CA / 2019 / Не проста Восьмага сакавіка. Выстава жывапісу Алены Войнавай-Багародзіцкай

Не проста Восьмага сакавіка. Выстава жывапісу Алены Войнавай-Багародзіцкай

Г. Сівохін

ст. навуковы супрацоўнік Музея бітвы за Днепр

(Сівохін, Г. Не проста Восьмага сакавіка. Выстава жывапісу Алены Войнавай-Багародзіцкай [Электронны рэсурс] / Генадзь Сівохін // Культура & Антрапалогія — 2019. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/46683. — Дата доступу: 05.08.2019)

У Савецкім Саюзе — асабліва ў познія часы яго існавання, — склалася дзіўная традыцыя разумення Міжнароднага жаночага дня як свята КВЕТАК, ПРЫГАЖОСЦІ, ЖАНЧЫН… Гэтым, насамрэч, абсалютна адмаўлялася і, нават, перакрэслівалася ўсё тое, дзеля чаго ад самага пачатку свята і задумвалася.

А задумвалася яно як свята салідарнасці жанчын — дый салідарнасці мужчын з жанчынамі, дарэчы, таксама, — у змаганні за роўныя правы і за справядлівасць. Вядома, дагэтуль тое пытанне не знятае…Нават у нашай краіне, дзе ў заканадаўчай практыцы дэкларуецца роўнасць усіх людзей, застаюцца вырвы ў законах, якія ствараюць “зоны”, куды не дапускаюць жанчын. Возьмем той самы спіс забароненых для жанчын работ — прыкрываючыся турботай ніхто, насамрэч, не пытаецца, ці патрэбная тая турбота самім жанчынам. Права голасу не дадзенае — вырашаецца ўсё за іх… Дый просты статыстычны аналіз паказвае, што жанчыны ў нас дагэтуль зарабляюць менш за мужчын…

Спрабуючы вярнуцца да вытокаў свята, у лоеўскім Музеі бітвы за Днепр задумалі арганізаваць цэлую чараду выставачных праектаў, звернутых да няпростых лёсаў жанчын, іх жыцця, кар’еры. І першым у гэтай серыя стала выстава жывапісу “Час анёлаў” мастачкі з расійскага Яраслаўя Алены ВОЙНАВАЙ-БАГАРОДЗІЦКАЙ.

Спадарыня Алена нарадзілася ў горадзе Кінешма ў Іванаўскай вобласці Расіі. Мае прафесійную мастацкую адукацыю: у 2001 годзе яна скончыла мастацка-графічны факультэт Кастрамскога педагагічнага інстытута імя А. Някрасава. Работала мастачкай-афармляльніцай у лялечным тэатры, педагогам у школе мастацтваў, рэстаўратаркай абразоў у Іпацеўскім кляштары і навуковай супрацоўніцай у музеі роднай Кінешмы. Аднак сапраўднай яе жарсцю ўсё жыццё заставаўся жывапіс. Пры тым не проста жывапіс, а жывапіс духоўны. Глыбока прапушчаны праз сябе, ён адбівае сапраўдны свет мастачкі, яе думкі, пачуцці, памкненні…

Іншай жарсцю Алены з’яўляецца архітэктура, і перад усім гэта — чароўная драўляная архітэктура рускай поўначы, яе разьбяное аздабленне, непаўторныя формы як “малых форм”, так і велічных гмахаў драўляных храмаў. Усё гэта можна пабачыць — і адчуць! — у яе маляўнічых работах.
Урачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі мела месца 5 сакавіка і прайшло ў даволі прыязнай сяброўскай атмасферы. Пры падтрымцы музейнага клуба “Нашчадкі Лоя” вернісаж і не змог бы стаць чарговым калектыўным праглядам “карцінак з выставы” ці звычайнай лекцыяй. Дырэктарка музея Ксенія СЯМАШКА распавяла пра жыццё і творчасць самавітай мастачкі з далёкай Расіі. А госці музея — актыўна ўключыліся ў мастацтвазнаўчую дыскусію. Пры тым не проста дзяліліся перажытым ад пабачанага. У раптоўна ўзніклай культуралагічнай размове бралі ўдзел бадай усе прысутныя — ад зусім юных школьнікаў да выпадкова “завітаўшых” у музей па сувеніры да свята 8 сакавіка пенсіянерак. Асабліва вылучылася сябра музейнага клуба Таццяна МАСКАЛЕНКА, якая зрабіла грунтоўнае, але разам з тым захапляльнае экскурс-падарожжа ў глыбіні мастацтвазнаўства, расказваючы пра прыгажосць наіўнага мастацтва і пра тое, як цудоўна атрымалася перадаць цуд невымоўнага хараства ў сваіх работах Алене ВОЙНАВАЙ.
Дапоўнены гэтым расказам кінапрагляд стужкі пра жыццё і творчасць мастачкі “Анёлы Алены Войнавай” прынёс аматарам прыгожага асаблівую асалоду. Нягледзячы на працягласць фільма, ніхто пад пакрыццём цемры глядацкай залы не спяшаўся яе пакідаць цішком. Тым больш, што пасля яго заканчэння ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз — майстар-клас па вырабе цацачных анёлкаў ад дырэктаркі музея спадарыні Ксеніі і маляванню ў стылі наіў — разам з кіраўніцай мастацкага гуртка Лоеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццянай МАСКАЛЕНКА.

Выстава плануе працягнуцца амаль два месяцы, але ўжо бліжэйшымі днямі мае прайсці адкрыццё чарговага выставачнага праекта, прысвечанага Міжнароднаму жаночаму дню — лоеўскі Музей бітвы за Днепр гасцінна чакае ўсіх сваіх сяброў на выставу “Жанчына пра…”, прысвечаную жаноцкай нялёгкай долі падчас вайны. Верагодна, там і спаткаемся з лоеўскімі аматарамі прыгожага і заўзятымі даследчыкамі мясцовай гісторыі.