Фонды пра герояў. Казлоў Аляксей Васільевіч

Аляксей Васільевіч Казлоў — гэтае імя вядомае ўсім на Лоеўшчыне. Чалавек-легенда, “беларускі Марэсьеў”, гонар і слава Лоеўскай зямлі…
У гады вайны бясстрашны лётчык, штурман далёкай выведвальнай авіяэскадрыллі капітан Аляксей Казлоў 248 разоў падымаўся ў неба, збіў 14 самалётаў праціўніка, патапіў нямецкі марскі транспарт, разграміў штаб гітлераўскага егерскага корпуса, бамбіў варожыя парты і склады са зброяй і боепрыпасамі, вёў блізкую і далёкую разведку…
Наш зямляк змагаўся з ворагам у небе Балтыкі, Карэліі, Запаляр’я. Тройчы немцы падбівалі яго самалёт, тройчы лётчык быў цяжка паранены. Але выбіраўся, здавалася б, з безнадзейных сітуацый. Велізарнае жыццялюбства і ўпартасць, сіла духу, стойкасць, моцная жыццёвая загартоўка дапамаглі яму вытрымаць усе выпрабаванні ў гады вайны, у тым ліку і жорсткі ўдар лёсу — страту стоп абедзвюх ног.
У 2010 годзе фонды нашага музея папоўніліся новымі прадметамі-сведчаннямі пра героя. Дачка Аляксея Васільевіча Казлова, Лідзія Аляксееўна Крысіна, перадала музею шмат цікавых матэрыялаў бацькі, якія яна на працягу доўгіх гадоў беражліва захоўвала ў сваёй сям’і. Гэта асабістыя рэчы Аляксея Васільевіча: партсігар, муштук, гаманец, аўтаматычная асадка, канспект падрыхтоўкі да правядзення заняткаў у лётнай вучэльні, дзе наш зямляк працаваў інструктарам пасля таго, як лекары не дазволілі яму больш лётаць. Запісная кніжка ваенных гадоў з пацёртай, выгаралай ад часу вокладкай... У ёй — запісы, разлікі, схемы, табліцы, выразна выкрэсленыя рукой Аляксея Васільевіча траекторыі палётаў... Піянерскі гальштук, падараваны герою школьнікамі ў гонар 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... Тэксты выступаў Аляксея Васільевіча на сходах, мерапрыемствах, якія праводзіліся ў той час у раёне. Чытаючы іх, мы як бы прыадчыняем дзверы ў духоўны свет нашага земляка, спазнаем яго думкі, пачуцці, узбагачаемся яго жыццёвай мудрасцю. Як тастамент нам, нашчадкам, гучаць з далёкіх шасцідзясятых словы, сказаныя А.В. Казловым на ўрачыстым сходзе ў Лоеве, прысвечаным 50-годдзю Савецкіх Узброеных сіл: “Кожны на сваім участку рабі як мага больш і лепш”. Яны не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашы дні.
Усе гэтыя рэчы, прадметы, якімі карыстаўся калісьці Аляксей Васільевіч, усё, што звязанае з імём нашага знакамітага земляка, уяўляе для нас вялікую цікавасць. Гэта цяпер рарытэты, каштоўнасць якіх з часам толькі павялічваецца. Матэрыялы пра героя-земляка Аляксея Васільевіча Казлова занялі годнае месца ў экспазіцыі нашага музея.
 
 
Ветэранка працы, былая галоўная захавальніца фондаў Музея бітвы за Днепр
В. Анісавец