Надзея — не проста імя. Надзея — сімвал трагедыі, аднаўлення і жыцця...

Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Другой сусветнай вайны.
З успамінаў Пінчука А.Т.
 
 
“12.02.2001 г.
Успаміны 60-гадовай даўніны з вышыні пражытых гадоў”.
Не хацелася б варушыць у памяці цяжкія ўспаміны пра перажытае, пра пакуты народа, бо зараз — над галавой мірнае неба.
Калі пачалася вайна, у чэрвені 1941 г., мне было 15 гадоў. Але засталіся ў памяці тыя трывожныя, цяжкія дні няведання, што будзе заўтра і потым.
Мы, юнакі, выхаваныя ў духу піянерыі, начытаўшыся сваіх куміраў: Міколку Паравоза, гайдараўскіх Цімураў, не маглі змірыцца з тым, што Савецкі Саюз і рэвалюцыйныя заваёвы кастрычніка будуць знішчаныя. Здавалася, настаў драматычны злом у нашым жыцці. Які горка і незваротна спраўджваецца.
У Лоеве спачатку “подыхі” вайны не адчуваліся, толькі людзі збіраліся ў купкі і дзяліліся навінамі, а больш здагадкамі і плёткамі. Калі пачалі з захаду з’яўляцца першыя ўцекачы, то іх атакавалі, атачалі (як цяперашнія карэспандэнты і журналісты). Роспытам не было канца, усіх цікавіла, якія там сякія немцы, якая зброя, якая тэхніка, ці лютуюць, ці забіваюць мірнае насельніцтва. Былі розныя чуткі — і добрыя, і кепскія. Усё вакол было трывожна, у страху і недасведчанасці.
23 чэрвеня 1941 года першы раз бамбілі Лоеў. У горадзе не было ніякіх стратэгічных аб’ектаў, якія маглі зацікавіць немцаў, а прычынай бамбёжкі паслужыла тое, што ў Лоеў прыбыў батальён чырвонаармейцаў. Размясціўся ён у канцы вуліцы Водніцкай (цяпер Царыкава). Гэта былі нейкія тапографы. На адзінай параконцы ў іх ляжалі штатывы, тэадаліты, нівеліры і іншае.
Адразу ж тапографы мабілізавалі працоўнае насельніцтва з піламі і сякерамі, мае бацькі таксама ўдзельнічалі. За некалькі дзён павалілі дубовы лес, у бок Каменкі, пакідаючы метровыя пні. Нібыта для супраціву прасоўвання варожых танкаў. Таксама, пакідаючы пні, знішчылі ўвесь бярозавы лес “падалёс” і пакінулі Лоеў, паспеўшы рэквізаваць у крамах сякія-такія прадукты. Сышлі за Дняпро.
Немцы бамбілі са спазненнем на 2 дні, шпіёны не своечасова перадалі. Бомбы траплялі дакладна ў тое месца, дзе размяшчаўся батальён. Пацярпела насельніцтва, былі забітыя і параненыя. Але людзі не спалохаўшыся пранізлівага выцця і парываў бомбаў, беглі на дапамогу. Беглі і мы, было страшна, але цікава.
Захаваліся ў памяці забітыя, скрываўленыя дзве жанчыны, пакарабачаныя дамы, платы, глыбокія варонкі ад бомбаў. Асабліва запомнілася, як малады мужчына нёс на руках параненую, скрываўленую гадоў васьмі дзяўчынку, параненая рука яе звісала і сыходзіць крывёй.
Мужчына бег адвольна, не ведаў куды, і яго накіравалі ў шпіталь. Ёй зрабілі медыцынская дапамога ў водніцкім шпіталі лекарам Зубоўскім.
Такім было для лаяўцоў першы хрост вайны, а дзяўчынка паправілася, выжыла, перажыла ўсю вайну.
У мірны час яна вывучылася і працавала ў Лоеве. Усё жыццё дзяўчынка Надзя, а будучы доўгія гады дырэктаркай школы — Надзея Трафімаўна Маторная, — ўзгадвала гэтыя першыя дні вайны ў Лоеве”.
 
Пінчук Анатоль Цімафеевіч, 1927 г.н.,
ураджэнец Лоева, ветэран Другой сусветнай вайны
 
Са збору Музея бітвы за Днепр