога, паводле меркавання І.І. Арцёменкі, адносіліся курганныя пахаванні з выпрастанымі касцякамі ў правабярэжных раёнах Сярэдняга Падняпроўя. З крытычнага аналізу стратыграфіі вынікае, што курганныя пахаванні з выпрастанымі і скурчанымі пахаваннямі ў пераважнай большасці сінхранізаваліся з катакомбнай культурай і эпішнуравым перыядам. І толькі на матэрыяле некаторых курганных комплексаў дапускалася верагоднасць больш ранняй храналагічнай пазіцыі скурчаных пахаванняў, якія маглі быць адначасовымі з пахаваннямі позніх “ямнікаў” (Бунятян 2005: 26–36; 2008: 7; Bunyatyan, Samolyuk 2009). Вядома таксама, што носьбіты катакомбных культур доўгі час суіснавалі з насельніцтвам ямнай культуры. Абсалютная радыявугляродная храналогія катакомбных культур вызначаецца на перыяд каля 2800–2000 да н.э. (Otroshchenko 2013: 21–23). Позні (“інгульскі этап”) катакобнай культурнай супольнасці прыходзіцца на другую палову ІІІ тыс. да н.э. Менавіта на познім этапе “катакомбнікі” апынаюцца на Падняпроўі ў рэгіёнах на захад ад Дняпра. Прыход “катакомбнікаў” на Сярэдняе Падняпроўе мог адбывацца і з поўдня, і з усходу. Прамымі сведчаннямі прысутнасці “катакомбнікаў” у сярэднедняпроўскім рэгіёне з’яўляюцца знойдзеныя тут пахаванні, а таксама, відаць, “катакомбная” кераміка ў складзе мясцовых паселішчаў (Клочко, Рычков 1989: 60–65; Bunyatyan, Samolyuk 2009: 261–263). С.Д. Лысенка, выкарыстоўваючы радыявугляродныя даты для аб’ектаў Малапалавецкага археалагічнага комплексу (Фастаўскі раён Кіеўскай вобласці), вылучыў гарызонт Малапалавецкае В з матэрыяламі СК, храналогія якога прыходзіцца на 2350–1800 да н.э. (Лысенко 2007: 342). Найбольш верагодна, зона правабярэжных і левабярэжных раёнаў Сярэдняга Падняпроўя ў другой палове ІІІ тыс. да н.э. да прыходу носьбітаў культурнага кола Бабіна была тэрыторыяй кантактаў паміж “катакомбнікамі” і носьбітамі СК.

На падставе матэрыялаў апошніх раскопак, атрыманых серый радыявугляродных дат, параў- нальна-тыпалагічнага аналізу, стратыграфіі, крытычнага аналізу даных з даследаванняў 1950–1970-ых гадоў мной распрацоўваецца новая версія храналогіі і перыядызацыі пахавальных помнікаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Вылучаюцца пахаванні двух асноўных перыядаў: А — канец першай паловы/сярэдзіны ІІІ тыс. да н.э. — каля 1900/1800 гадоў да н.э.; Б — каля 1900/1800–1700 гадоў да н.э. Перыяд А дзеліцца на этапы: Аа — канец першай паловы/сярэдзіна ІІІ тыс. да н.э. — 2300/2200 гады да н.э.; Аб — 2300/2200 – 1900/1800 гады да н.э. (Крывальцэвіч 2006; 2011).

У матэрыяле Мохава-IV прасочваюцца толькі некаторыя аналогіі з пахавальным інвентаром СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. У прыватнасці, кераміка з аналагічнымі для Мохава-IV шнуравымі “паркетнымі” матывамі (А14, А18; мал. 4; 7: 1) сустракаеца ў некаторых, прадатаваных радыявугляродным метадам, пахаваннях могільніка Прорва, якія адносяцца да этапу Аа. Гаршчок са шнуравым “паркетным” арнаментам на могільніку Рудня Шлягіна-Страліца знаходзіўся ў паха- ванні, час узнікнення якога прыходзіцца на этап Аб. З параўнання вынікае, што храналогія згаданых і некаторых іншых аналагічных арнаментальных матываў вызначаецца ў межах перыяду А існавання пахаванняў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Неабходна таксама звярнуць увагу на прысутнасць у Мохаве-IV арнаментальнага шнуравога матыва А22, А23 (мал. 4; 7: 2; 8: 1), аналогіі якому ёсць у нішавым пахаванні (аб’ект 2) кургана 1 на могільніку Hubinek-4 у Заходняй Валыні (Machnik, Bagińska, Koman 2009, ryc. 14: 2). Пахаванне адносіцца да Сакальскай групы культуры шнуравой керамікі і вылучана ў катэгорыю С, комплексы якой спалучаюць азнакі культуры шнуравой керамікі і СК, датуюцца ў межах каля 2540–2490 да н.э. (Machnik, Bagińska, Koman 2009: 230).

Такім чынам, у якасці пяпярэдняй версіі існаванне разледжанага мной комплексу СК у Мохаве-IV прыходзіцца на інтэрвал часу другой паловы ІІІ – мяжы ІІІ/ІІ тыс. да н.э. Храналогія комплексу прыпадае на вылучаны мной перыяд А у развіцці пахавальных помнікаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя.

 

Заключэнне

У выніку аналізу матэрыялаў СК з паселішча Мохаў-IV вызначаецца іх спецыфіка і адметнасць, што дазваляе акрэсліць перспектыву вылучэння комплексу ў асобны тып паселішчаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Мохаў-IV — комплекс матэрыялаў з характэрнымі для СК асаблівасцямі і з вялікім значэннем ў яго ўзнікненні традыцый ямна- катакомбных культур і мясцовага “ляснога неаліту”. Сярод іншых азнак у культурным змесце помніка прасочваюцца асобныя элементы культуры шнуравой керамікі, але, напэўна, роля апошняй у генезісе Мохава-IV была малаістотнай і малазаўважнай. Распаўсюджанне традыцый ямна-катакомбных культур на Верхняе Падняпроўе магло адбывацца ад груп насельніцтва Сярэдняга Падняпроўя.

Комплекс тыпу Мохава-IV — прыклад адной з адмысловых ліній культурнага развіцця СК на Верхнім Падняпроўі. З’яўленне Мохава-IV разгля- даецца мной у кантэксце шматлінейнага культурнага працэсу. Даследаванне могільнікаў і матэрыялаў некаторых іншых паселішчаў СК на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя дазваляе акрэсліць перспектыву вылучэння тыпаў комплексаў СК, якія ўзнікалі ў выніку сінтэзу і пры ўдзеле другіх экзагенных і эндагенных культурных традыцый, напрыклад вялікай ролі культуры шарападобных амфар, культуры шнуравой керамікі, “ляснога неаліту” і інш. (Крывальцэвіч 2006).

У якасці працоўнай версіі храналогія помніка вызначаецца у інтэрвале часу другой паловы ІІІ – мяжы ІІІ/ІІ тыс. да н.э.

 

Спіс літаратуры
 
Артеменко И.И. 1962. Поселения среднеднепровской культуры на территории Верхнего Поднепровья, “Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института архео- логии АН СССР” 88, 64–73.
Артеменко И.И. 1967. Племена Верхнего и Среднего Поднепровья в эпоху бронзы, Москва.
Артеменко И.И. 1977. Среднее и Верхнее Поднепровье в конце энеолита и в эпоху бронзы (середина ІІІ – начало ІІ тыс. до н.э.), aвтореферат диссертации на соискание ученой степени доктора исторических наук, Москва.
Артеменко И.И. 1987. Культуры раннего бронзового века южной полосы лесов европейской части СССР, (w:) Б.А. Рыбаков (red.) Эпоха бронзы лесной полосы СССР, Москва, 35–51.
Березанская С.С. 1971. О так называемом общеевропейском горизонте культуры шнуровой керамики Украины и Белоруссии, “Советская археология” 4, 36–49.
Березаньска С.С. 1961. Деякі нові дані про эпоху бронзи в північній частині Середнього Подніпров’я (За матеріаламі експедиціï “Великий Киïв” 1947–1959 рр.), “Археологія” XII, 102–118.
Бондарь Н.Н. 1974. Поселения Среднего Поднепровья эпохи ранней бронзы, Киев.
Братченко С.Н. 2007. Катакомбне “бароко” з овами та петлями в системі орнаментаціï, (w:) С.М. Санжаров (red.) Матеріали та дослідження з археологіï Східноï Украïни. Від неоліту до кіммерійців: збірник наукових праць 7, Луганськ, 103–109.
Бунятян К.П. 2005. Хронологія та періодизація поховань середньодніпровськоï культури Правобережноï Украïни, “Археологiя” 4, 26–36.
Бунятян К.П. 2008. Хронологія та періодизація середньодніпровськоï культури Правобережноï Украïни, “Археологія” 2, 3–12.
Дробышевский А.Н. 2015. Археологические исследования у д. Старое Село Ветковского района Гомельской области, (w:) Археологические исследования в Еврорегионе «Днепр» в 2013 г.: научный ежегодник, Брянск, 255–264.
Зуева А.В. 2014. К вопросу о кремневой индустрии среднеднепровской культуры (на примере материалов памят- ника Мохов-IV, (w:) Г.Н. Поплевко (red.) Материалы и исследования по археологии России и Беларуси: культурное взаимодействие древних сообществ конца VII – II тыс. до н.э. верховьев Западной Двины и Днепра (технологические и хозяйственные аспекты), Санкт-Петербург, 96–119.
Зуева А.У. 2011. Культура шарападобных амфар на тэрыторыі Беларусі і яе роля ў развіцці супольнасцяў ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. Аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук, Мінск.
Клочко В.І., Ричков М.О. 1989. Нові поховання катакомбноï культури в Середньому Подніпров’ï, “Археологія” 3, 60–65.
Крывальцэвіч М. 2007. Адкрыццё новых помнікаў ІІІ – ІІ тысячагоддзяў да н.э. ва Усходнім Палессі, “Гістарычна-археалагічны зборнік” 23, 198–200.
Крывальцэвіч М. 2011. Пахаванні сярэдзіны ІІІ – пачатку ІІ тысячагоддзяў да н.э. на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя: некаторыя вынікі структурных даследаванняў, (w:) Н. Кowalewska-Marszałek, P. Włodarczak (red.) Kurhany i obrządek pogrzebowy w IV – II tysiącleciu p.n.e., Kraków– Warszawa, 293 – 308.
Крывальцэвіч М.М. 2004. Курган сярэднедняпроўскай культуры на возеры Камарын каля Рагачова, “Гістарычна- археалагічны зборнік” 19, 34–57.
Крывальцэвіч М.М. 2006. Могільнік сярэдзіны III – пачатку II тысячагоддзяў да н.э. на Верхнім Дняпры — Прорва-1, Мінск.
Крывальцэвіч М.М. 2010. Старыя Юрковічы 1 — культурна-храналагічныя аспекты “шнуравога” комплексу, “Матэрыялы па археалогіі Беларусі” 18, 217–242.
Лысенко С.Д. 2007. Динамика развития тшцинецкого культурного круга на границе правобережной лесостепи и Полесья, (w:) Wspólnota dziedzictwa archeologicznego ziem Ukrainy i Polski, Warszawa, 341–389.
Пассек Т.С. 1947. К вопросу о среднеднепровской культуре, “Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР” 16, 34–51.
Поболь Л.Д. 1983. Археологические памятники Белоруссии: железный век, Минск.
Язэпенка І.М. 2014. Паселішчы неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы міжрэчча Бярэзіны і Дняпра, Магілёў.
 
Budziszewski J., Tunia K. 2000. A grave of the Corded Ware Culture Arrowheads Producer in Koniusza, Southern Poland. Revisited, (w:) S. Kadrow (red.) A Turning of Ages. Im wandel der zeiten. Jubilee Book Dedicated to Professor Jan Machnik on His 70th Anniversary, Kraków, 101–135.
Bunyatyan K.P., Samolyuk V. 2009. Manifestations of Middle Dnieper Culture in the Volhynia territory and the issue of ancient routes, “Baltic-Pontic Studies” 14, 252–268.
Burdo N.B., Kotova N.S., Videiko M.Y. 2010. Technological study of “cord” impressions on Middle and Late Eneolithic pottery in Ukraine, “Baltic-Pontic Studies” 15, 122–134.
Kotova N.S. 2010. The first “corded” ceramics ornamentation of Eneolithic steppe and Neolithic forest-steppe cultures, “Baltic-Pontic Studies” 15, 75–109.
Krywalcewicz M. 2007. Prorwa 1. Cmentarzysko z połowy III – początku II tysiąclecia przed Chr. na górnym Naddnieprzu, Poznań.
Machnik J., Bagińska J., Koman W. 2009. Neolityczne kurhany na Grzędzie Sokalskiej w świetle badań archeologicznych w latach 1988–2006, Kraków.
Otroshchenko V.V. 2013. The Catacomb Culture Phenomenon, “Baltic-Pontic Studies” 18, 21–38.
Szmyt M. 1999. Between West and East. People of the Globular Amphora Culture in Eastern Europe: 2960–2350 BC, “Baltic-Pontic Studies”, 8.

 

*Публікуецца са згоды аўтара па: Крывальцэвіч, М. Мохаў-IV і перспектыва вылучэння асобнага тыпу паселішчаў сярэднедняпроўскай культуры на Верхнім Падняпроўі / М. Крывальцэвіч // Vir Bimaris ; Archaeologia Bimaris. Dyskusje. — Vol. 5. — Poznań, 2019. — Р. 719–736.