Фонды музея папаўняюцца

"Серп і Молат"
 2 ліпеня 1988 года № 79
 
<<Амаль пяць гадоў назад у дзень святкавання 40–годдзя вызвалення Лоеўшчыны ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў быў адкрыт музей гісторыі бітвы за Днепр. Чырвоную стужку тады перарэзаў былы камандзір 95–га стралковага корпуса Герой Савецкага Саюза І.А. Кузаўкоў.
Стваральнікам музея быў ветэран вайны і працы, былы дырэктар Лоеўскай сярэдняй школы імя М.І. Калініна Іван Рыгоравіч Ермакоў.
У 1985 годзе музей быў ператвораны ў філіял Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Бітва за Днепр”. Напярэдадні святкавання 44–ай гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў карэспандэнт райгазеты наведала музей і папрасіла старшага навуковага супрацоўніка В.В. Анісавец, каб яна расказала аб справах установы.
 
– Вера Васільеўна, раскажыце, калі ласка, якія матэрыялы захоўваюцца ў музеі?
             У музеі ёсць два фонды – асноўны і дапаможны. Да першага адносяцца арыгіналы дакументаў, фотаздымкаў, газеты тых гадоў, асабістыя рэчы, якія належалі ўдзельнікам вызвалення Лоеўшчыны ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў. Да другога – копіі ўсіх дакументаў, кнігі, аўтабіяграфіі, успаміны, мемуары. Па інструкцыі многія арыгіналы захоўваюцца ў Мінску ў Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У нас сабраны матэрыялы аб воінах 65–ай, 61–ай армій, якія вызвалялі Лоеўшчыну ад ворага, і 13–ай арміі, якая у верасні 1943 года фарсіравала Днепр заходней Чарнігава і, пераадолеўшы супраціўленне ворага, вызваліла першыя населеныя пункты Беларусі: Камарын, Бярозу, Кіраў, Лукаеды і Новую Іолчу.
– А чые рэчы з асноўнага фонду ёсць у музеі?
– Гэта плашч–накідка і фуражка камандуючага 65–ай арміі двойчы Героя Савецкага Саюза П.І. Батава, бінокль – начальніка штаба гэтай жа арміі М.М. Горбіна, парадны пояс камандзіра 18–га стралковага корпуса І.І. Іванова, кіцель, кабура, планшэт, шпоры і трубка для курэння – камандуючага 193–яй стралковай дывізіі палкоўніка А.В. Фралянкова, шынель і фуражка сакратара Гомельскага падпольнага абкома ЛКСМБ А.Д. Рудака, шалік – праслаўленага камандзіра партызанскага злучэння Героя Савецкага Саюза С.А. Каўпака і інш.
Ёсць экспанаты – рэчы і нашых слаўных землякоў. Гэта кіцель штурмана далёкаразведвальнай авіяэскадрыллі Героя Савецкага Саюза капітана А.В. Казлова і шлемафон – штурмана авіяэскадрыллі Героя Савецкага Саюза маёра А.П. Карпенкі і інш.
– Вядома, што работнікі музея займаюцца пошукавай работай.
– Гэтая работа вядзецца з дня стварэння музея. У год мы высылаем каля 500 пісьмаў. У асноўным яны ідуць у саветы ветэранаў тых дывізій, якія нас цікавяць. Так, мы звязаліся з 12–ай артылерыйскай дывізіяй. Старшыня савета ветэранаў яе Сямён Акімавіч Штэнер (да слова, ён трымае сувязь з многімі музеямі краіны) даслаў нам спісы ветэранаў, іх адрасы. Мы многім напісалі лісты. Неўзабаве пачалі прыходзіць пісьмы з успамінамі, многія напісалі свае аўтабіяграфіі, расказалі аб сябрах–аднапалчанах, даслалі фотаздымкі, памятныя медалі.
У вызваленні Лоеўшчыны прымала ўдзел 16–ая паветраная армія, якой камандаваў С.І. Рудэнка. Матэрыялаў аб лётчыках амаль не было, вось мы і вырашылі адшукаць герояў тых грозных дзён. Завязалі перапіску. Хутка з’явіліся і першыя дакументы. Прыйшла кніга “Баявы шлях 175–га гвардзейскага штурмавога авіяцыйнага Слуцкага Чырвонасцяжнага ордэна Суворава палка” (1942–1945 г.г.). Гэта зборнік матэрыялаў, складзены па дакументах з фондаў Цэнтральнага архіва міністра абароны СССР. Складальнік – палкоўнік у адстаўцы Н.П. Мацвееў.
– А якімі экспанатамі ў апошні час папоўніўся музей?
– У маі, як вядома, гасцямі лаяўчан былі ветэраны 106–ай Забайкальска–Дняпроўскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені стралковай дывізіі. Яны прывезлі нам альбом аб гісторыі дывізіі, у якім здымкі Герояў Савецкага Саюза, расказ аб баявым шляху дывізіі, шмат схем, карты. Чаканку зрабіў Васіль Сямёнавіч Няхлебаў з Горкага і падарыў музею. На ёй Манумент Славы, музей, прыстань.
Многія ветэраны падарылі свае ўспаміны. Так, У.Я. Нікіфараў пакінуў кнігу “Ад Курскай дугі да Прагі” (успаміны салдата).
Час ад часу папаўняем матэрыялы музея экспанатамі нашых землякоў. Сёлета атрымалі дадатковы матэрыял аб сувязной партызанскай брыгады “За Радзіму” Еўдакіі Трафімаўне Логаш, якая па-зверску была закатавана фашыстамі за сувязь з партызанамі. У музей паступілі старонкі з пашпарта (арыгінал) і фотаздымак партызанкі.
– Зараз лета. Час водпускаў і летніх канікул. Мусіць, работы значна прыбавілася ў музеі?
– Толькі ў сакавіку, у час вясновых канікул школьнікаў было 58 экскурсій. Турысцкія аўтобусы прыязджалі без папярэджанняў. За май праведзена 38 экскурсій, за чэрвень – 45. Едуць у Лоеў з усіх куткоў нашай неабсяжнай Радзімы. З далёкай Якуціі, з Уфы, з Пермі, з Салавата, з Кунгура, са Свярдлоўска і, вядома, з многіх гарадоў і вёсак нашай вобласці. Напярэдадні свята вызвалення Беларусі ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў прыехала група ў саставе 53 чалавек з горада Акцюбінска Казахскай ССР. Сярод гасцей была дачка Героя Савецкага Саюза Рыгора Паўлавіча Мясаедава Мясаедава–Радзімцава. Яна пакінула запіс у кнізе водгукаў музея. З Лоева Ніна Рыгораўна ездзіла ў Крупейкі на магілу бацькі.
Інтэрв’ю правяла А.Паўліўская>>